Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапагандыстка Сіманьян заклікала браць прыклад з Мураўёва-вешальніка і караць сьмерцю праціўнікаў Пуціна


Кастусь Каліноўскі і Міхаіл Мураўёў, ілюстрацыйнае фота
Кастусь Каліноўскі і Міхаіл Мураўёў, ілюстрацыйнае фота

Расейская прапагандыстка, галоўная рэдактарка пракрамлёўскага тэлеканалу Russia Today Маргарыта Сіманьян у этэры ток-шоў Уладзіміра Салаўёва заклікала вешаць праціўнікаў Уладзіміра Пуціна.

Падчас этэру Сіманьян вярнулася да пытаньня змаганьня з праціўнікамі палітыкі Пуціна за мяжой і ўнутры краіны. У сувязі з гэтым прапагандыстка ўзгадала віленскага генэрал-губэрнатара графа Міхаіла Мураўёва, які атрымаў мянушку «вешальнік», і нагадала пра пакараньне сьмерцю лідэраў паўстаньня 1863–1864 гадоў. На думку прапагандысткі, з расейскай апазыцыяй унутры краіны варта змагацца такімі ж мэтадамі.

«Быў у нашай гісторыі такі граф Мураўёў, вешальнік усім вядомы. Ён быў сваяк павешанага дзекабрыста — іншага Мураўёва. І калі яму на гэта наракалі, ён казаў: „Я ня з тых Мураўёвых, якіх вешалі. Я з тых Мураўёвых, якія вешаюць самі“. (...) І я што хачу сказаць, вось такія вешальнікі нам патрэбныя», — заявіла Сіманьян.

Міхаіл Мураўёў вядомы русыфікацыяй заходніх абласьцей Расейскай імпэрыі, акупаваных расейскім войскам пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст., і «ўціхамірваньнем» польска-літоўскіх паўстаньняў — спачатку на пасадзе віцэ-губэрнатара Віцебскай губэрні, а затым губэрнатара Магілёўскай.

Мураўёў душыў польскае паўстаньне 1831 году, аднак найбольшую вядомасьць ён атрымаў як горадзенскі, менскі і віленскі генэрал-губэрнатар у 1863–1865 гадах, калі займаўся здушэньнем і ліквідацыяй наступстваў паўстаньня супраць расейскага панаваньня ў так званым Паўночна-Заходнім краі Расейскай імпэрыі.

Пры здушэньні пратэстаў ён шырока практыкаваў публічныя пакараньні сьмерцю, у выніку чаго атрымаў мянушку «вешальнік». У гады, калі Паўночна-Заходнім краем кіраваў Мураўёў, сьмерцю былі пакараныя 128 чалавек, больш за восем тысяч — адпраўленыя ў ссылку. Тэрыторыя Калінінградзкай вобласьці, якая мяжуе зь Літвой і Польшчай, у 1863 годзе належала Прусіі.

Кіраўніка вызвольнага паўстаньня 1863 году на Беларусі Кастуся Каліноўскага павесілі менавіта на загад Мураўёва-вешальніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG