Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускія СМІ паведамілі пра арышт Паўла Дурава ў Парыжы


Павал Дураў, архіўнае фота
Павал Дураў, архіўнае фота

У аэрапорце Парыжа арыштавалі стваральніка мэсэнджара Telegram і мільярдэра Паўла Дурава, паведамляе францускі канал навінаў TF1/LCI. Інфармацыю пра яго затрыманьне BFM TV пацьвердзіла крыніца, блізкая да сьледзтва. Афіцыйна пра арышт Дурава ўлады пакуль не паведамлялі.

Паводле зьвестак тэлеканала, яго затрымалі пасьля прылёту з Азэрбайджану на прыватным бізнэс-джэце, разам зь ім былі целаахоўнік і жанчына. Яго зьмясьцілі пад варту, паведамляюць францускія СМІ.

У Францыі, як сьцьвярджаецца, Дурава ўключылі ў сьпіс асобаў, якія адшукваюць, дазвол на арышт выдала француская судовая паліцыя на падставе папярэдняга расьсьледаваньня. Блізкая да сьледзтва крыніца заявіла, што ордэр дзейнічае толькі на тэрыторыі Францыі. «Сёньня вечарам ён зрабіў памылку. Мы ня ведаем, чаму», — сказаў ён.

Афіцыйна пра затрыманьне Дурава францускія ўлады пакуль не паведамлялі, МУС і паліцыя краіны тэму не камэнтуюць.

TF1/LCI сьцьвярджае, што Паўла Дурава затрымалі праз тое, што ён не супрацоўнічаў з праваахоўнымі органамі, а плятформа, якая яму належыць, не мадэравала кантэнт, што робіць яго саўдзельнікам злачынстваў (абарот наркотыкаў, махлярства і злачынствы супраць дзяцей). Паводле неафіцыйнай інфармацыі СМІ, суд над Паўлам Дуравым можа прайсьці ўжо 25 жніўня.

Павал Дураў у 2021 годзе атрымаў грамадзянства Францыі. У апошнія гады ён жыў у ААЭ. У Парыж ён прыляцеў, як паведамляецца, з Азэрбайджану, дзе 18–19 жніўня зь візытам знаходзіўся прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Невядома, ці сустракаўся Дураў з Пуціным у Баку. Тэлеграм-канал Baza сьцьвярджае, што расейскі прэзыдэнт адмовіўся ад сустрэчы зь ім.

Віцэ-сьпікер Думы Уладзіслаў Даванкоў заявіў, што накіраваў зварот да кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова з заклікам дамагацца вызваленьня Паўла Дурава. «Ягоны арышт можа мець пад сабой палітычныя падставы і зьяўляцца інструмэнтам для атрыманьня доступу да асабістай інфармацыі карыстальнікаў Telegram. Гэтага дапусьціць нельга», — цытуе яго словы РІА «Новости».

Пазьней пасольства Расеі заявіла, што запатрабавала ад Парыжу забясьпечыць абарону правоў Дурава і прадставіць да яго консульскі доступ, але на гэты момант «францускі бок ухіляецца ад узаемадзеяньня». «Парыж успрымае яго францускае грамадзянства ў якасцьі асноўнага», — пракамэнтавала прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG