Тым часам у Маскве прайшлі акцыі ў падтрымку Дурава, а экспэрты, якім пакуль даступныя толькі вэрсіі ананімных крыніц францускіх СМІ, гадаюць, што магло стаць прычынай затрыманьня і чым можа скончыцца для Дурава і ягонаг праекту гэтая гісторыя. Інфармацыю і вэрсіі сабрала расейская служба Радыё Свабода.
З Баку ў Лё Буржэ
24 жніўня стала вядома, што каля васьмі вечара ў аэрапорце Лё Буржэ пад Парыжам затрыманы, дапытаны і зьмешчаны пад варту заснавальнік Telegram Павел Дураў.
Да поўдня нядзелі афіцыйных тлумачэньняў ні ад францускіх уладаў, ні ад самой кампаніі Telegram не было, затое на ўмовах ананімнасьці датычныя да расьсьледаваньня людзі ахвотна маюць зносіны са СМІ. Паводле суразмоўцаў францускіх тэлеканалаў TF1/LCI і BFM (яны першымі паведамілі аб затрыманьні), у вышук 39-гадовага бізнэсоўца аб’явіла Ўпраўленьне ў справах непаўналетніх (OFMIN), якое займаецца, у прыватнасьці, барацьбой з гвалтам у дачыненьні да дзяцей. Сама гэтая структура запрацавала толькі ў лістападзе 2023 году, адпаведна, ордэр на затрыманьне і допыт Дурава ня мог быць выпісаны раней за гэты час.
Увечары ў нядзелю ў афіцыйным акаўнце Telegram у сацыяльнай сетцы X зьявіўся камэнтар аб сытуацыі з Паўлам Дуравым. У ім гаворыцца, што Telegram выконвае законы ЭЗ, у тым ліку Закон аб лічбавых паслугах, а мадэрацыя ў мэсэнджары «адпавядае галіновым стандартам і пастаянна ўдасканальваецца».
«Генэральнаму дырэктару Telegram Паўлу Дураву няма чаго хаваць, і ён часта падарожнічае па Эўропе. Абсурдна сьцьвярджаць, што плятформа або яе ўладальнік нясуць адказнасьць за злоўжываньне гэтай плятформай. Амаль мільярд карыстальнікаў па ўсім сьвеце выкарыстоўваюць Telegram як сродак зносін і крыніцу важнай інфармацыі. Чакаем больш хуткага вырашэньня гэтай сытуацыі», — гаворыцца ў заяве.
Павал Дураў раней неаднаразова наведваў Францыю, як вынікае зь яго пастоў у сацыяльных сетках, аднак гэта было яшчэ да атрыманьня ім францускага грамадзянства і, пэўна, да зьяўленьня ордэру на яго затрыманьне:
Дураў зь целаахоўнікам і, як потым высьветлілася, «асыстэнткай» прыляцеў на прыватным самалёце з Азэрбайджана і плянаваў правесьці ў Парыжы сама меней адзін вечар. Навошта — незразумела. Крыніца TF1 не хавае здзіўленья рашэньню Дурава прызямліцца ў Францыі, бо на яго ўжо быў выпісаны ордэр, які дзейнічае выключна на тэрыторыі краіны.
«Ён памыліўся, і мы ня ведаем, чаму. Можа, гэта была перасадка? Так ці інакш, ён цяпер у турме».
Расейскі тэлеканал RT пасьпяшаўся паведаміць, што ордэр на затрыманьне Дурава быў нібыта выпісаны за некалькі хвілін да прызямленьня самалёта ў Лё Буржэ, але ў першакрыніцах такой інфармацыі няма.
Што далей?
Прадпрымальнік павінен паўстаць перад сьледчым судзьдзём (Juge d’instruction). Гэтая пасада ня мае прамых аналягаў у іншых краінах. Менавіта сьледчы судзьдзя ў Францыі ўпаўнаважаны прыняць рашэнне аб адкрыцьці справы і аб далейшых захадах стрыманьня: закладзе, хатнім арышце, утрыманьні пад вартай і гэтак далей.
Прэтэнзіі Францыі да Telegram
Telegram — адзін з самых папулярных мэсэнджараў у сьвеце (па словах самога Дурава, да наступнага году кампанія плянуе давесьці колькасьць карыстальнікаў да 1 мільярда). Як піша Le Monde, асноўныя абвінавачваньні францускіх уладаў да Дурава зьвязаны зь нежаданьнем Telegram дзяліцца «з праваахоўнымі органамі» доступам да зашыфраваных паведамленьняў і ўводзіць мадэрацыю, што адкрывае магчымасьці для каардынацыі злачынстваў. Па дадзеных СМІ, супраць Дурава як саўладальніка кампаніі адкрытае папярэдняе міжведамаснае расьсьледаваньне па сэрыі цяжкіх злачынстваў, пачынаючы ад махлярства і гандлю наркотыкамі да злачынстваў у сфэры кібэрбясьпекі і пэдафіліі. У іх ліку — дапамога тэрарызму.
Функцыі, якія прапануе мэсанджар (адсутнасьць мадэрацыі, магчымасьць рэгістраваць акаўнт на «аднаразовыя» нумары, зручнасьць абмену інфармацыяй праз закрытыя групы), выкарыстоўваюцца палітычнымі актывістамі ў аўтарытарных краінах, уключаючы Расею і Беларусь. Яны ж прыцягваюць у мэсэнджар аматараў кансьпіралёгіі, гандляроў нелегальным таварам і арганізатараў рознага кшталту для каардынацыі супрацьпраўных дзеяньняў.
Ад тэракту ў Crocus City Hall у Маскве (па вэрсіі сьледзтва, праз Telegram ішло і вэрбаваньне, і кіраваньне дзеяньнямі ўдзельнікаў) да факельнага шэсьця ля дома міністра аховы здароўя Саксоніі Пэтра Кёпінг падчас пандэміі. Telegram фігураваў і падчас нядаўніх антыімігранцкіх беспарадкаў у Вялікай Брытаніі — празь яго распаўсюджваўся сьпіс, які нібыта зьмяшчае імёны і адрасы іміграцыйных адвакатаў. Гэта турбуе ўлады краін ЭЗ. У 2021 годзе Міністэрства юстыцыі Нямеччыны завяло было дзьве справы аб парушэньні закону аб абароне правоў у сацсетках супраць Telegram за паведамленьні, якія распаўсюджваюць нянавісьць і варожасьць, аднак выніку дамагчыся не атрымалася. Telegram зарэгістраваны як мэсэнджар, а не як сацсетка, і галоўны офіс кампаніі знаходзіцца ў Дубаі.
У Францыі сытуацыя падобная. Гэты мэсэнджар не ўваходзіць нават у першую дзясятку (яго доля ў 2023 годзе склала 13,5%) і часцей за ўсё выкарыстоўваецца для пашырэньня пірацкага кантэнту (напрыклад, трансляцый спартовых спаборніцтваў). Але ня толькі: так, у сакавіку сёлета пракуратура Парыжу раскрыла групу ў Telegram, празь якую прадавалі дзіцячую парнаграфію. Акрамя таго, у лютым францускія спэцслужбы выкрылі прапагандысцкую сетку расейскага паходжаньня, якая таксама дзейнічала праз мэсэнджар. Цікава, што падчас сваёй першай выбарчай кампаніі ў 2017 годзе і сам цяперашні прэзыдэнт Эманюэль Макрон са сваёй камандай актыўна карыстаўся Telegram.
Францускі грамадзянін Paul du Rove
Яшчэ адна акалічнасць у справе Дурава — яго францускае грамадзянства, якое, у прыватнасці, не дазваляе экстрадаваць яго ў іншую краіну, нават калі там яму таксама выставяць абвінавачаньні. Францускі пашпарт у Дурава не адзіны, у калекцыі мільярдэра таксама пашпарты Расеі, Сэнт-Кітса і Нэвіса і ААЭ. Пра тое, што Дураў займеў францускае грамадзянства, стала вядома ў 2023 годзе. Для яго ён узяў на францускай мове імя Paul du Rove (Поль дзю Роў). Так, дарэчы, называецца і тэлеграм-канал Дурава.
Газэта Le Monde высьветліла, што стандартным шляхам Дураў атрымаць францускае грамадзянства ня мог: ня выкананы неабходныя ўмовы накшталт 5 гадоў (часам двух) пражываньня на тэрыторыі Францыі і аб прыналежнасьці да «францускага культурнага і моўнага асяродзьдзя». Застаецца, як піша выданне, самая рэдкая, закрытая і палітызаваная форма натуралізацыі — «ганаровы іншаземец». Стаць грамадзянінам такім шляхам можа іншаземец, які гаворыць па-француску і які ўнёс уклад у разьвіцьцё і росквіт Францыі ў эканоміцы і на міжнароднай арэне. Рашэньні такога кшталту прымае толькі прэзыдэнт. Выпадак настолькі рэдкі, што працэдура, па сутнасьці, невядомая шырокай публіцы. Так ці інакш, для Дурава наяўнасьць францускага грамадзянства, пэўна, здымае пытаньне аб экстрадыцыі ў выпадку неспрыяльнага разьвіцьця падзей у ягонай справе, нават нягледзячы на наяўнасьць расейскага пашпарта.
«Рукі прэч ад Паўла»
У французскай інфармацыйнай прасторы навіна ня вельмі абмяркоўваецца — пэўна, адбіваюцца выходныя. У ЗША ў абарону Дурава пасьпеў выказацца стваральнік SpaceX і ўладальнік сацсеткі X Ілан Маск, які напісаў сэрыю пастоў у падтрымку Дурова з хэштэгам #FreePavel.
Затое расейскія афіцыйныя асобы ледзь ня першымі заступіліся за Дурава. Віцэ-сьпікер Дзярждумы Расеі Ўладзіслаў Даванкоў заявіў, што «арышт можа мець пад сабой палітычныя падставы і зьяўляцца інструмэнтам для атрыманьня доступу да асабістай інфармацыі карыстальнікаў Telegram» і заклікаў «выцягваць» бізнэсоўца. Амбасада Расеі ў Францыі паведаміла, што ўжо зрабіла для гэтага крокі, але францускі бок пакуль «ухіляецца ад узаемадзеяньня». Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава апублікавала сьпіс міжнародных няўрадавых арганізацый, якія асудзілі блякаваньне Telegram у Расеі ў 2018 годзе.
«Як думаеце, на гэты раз яны будуць зьвяртацца да Парыжу і патрабаваць вызваленьня Дурава або праглынуць языкі?» — пытаецца яна.
Не адстаюць і расейскія прапагандысты. Спявак Shaman зьвярнуўся да Дураву з заклікам вярнуцца на радзіму: «Паша, родны! Вольна і лёгка дыхаецца толькі ў Расеі. Вяртайся дадому. Тут цябе памятаюць, любяць і заўсёды чакаюць».
У суботу затрыманьне мільярдэра апраўдаў расьсьледнік Хрыста Грозеў, напісаўшы, што адмова Дурава супрацоўнічаць з ФСБ нэўтралізуецца ягонай жа адмовай «супрацоўнічаць з кім бы там ні было, каб спыніць выкарыстаньне Telegram для ўсяго жудаснага». У якасьці ілюстрацыі Грозеў прывёў скрыншоты тэлеграм-ботаў, якія, як мяркуецца, гандлююць наркотыкамі.
Супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду Расеі, а таксама супрацоўнікі некаторых сілавых ведамстваў атрымалі ўказаньне выдаліць з Telegram працоўныя перапіскі пасля затрыманьня ў Францыі заснавальніка мэсэнджара Паўла Дурава, паведамляе 25 жніўня расейскі тэлеграм-канал Baza.
Пасьля затрыманьня Дурава расейскія блогеры нагадалі, што Telegram актыўна выкарыстоўваюць расейскія вайскоўцы на вайне ва Ўкраіне (мяркуючы, што францускія ўлады запрашаюць Дурава да супрацоўніцтва з гэтай нагоды). Пры гэтым у Расеі ходзяць чуткі, што неўзабаве адбудзецца блякаваньне Telegram: на мінулым тыдні ў працы мэсэнджара назіраўся збой, які спэцыялісты растлумачылі «даналаджваньнем сыстэмы блякаваньня».
Тым часам у Маскве ў нядзелю ля будынку францускага пасольства адбылася акцыя ў падтрымку Дурава. Удзельнікі прынеслі на яе белыя папяровыя самалёцікі, сімвал мэсэнджара — такія ж, як тыя, якія выкарыстоўваліся на акцыях у абарону Telegram у Расеі ў 2018 годзе.