Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полк «Пагоня» і групу спартоўцаў прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»


Байцы палку «Пагоня», архіўнае фота, 1 жніўня 2022 году.
Байцы палку «Пагоня», архіўнае фота, 1 жніўня 2022 году.

«Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі ў Беларусі аб’яднаньне «Пагоня», вынікае з абноўленага пераліку на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

Мова ідзе пра «групу грамадзян зь ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў», якія ўваходзяць у грамадзкія арганізацыі «Пагоня» і «Беларускі полк „Пагоня“».

На сайце МУС сьцьвярджаецца, што да «фармаваньня» маюць дачыненьне Віталь Гуркоў, Андрэй Краўчанка, Канстанцін Якаўлеў і Сямён Букін.

У пераліку ўзгадваюцца тэлеграм-каналы «Беларускі полк „ПАГОНЯ“», «Грамадзкае аб’яднаньне „ПАГОНЯ“», суполка ў гэтым жа мэсэнджары «Грамадзкае аб’яднаньне „ПАГОНЯ“», а таксама адпаведны тэлеграм-бот.

Пра рэгістрацыю Міністэрствам юстыцыі Ўкраіны грамадзкай арганізацыі «Пагоня» паведамлялася 21 лістапада 2022 году. Адзначалася, што мэта яе стварэньня — «падтрымка беларускага добраахвотніцкага руху ва Ўкраіне, а таксама кансалідацыя беларускай дыяспары для вызваленьня Ўкраіны і Беларусі ад расейскіх акупантаў і злачыннай дыктатуры Лукашэнкі».

Указвалася, што заснавальнікамі аб’яднаньня выступілі беларусы, якія пастаянна жывуць ва Ўкраіне, а таксама байцы беларускага палку «Пагоня». Дырэктарам аб’яднаньня быў прызначаны беларускі спартовец, шматразовы чэмпіён сьвету па тайскім боксе і кікбоксінгу Віталь Гуркоў, які ўваходзіў таксама ў склад Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў Беларусі, якое дзейнічала за мяжой.

Андрэй Краўчанка — лёгкаатлет, срэбраны прызэр Алімпійскіх гульняў 2008 году ў дзесяціборстве. Канстанцін Якаўлеў — былы галоўны трэнэр гандбольнага клюбу «Віцязь-Леон», Сямён Букін — экс-начальнік зборнай Беларусі па спартовай гімнастыцы.

  • Пра стварэньне палку «Пагоня» ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёну Ўзброеных сіл Украіны (УСУ) было абвешчана 30 сакавіка 2022 году. Сузаснавальнікамі фармаваньня называліся былы менскі рэстаратар, грамадзкі дзяяч Вадзім Пракоп’еў і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валеры Сахашчык (сышоў у адстаўку 1 жніўня сёлета).
  • У чэрвені 2022 году паведамлялася, што першая група добраахвотнікаў палку падпісала кантракты зь Сіламі спэцыяльных апэрацый УСУ. У тым жа месяцы адзначалася, што байцоў «Пагоні» трэніруе амэрыканец Мэт'ю Паркер, адзін з інструктараў Інтэрнацыянальнага легіёну.
  • У верасьні 2022 году стала вядома, што Пракоп’еў пакінуў полк, у якім займаў пасаду памочніка камандзіра.
  • 10 ліпеня 2023 году Радыё Свабода паведаміла, што полк «Пагоня» «фактычна спыніў існаваньне».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG