Антыгерой і ягоны цень. Што робіць Лукашэнку падобным да графа Мураўёва

Міхаіл Мураўёў

Ва ўласна беларускай традыцыі галоўным нацыянальным героем прынята называць Кастуся Каліноўскага — першага беларускага палітыка новага часу, аўтара канцэпцыі мадэрнай беларускай нацыі.

Адпаведна, галоўным антыбеларускім антыгероем стаў забойца героя маскоўскі граф Міхаіл Мураўёў, яшчэ пры жыцьці празваны за свае ўчынкі людажэрам і вешальнікам. Ён прыгадаўся сёньня, 10 верасьня, у дзень ягонае сьмерці.

Сьцісла:

  • У біяграфіях і мэтах дзейнасьці Міхаіла Мураўёва і Аляксандра Лукашэнкі шмат нечаканых супадзеньняў.
  • Існуе думка, што Мураўёў змагаўся ў Беларусі з палякамі і каталіцызмам. Насамрэч, гледзячы на вынікі дзейнасьці, ягонай задачай было даказаць, што беларусаў як асобнай нацыі не існуе.
  • Лукашэнка ў сваёй антыбеларускай палітыцы паўтарае крокі Мураўёва, але, як і граф-вешальнік, не дасягае незваротных вынікаў.

Сустрэча прадзеда з праўнукам

Успамінаюцца даўнія развагі Лукашэнкі пра сваё месца ў гісторыі. Маўляў, да Леніна і Сталіна яму яшчэ «тупаць і тупаць». Да каго ён «датупаў», дык гэта да Мураўёва — дужа шмат агульнага ў дзейнасьці абодвух палітыкаў. А яшчэ сёлета Лукашэнку споўнілася 70. Мураўёў да 70 не дацягнуў усяго месяц. І «кіравалі» яны ў Беларусі агулам па тры дзясяткі гадоў. Падводжу гэтую рысу, бо нічога радыкальна новага ў адносінах першага прэзыдэнта да беларускай нацыі чакаць ужо не даводзіцца.

Плянамерна і жорстка яны рабілі ўсё, каб ніякай Беларусі не было. Застануцца ў гісторыі масавымі рэпрэсіямі, палітычным перасьледам, палітвязьнямі, катаваньнямі і забойствамі. А яшчэ — марнасьцю сваёй дзейнасьці на будучыню.

Аляксандар Лукашэнка

Яны быццам сустрэліся ў гэтым пункце — 70 гадоў. Нават вонкава сталі падобнымі: азызлыя, дачасна састарэлыя, апранутыя ва ўсё вайсковае, з аксэльбантамі, адзначаныя імпэрскай уладай адным і тым жа ордэнам Сьвятога апостала Андрэя Першазваннага. Не раўнуючы прадзед і праўнук, дарма што адзін з маскоўскіх дваран, а другі са шклоўскіх калгасьнікаў.

Вось сустрэліся і прыгадалі свае «подзьвігі». Вешальнік моцна зьдзівіўся, што Каліноўскі, якога ён павесіў, перажыў яго ў песьнях, раманах, опэрах і фільмах, у назвах вуліц ды партызанскіх атрадаў Другой усясьветнай. «Як так?» — паўшчуваў ён праўнука. А той пачаў у звыклай для сябе манеры выкручвацца: ды душылі мы ягоны жывы вобраз, як маглі, але дадушыць ніяк не выходзіць.

Аказваецца, мала павесіць. Нават наадварот — павесілі, тым і зрабілі яго неўміручым героем. Бо зьнішчыць вобраз таго, хто, па сутнасьці, заявіў пра палітычнае існаваньне беларускай нацыі, ня так проста, калі сама гэтая нацыя адбылася і выжыла. Ён быццам і праўда жывы і працягвае дзейнічаць, бо на месца пераробленых на расейцаў беларусаў прыходзяць новыя пакаленьні і даводзіцца іх зноў і зноў перарабляць на расейцаў. Ізноў праз турмы, катаваньні, забойствы, выгнаньне з краіны. На што продак зазначыў: а што рабіць? Трэба мяцежнікаў «усмирять».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Збліжэньне з Масквой». Чаму ў дзесяціклясьнікаў забіраюць гісторыю Беларусі

Маніпуляцыі ХІХ і наступных стагодзьдзяў

Ідэя сучаснай беларускай нацыі, як і іншых нацыяў навокал, нарадзілася ў пачатку ХІХ стагодзьдзя ў асяродзьдзі ўніяцкай прафэсуры Віленскага ўнівэрсытэту і пачала імкліва авалодваць розумамі тутэйшага студэнцтва. Зьявіліся прафэсійная літаратура на беларускай мове, культ беларускай песьні і фальклёру ў цэлым, першыя беларускія арганізацыі. Урэшце Каліноўскі ў сваёй газэце абмаляваў беларускую ідэнтычнасьць і патрэбу ўласнай тоеснасьці, рэлігіі продкаў (уніяцтва), што ўвогуле немагчыма ва ўмовах расейскага панаваньня.

І вось сутнасьць маніпуляцыі, якая праводзілася Мураўёвым: ніякіх беларусаў і беларускай мовы, адукацыі, рэлігіі быць не павінна. Мова і адукацыя — толькі расейскія, рэлігія — толькі праваслаўе маскоўскага ўзору, шляхта (эліта) падлягае максымальнаму маёмаснаму і маральнаму прыніжэньню. Пры тым лічыцца, што нацэлены Мураўёў быў супраць палякаў, «польскае» шляхты і каталіцызму. А адбывалася ўсё гэта на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы.

Міхаіл Мураўёў на малюнку

Зразумела, што ні Польшчу зь яе мовай, ні Касьцёл зьнішчыць або адмовіць ён ня мог, мог толькі пагасіць асяродкі незадаволенасьці палякаў русыфікацыяй і расейскім панаваньнем, што і рабіў з дапамогай войска. Таму асноўны зьнішчальны ўдар прыпаў па ўніяцкай царкве, самай масавай у Беларусі і сваёй, бо тут яна была створаная і засвоеная: якраз Каліноўскі называў яе верай продкаў. Уніяцтва мусіла стаць галоўнай адметнай рэлігіяй сучаснай беларускай нацыі. Таму тут Мураўёў дзейнічаў татальна: скасаваў унію, храмы перарабляліся на маскоўскі ўзор, службы вяліся па-расейску, уся літаратура была завезеная з Масковіі. Дзе і пры чым тут палякі?

Другі ўдар быў нанесены па Віленскім унівэрсытэце як асяродку вальнадумства. Яго папросту закрылі, і далей тутэйшая моладзь мусіла вучыцца ў расейскіх унівэрсытэтах. Дзе і пры чым тут палякі?

Нарэшце, Мураўёў забараніў дзейнасьць у Беларусі і Літве знакамітага Статуту ВКЛ 1588 году — шэдэўра беларускай юрыдычнай думкі, створанага на беларускай мове пад кіраўніцтвам вялікага канцлера Льва Сапегі. Замест Статуту было ўведзенае нашмат больш непасьлядоўнае расейскае заканадаўства. Дзе і пры чым тут палякі?

Словам, усё, што было створана продкамі беларусаў за вякі, усё, чым магла б ганарыцца мадэрная беларуская нацыя, было зьнішчанае пад корань пад знакамі барацьбы з «польскім уплывам» і «вяртаньня ў расейскае ўлоньне», дзе беларусаў да прыходу маскоўскіх парадкаў ніколі ў гісторыі нібыта і не было.

Помнік Кастусю Каліноўскаму і паўстанцам 1863 году ў Вільні

Каліноўскі рашуча аддзяліў Беларусь і Літву ад Польшчы, аб’яднаўшы тутэйшую беларускую шляхту на барацьбу за незалежнасьць. Ягонае паўстаньне завяршылася тактычнай паразай, але навюткі паравоз абноўленай беларускай нацыі было ўжо не спыніць. Дзе і пры чым тут палякі?

Імпульс быў настолькі магутны, што ўжо ў часе перапісу насельніцтва 1897 году беларусамі з роднай беларускай мовай назваліся каля 6 мільёнаў чалавек. Антон Луцкевіч лічыў гэтую лічбу моцна заніжанай. А значыць, уся напружаная дзейнасьць Мураўёва ня мела таго выніку, на які была скіраваная. Беларуская нацыя сама заявіла пра сябе. Мяркую, што і дзейнасьць Лукашэнкі, таксама скіраваная супраць усяго беларускага, будзе мець той самы вынік, хоць даверу да цяперашняй сацыялёгіі яшчэ менш, чым да колішняй царскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапагандыстка Сіманьян заклікала браць прыклад з Мураўёва-вешальніка і караць сьмерцю праціўнікаў Пуціна

Гісторыя Шумскага

Віленскі маршалак Станіслаў Шумскі сутыкнуўся з Мураўёвым яшчэ ў часе паўстаньня 1831 году, калі трапіў пад падазрэньне тагачаснага генэрал-губэрнатара, быў схоплены ўначы і разам з таварышамі адпраўлены ў Менск.

«Кожнага з нас пасадзілі ў асобную кібітку, далі кожнаму па жандару і дваццаць пяць чаркесаў у эскорце і адправілі нас поштай да Менску, мяняючы на кожнай станцыі чаркескі канвой.

У Менску перад домам камэнданта нас дзьве гадзіны трымалі на сьпёцы ў зашнураваных кібітках, каб ніхто нас ня бачыў, а праз тыя дзьве гадзіны нехта прыехаў і крыкнуў: „Узяць да вязьніцы“. Там нас, увесь час кожнага паасобку, зьмясьцілі ў асобныя камэры і так трымалі тры дні. Пасьля чаго завезьлі на допыт да губэрнатара Дрэбуша, у якога ўжо знаходзіўся вялікі інквізытар Мураўёў, апошні нягоднік, які сам за палітычныя справы 14 сьнежня 1825 году сядзеў у вязьніцы, раскаяўся, атрымаў пардон і потым мучыў іншых».

Помнік Міхаілу Мураўёву ў Калінінградзе насупраць Генэральнага консульства Літвы

Шумскі называе Мураўёва апошнім нягоднікам. І гэта толькі 1831 год, а ён ужо «вялікі інквізытар». Мураўёву тут толькі 35 гадоў. Пройдзе яшчэ амаль столькі ж, і ў якасьці віленскага генэрал-губэрнатара ён аддасьць загад на павешаньне Кастуся Каліноўскага. На гэты ж момант Каліноўскі яшчэ не нарадзіўся, ён прыйдзе на сьвет празь сем гадоў, а Мураўёў ужо апошні нягоднік, які ці ня з допыту Шумскага пачынае сваю інквізытарскую кар’еру ў нашым краі.

«Папраўдзе, я нядоўга быў на тым допыце, бо няшмат было пытаньняў. Пыталіся, ці ведаю я Аляксандра Лапацінскага. Я не адмаўляў нашага знаёмства. „А навошта ён прыяжджаў у Вільню?“ — „Я ня ведаю“. — „Але ж ён у вас бываў“. — „Бываў як даўні знаёмы“. Хоць, праўду кажучы, ён прыяжджаў да нашага камітэту для расповеду пра дзісенскае паўстаньне, і гэта ўсё адзін маладзён, Багуцкі, які ведаў пра тыя дачыненьні, ад слабасьці характару, не ад злога сэрца, прагаварыўся.

„Як жа ты ня хочаш прызнацца, што ён прыяжджаў да цябе расказаць пра дзісенскае паўстаньне, калі вось ягоныя паказаньні (паказвае мне пачак папераў)“. — „Гэта найвялікшая хлусьня, — сказаў я, — няхай ён мне гэта ў вочы скажа“. Notabene, я ня ведаў, што Мураўёў ня мае яго ў руках і што пытаўся ён, абапіраючыся толькі на аповеды Багуцкага. „Усё, што ты сказаў, ты падпішаш, аддаючы сябе суровасьці законк, калі гэта акажацца хлусьнёй“. — „Падпішу, бо маю чыстае сумленьне“. (Паводле ваеннага становішча закон быў такі, што калі падпісаныя паказаньні аказваліся потым непраўдзівымі, падпісант сам на сябе выдаваў прысуд на расстрэл, ужо безь ніякага далейшага суду.)»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насупраць генэральнага консульства Літвы ў расейскім Калінінградзе паставілі помнік Мураўёву-«вешальніку»

Хто пачаў русыфікацыю

Трэба сказаць, што не Мураўёў пачаў антыбеларускую палітыку. Губэрнатары ў нашым краі мяняліся часта. Але Мураўёў адразу і цалкам уключыўся ў гэтую палітыку, быўшы яшчэ на ніжэйшых пасадах.

«Хутка пасьля нашага вяртаньня ў Вільню Храпавіцкі быў зьняты з пасады, а на ягонае месца быў прызначаны генэрал Даўгарукі, тлусты здор, які піў і жор. Былі ў яго часам і свае добрыя бакі, аднак шмат злога ён зрабіў для Літвы. Бо ён першы паводле царскай задумы нас дэкаталізаваў, дэпалянізаваў, дэмаралізаваў і руйнаваў, быў ахвочы да раскошы і нашых кабет баламуціў, змушаў грамадзян хадзіць у царкву на афіцыйныя набажэнствы і ўсё больш уводзіў тую барбарскую мову».

Не магу не зьвярнуць увагі на гэты факт і не адзначыць Даўгарукага як пачынальніка мэтанакіраванай русыфікацыі і праваславізацыі. Звычайна ролю піянэра ў гэтай справе прыпісваюць якраз Мураўёву, але варта зьвярнуць увагу і на гэтага пэрсанажа, які ў пераважна ўніяцкай краіне наварочваў народ у расейскае праваслаўе і расейскую мову. Між іншым, у Расеі ён лічыцца героем і важным дзяржаўным дзеячом, пра яго напісаныя кнігі. Тады як амаль пра ўсіх тутэйшых пэрсанажаў, сваіх герояў і дзяржаўнікаў многія беларусы ніколі нават і ня чулі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад рэпрэсій да амністый. Калі дэспатычныя рэжымы перастаюць помсьціць пераможаным ворагам

Антыгерой і ягоны цень

Мураўёў памёр у 1866 годзе. З тых часоў на ролю ягоных ценяў прэтэндавалі многія, якія так ці інакш адмаўлялі беларусам у ролі асобнай нацыі і называлі іх «тоже русскими» нават «са знакам якасьці», а пры тым не народам, а «народцем». Як вы ўжо зразумелі, найбольш адпаведным ценем графа-вешальніка аказаўся Лукашэнка. Сёньняшняе разбурэньне беларускай нацыі і краіны стала магчымым дзякуючы ягонаму доўгаму сядзеньню на прэзыдэнцкай пасадзе і цалкам мураўёўскаму сьветапогляду.

Фразу Лукашэнкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў пра стаўку на КДБ па ўсёй «вэртыкалі» цалкам мог сказаць (а можа, і казаў) і Мураўёў, прынамсі, на справе ён менавіта гэтым і займаўся (хоць карныя органы тады называліся, зразумела, інакш).

Дасьледнікі падлічылі, што за гады праўленьня Мураўёва ўсяго было закатавана 128 ягоных палітычных апанэнтаў, яшчэ ад 8 да 12,5 тысячы было адпраўлена ў ссылку, арыштанцкія роты ці на катаргу. І ў гэтых лічбах дзейнасьць праўнука сувымерная «дасягненьням» прадзеда.

Як ні круці, усё зробленае імі — суцэльны рэгрэс. Пасьля Мураўёва спатрэбіліся тытанічныя высілкі новых беларускіх герояў, каб аднавіць імя нашай краіны і нацыі, нашай культуры і мовы сярод іншых, прынамсі суседзяў. Але на новым вітку мураўёўшчына з новай сілай узялася за сваё ў абліччы Лукашэнкі — і зноў рэгрэс: страта насельніцтва, прымітывізм мысьленьня і той самы «русский мир», які на справе заўсёды прыходзіў як вайна.

На сьмерць Мураўёва расейскі пісьменьнік Аляксандар Герцэн адгукнуўся фразай: «Задыхнуўся і адваліўся ад грудзей Расеі вампір».

У 1898 годзе Мураўёву ў Вільні паставілі помнік, які пры першай магчымасьці, калі расейцы пакінулі горад у 1915 годзе, зрынулі. Ёсьць цэлая паэма Зьмітрака Бядулі, дзе апісваюцца злыбеды гэтай статуі, якія яна цярпела ад мясцовых людзей. Давялося на круглыя суткі выставіць каля помніка гарадавога. Ня так даўно ў Менску паставілі падобны помнік гарадавому, якому таксама даводзіцца цярпець ад мясцовых жыхароў і каля якога таксама дзяжурыць-ахоўвае жывы гарадавы. Няма сумневу, што і гэты помнік пры першай магчымасьці і адыходзе прарасейскага рэжыму таксама пакіне горад. Сьпіраль гісторыі няўмольная і неадменная.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэст? Паўстаньне? Рэвалюцыя? Што адбылося ў 2020-м?