У Берасьцейскай вобласьці, недалёка ад мяжы з Украінай, праходзяць інструктарска-мэтадычныя заняткі «Столін-2024» для папярэджаньня «дзейнасьці незаконных узброеных фармаваньняў».
Як паведамляецца ў Telegram-канале Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, заняткі адбываюцца пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова ва ўзаемадзеяньні зь мясцовымі органамі ўлады.
Жыхароў Століна папярэдзілі, што ў часе заняткаў — з 7:00 да 16:00 — будуць адбывацца выбухі піратэхнікі і перамяшчэньне спэцыяльнай тэхнікі. Апроч таго, спыняць рух на васьмі вуліцах раённага цэнтру — Дзяржынскага, Чырвонаармейскай, Інтэрнацыянальнай, Савецкай, Горкага, Чкалава, Карла Маркса і Церашковай.
Мясцовых жыхароў заклікалі «з разуменьнем ставіцца да часовых нязручнасьцяў».
Улады Беларусі цягам усёй ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны пэрыядычна заяўляюць аб правакацыях, якія нібыта плянуюць з украінскай, польскай ці літоўскай тэрыторыі.
Сёлета ў чэрвені ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі заявілі, што ў Жытомірскай вобласьці ў зоне адказнасьці ўкраінскіх памежнікаў падразьдзелы Расейскага добраахвотніцкага корпусу праводзяць выведку, у тым ліку «з выхадам да дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».
Адразу пасьля гэтага ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што на баявое дзяжурства на мяжы вывелі сыстэму «Палянэз» з поўным боекамплектам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна Беларусі не пагражае, мы вымушаныя абараняцца», — украінская памежная служба адказала беларускай10 жніўня Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Узброеныя сілы Ўкраіны ў нібыта парушэньні паветранай прасторы Беларусі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускія войскі зьбілі некалькі цэляў. Неўзабаве пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў, што на ўказанане Лукашэнкі ўзмацняецца групоўка войскаў «на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках з мэтай рэагаваньня на любыя магчымыя правакацыі».
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.