З моманту захопу ўлады ў 2021 годзе талібы спрабавалі кантраляваць публічныя выхады і паводзіны мільёнаў афганцаў, асабліва жанчын, піша «Радыё Азадзі», афганская служба Свабоды.
Але тады выкананьне правілаў маралі экстрэмісцкай групоўкі, уключна са строгім ісламскім адзеньнем і гендэрнай сэгрэгацыяй, было спарадычным і нераўнамерным па ўсёй краіне.
Цяпер ісламісты ўвялі працяглы набор жорсткіх абмежаваньняў, што выклікала страх афганцаў.
«Закон аб прапагандзе дабрадзейнасьці і папярэджаньні заганаў», афіцыйна ўведзены ў дзеяньне і апублікаваны 21 жніўня, уводзіць жорсткія абмежаваньні на вонкавы выгляд, паводзіны і перамяшчэньне жанчын. Закон таксама прадугледжвае абмежаваньні для мужчын.
Адэля (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — заўв. Радыё Азадзі), жанчына сярэдняга ўзросту, зьяўляецца адзінай карміцелькай сваёй сям'і з 10 чалавек. Яна занепакоеная тым, што новы закон аб маралі паменшыць тыя нешматлікія правы, якія жанчыны ўсё яшчэ маюць.
Талібы дазволілі некаторым жанчынам, у першую чаргу ў сэктарах аховы здароўя і адукацыі, працаваць па-за домам. Але Адэля баіцца, што ўсе іншыя ня здолеюць хадзіць на працу.
Дылавар, жыхар Кабулу, сталіцы краіны, папярэдзіў аб нэгатыўнай рэакцыі грамадзкасьці, калі талібы ўзмоцняць выкананьне сваіх абмежаваньняў. 26-гадовы мужчына сказаў журналістам, што моладзь у краіне і без таго пакутуе ад беспрацоўя, патрабаваньні талібаў толькі пагоршаць становішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы ў Афганістане ўхвалілі «закон аб маралі», які яшчэ больш абмяжоўвае свабоду жанчынАгулам у новым законе 35 пунктаў, сярод якіх забарона жанчынам павышаць голас і публічна сьпяваць, яны павінны цалкам пакрываць сваё цела адзеньнем. Незнаёмым мужчынам і жанчынам нельга глядзець адно на аднаго на публіцы.
Мужчыны таксама павінны апранацца сьціпла, нават калі займаюцца спортам. Ім забаронена галіцца і стрыгчы бароды. Яны мусяць наведваць малітвы, а таксама пасьціцца падчас сьвятога ісламскага месяца Рамадан.
«Сяброўства і дапамога няверным і імітацыя іх вонкавага выгляду» забароненыя. Такім чынам, талібы забараняюць афганскім мужчынам нават сябраваць зь немусульманамі і дапамагаць ім. Афганцам забаронена «выкарыстоўваць або прасоўваць» крыж, гальштук і іншыя сымбалі, якія талібы лічаць «заходнімі».
Дашлюбны сэкс і гомасэксуальныя стасункі забароненыя. Расьпіцьцё алькаголю, ужываньне забароненых наркотыкаў і азартныя гульні лічацца цяжкімі злачынствамі.
Ігра на музычных інструмэнтах і публічнае праслухоўваньне музыкі, як і адзначэньне немусульманскіх сьвятаў, строга забароненыя.
Сачыць за выкананьнем усіх пунктаў новага закону аб «маралі» будзе адмысловая «паліцыя маралі», у якой, паводле некаторых ацэнак, налічваецца каля 7 тысяч супрацоўнікаў. Такая паліцыя можа без суду затрымліваць правапарушальнікаў на тэрмін да трох дзён і выносіць пакараньне, якое «лічыць патрэбным». Летась за розныя парушэньне законаў «маралі», уведзеных талібамі, у Афганістане затрымалі звыш 13 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы затрымалі 18 чалавек па абвінавачаньні ў прапаведаваньні хрысьціянстваПалітоляг Абайдула Бахір з Амэрыканскага ўнівэрсытэту Афганістану назваў закон вельмі «расплывістым», што можа дазваляць талібам тлумачыць яго як заўгодна і затрымліваць каго заўгодна.
З гэтым поглядам згодная кіраўніца Дапаможнай місіі ААН у пытаньнях Афганістану Роза Атунбаева, яна лічыць, што закон вельмі пашырае паўнамоцтвы «паліцыі маралі» і дазваляе талібам затрымаць на падставе закону яшчэ больш людзей.
Раней Місія ААН заявіла, што вывучае новы закон, яго наступствы для афганцаў і патэнцыйны ўплыў на дзейнасьць ААН і іншую гуманітарную дапамогу. Уведзеныя Талібанам абмежаваньні забараняюць жанчынам шукаць працу ў агенцтвах ААН і гуманітарных арганізацыях. Яна заклікала ўлады Афганістану «ў самыя кароткія тэрміны адмовіцца ад палітыкі і практыкі», якія абмяжоўваюць «ажыцьцяўленьне жанчынамі і дзяўчатамі сваіх правоў і фундамэнтальных свабод».
Талібан ігнаруе любыя заклікі і парады. Ісламісты гавораць, што закон дазваляе выконваць нормы і правілы, прапісаныя ў рэлігіі.
Талібы маюць шчыльныя сувязі з Крамлём. Іх прадстаўнікі пасьля прыходу да ўлады ў Афганістане неаднаразова прыляталі на перамовы ў Маскву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: у Афганістане пасьля прыходу да ўлады талібаў самы хуткі ў сьвеце рост вытворчасьці мэтамфэтаміну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране стварылі новую службу кантролю за нашэньнем хіджабу