Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талібы ў Афганістане ўхвалілі «закон аб маралі», які яшчэ больш абмяжоўвае свабоду жанчын


Жанчыны ў Кабуле ў чарзе па гуманітарную дапамогу. 2023
Жанчыны ў Кабуле ў чарзе па гуманітарную дапамогу. 2023

У ААН заявілі, што закон узмацняе «і без таго невыносныя абмежаваньні» правоў афганскіх жанчын і дзяўчат.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый выказала заклапочанасьць у сувязі з прыняцьцем кіроўным у Афганістане рухам Талібан закону «Аб маралі», які накладае сур’ёзныя абмежаваньні на асабістую свабоду жанчын, паведамляе «Голас Амэрыкі». Згодна з законам, жанчыны павінны захоўваць маўчаньне на публіцы і закрываць твар.

«Гэта трывожнае бачаньне будучыні, дзе інспэкцыя нораваў можа пагражаць і затрымліваць любога на падставе шырокіх і часам расплывістых сьпісаў парушэньняў», — заявіла кіраўніца Місіі ААН у садзейнічаньні Афганістану Роза Атунбаева.

Раней Талібан абвясьціў аб ратыфікацыі закону «Аб заахвочваньні дабрадзейнасьці і перадухіленьні распусты». Гэты закон забараняе жанчынам сьпяваць, чытаць вершы і патрабуе, каб яны заўсёды закрывалі твар і цела.

«Ён пашырае і без таго невыносныя абмежаваньні правоў афганскіх жанчын і дзяўчат, калі нават гук жаночага голасу за межамі дома, мяркуючы па ўсім, лічыцца парушэньнем маралі», — гаворыцца ў заяве Атунбаевай, распаўсюджанай яе офісам у Кабуле.

Раней Талібан забараніў афганскім дзяўчатам працягваць адукацыю пасьля шостай клясы і наклаў сур’ёзныя абмежаваньні на магчымасьці жанчын працаваць у большасьці прафэсій і браць удзел у грамадзкім жыцьці.

Парушальнікам закону спачатку пагражае папярэджаньне, пасьля чаго іх могуць зьняволіць у турму на тэрмін ад адной гадзіны да трох дзён. Акрамя таго, іх маёмасьць можа быць канфіскаваная.

«Пасьля дзесяцігодзьдзяў вайны і ў разгар жудаснага гуманітарнага крызісу афганскі народ заслугоўвае значна большага, чым пагрозы або зьняволеньне за спазьненьне на малітву, позірк на прадстаўніка супрацьлеглага полу, які не зьяўляецца членам сям’і, або фатаздымак каханага чалавека», — сказала Атунбаева.

Паводле яе, вонкавы сьвет хоча, каб Афганістан імкнуўся да міру і росквіту, каб усе яго грамадзяне былі зацікаўленыя ў сваёй будучыні, а ня проста падпарадкоўваліся дысцыпліне.

«Далейшае абмежаваньне правоў афганскага народу і яго ўтрыманьне ў пастаянным страху яшчэ больш абцяжарыць дасягненьне гэтай мэты», — сказала Атунбаева.

Місія ААН заявіла, што яна вывучае новы закон, яго наступствы для афганцаў і патэнцыйны ўплыў на дзейнасьць ААН і іншую гуманітарную дапамогу. Уведзеныя Талібанам абмежаваньні забараняюць жанчынам шукаць працу ў агенцтвах ААН і гуманітарных арганізацыях.

Місія ААН заклікала ўлады Афганістану «ў самыя кароткія тэрміны адмовіцца ад палітыкі і практыкі», якія абмяжоўваюць «ажыцьцяўленьне жанчынамі і дзяўчатамі сваіх правоў і фундамэнтальных свабод».

Талібан пакуль не адказаў на крытыку.

Кіраўнік Міністэрства заахвочваньня дабрадзейнасьці і ўстрыманьня ад распусты абвясьціў, што захаваньне шарыяту і правілаў нашэньня хіджабу афганскімі жанчынамі — гэта «чырвоная лінія».

Махамад Халед Ханафі, выступаючы на сходзе багасловаў, заклікаў даць рашучы адпор «крытыцы і прапагандзе заходніх краін», якія выступаюць супраць укараненьня шарыяту ў Афганістане.

Закон аб маралі выклікаў заклапочанасьць і ў прыхільнікаў свабоды прэсы. Адно зь яго палажэньняў забараняе трансьляцыю і публікацыю выяваў жывых істот, а таксама матэрыялаў, якія, як лічыцца, парушаюць законы шарыяту або абражаюць мусульман.

Камітэт абароны журналістаў заявіў у пятніцу, што закон зробіць чарговы «абуральны ўдар» па свабодзе прэсы ў Афганістане, дзе за апошнія тры гады паліцыя нораваў узмацніла рэпрэсіі супраць журналістаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG