Ва Ўкраіне на два месяцы затрымалі беларуса, прозьвішча якога не называецца, які ў пачатку красавіка 2022 году добраахвотна пайшоў на службу ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны і на момант арышту служыў у Замежным легіёне, што падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленьню выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.
Грамадзяніну Беларусі 37 гадоў, да вайны ён разам з жонкай, грамадзянкай Украіны, і малалетняй дачкой жыў у Кіеве. За ўдзел у баявых дзеяньнях мае ўзнагароду Міністэрства абароны.
Як стала вядома Свабодзе, беларуса абвінавачваюць у грубым парушэньні грамадзкага парадку «з матываў яўнай непавагі да грамадзтва, якое суправаджаецца асаблівай дзёрзкасьцю або выключным цынізмам з выкарыстаньнем агнястрэльнай або халоднай зброі». Гэтае злачынства, прадугледжанае ч. 4 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.
Што адбылося па вэрсіі сьледзтва
Як азначаецца ў матэрыялах справы, яму інкрымінуюць напад на ўласьніка гатэлю «Золоте Руно» ў сяле Стары Любар Жытомірскага раёну Жытомірскай вобласьці, нанясеньне яму цялесных пашкоджаньняў і запалохваньне зброяй.
У падазрэньні, выстаўленым грамадзяніну Беларусі, адзначаецца, што той, рэалізуючы свой «злачынны намер», дзейнічаючы «з асаблівай дзёрзкасьцю», падышоў да ўласьніка гатэлю і беспадстаўна нанёс правай рукой некалькі ўдараў па твары, тулаве і галаве.
Потым, паводле сьледзтва, яны выйшлі разам на вуліцу і беларускі добраахвотнік «працягнуў злачынныя дзеяньні, груба парушаючы элемэнтарныя правілы паводзін у грамадзкім месцы, мараль і прыстойнасьць, з матываў відавочнай непавагі да грамадзтва, паводзіў сябе нахабна і імкнуўся да самавыяўленьня», тры разы стрэліў у паветра з пісталета Glock-17.
Як патлумачыў сытуацыю падазраваны
Грамадзянін Беларусі на пасяджэньні суду заявіў, што канфлікт справакаваў пацярпелы.
На пад’езьдзе да пасёлку Любар у беларускага добраахвотніка зламаўся аўтамабіль. Яго адбуксавалі да гатэлю «Золоте Руно». Там жа ён аплаціў за нумар, але, паколькі пакой быў непрыбраны, папрасіў гатэльнага супрацоўніка перасяліць яго ў іншы. Той не пагадзіўся і выклікаў уласьніка гатэлю. Гаспадар гатэлю паставіўся да яго з пагардай, і беларус яго адштурхнуў, а калі ўжо выйшлі на вуліцу і гаспадар гатэлю пачаў яму пагражаць і нешта шукаць у кішэнях сваёй курткі, то дастаў свой пісталет і тры разы стрэліў у паветра, каб паказаць, што ў яго ёсьць зброя, і такім чынам спыніць эскаляцыю канфлікту.
Свае паводзіны беларус патлумачыў рэакцыяй на абразу і адчуваньне пагрозы з боку гаспадара гатэлю.
Інцыдэнт адбыўся 11 сьнежня 2023 году прыблізна а 21-й гадзіне. Сьледчыя таксама сьцьвярджаюць, што грамадзянін Беларусі знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня.
У пачатку студзеня адвакаты беларуса спрабавалі абскардзіць рашэньне аб затрыманьні на 60 дзён, але суд пакінуў у сіле рашэньне першай судовай інстанцыі.