Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талібы затрымалі 18 чалавек па абвінавачаньні ў прапаведаваньні хрысьціянства


На вуліцах Кабуду, 12 верасьня 2023 году
На вуліцах Кабуду, 12 верасьня 2023 году

У Афганістане талібы затрымалі 18 супрацоўнікаў некамэрцыйнай арганізацыі нібыта за прапаведаваньне хрысьціянства.

Міжнародная місія дапамогі (IAM), якая базуецца ў Афганістане, пацьвердзіла ў пятніцу, што ўлады двойчы рабілі рэйд у яе офісе ў цэнтральнай правінцыі Гор у гэтым месяцы і забіралі супрацоўнікаў. Дабрачынная арганізацыя, зарэгістраваная ў Швайцарыі, паведаміла, што сярод затрыманых быў адзін іншаземец, але не раскрыла нацыянальнасьць гэтага чалавека, піша Голас Амэрыкі.

«Нам невядомыя абставіны, якія прывялі да гэтых інцыдэнтаў, і мы не атрымалі інфармацыі аб прычынах затрыманьня нашых супрацоўнікаў», — гаворыцца ў заяве IAM.

«Дабрабыт і бясьпека нашых калегаў маюць для нас першараднае значэньне, і мы робім усё магчымае, каб забясьпечыць іх бясьпеку і хуткае вызваленьне», — гаворыцца ў паведамленьні.

У арганізацыі дадалі, што затрыманых перавялі ў сталіцу — Кабул.

Мясцовыя СМІ цытуюць прэс-сакратара ўраду правінцыі Абдулу Вахіда Хамаса, які паведаміў, што сярод затрыманых некалькі жанчын, у тым ліку амэрыканка. Яны былі ўзятыя пад варту па абвінавачваньні ў «прапагандзе і прапаведаваньні хрысьціянства».

IAM паведамляе на сваім сайце, што некамэрцыйная група працуе ў Афганістане ў мэтах паляпшэньня жыцьця і ўмацаваньня мясцовай сыстэмы аховы здароўя, разьвіцьця грамадзтва і адукацыі.

«Мы партнэрства паміж народам Афганістану і міжнароднымі хрысьціянскімі валянтэрамі, і мы працуем разам з 1966 году».

Талібы навязалі сваю інтэрпрэтацыю шарыяту пасьля таго, як два гады таму захапілі ўладу ў краіне, забраўшы яе ва ўрада, які падтрымліваўся ЗША. Яны забаранілі дзяўчынкам-падлеткам наведваць школы пасьля шостай клясы па ўсёй краіне і загадалі большасьці дзяржаўных службоўцаў заставацца дома. Талібы таксама забаранілі жанчынам працаваць у арганізацыях па аказаньні дапамогі. Жанчынам забаронена наведваць грамадзкія паркі, спартовыя залі і лазьні, а ў працяглых паездках іх павінен суправаджаць блізкі сваяк мужчынскага полу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG