Хроніка перасьледу 21 жніўня: прызначылі суд над прадстаўнікамі менскага стартап-хаба «Імагуру»

Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Вырак трэнэру ў Берасьці

Берасьцейскі абласны суд 25 ліпеня асудзіў 63-гадовага трэнэра ў настольным тэнісе Юрыя Лагадзюка на 2 гады калоніі, піша «Вясна». Пра вырак стала вядома толькі цяпер. Лагадзюка прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Tribuna.com Беларусь назвала яго адным з найлепшых беларускіх трэнэраў у настольным тэнісе. Працэс пачаўся 24 ліпеня ў Берасьцейскім абласным судзе. Прысуд вынес судзьдзя Андрэй Сіз.

63-гадовы Юры Лагадзюк прысьвяціў сваё жыцьцё рэабілітацыі людзей з інваліднасьцю праз настольны тэніс. Ягоныя спартоўцы нярэдка выйграюць на спаборніцтвах у Беларусі і ў іншых краінах.

Трэнэр дапамог сотням людзей з інваліднасьцю жыць звычайным жыцьцём, паведамляла «Наша ніва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 жніўня: за данаты затрымалі былога супрацоўніка прадстаўніцтва «Вольва»

Прадстаўнікоў менскага стартап-хаба «Імагуру» пачнуць судзіць 2 верасьня

У Менскім гарадскім судзе прызначылі разгляд крымінальнай справы супраць Тацяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай, а таксама Яўгена Пугача. Іх абвінавачваюць агулам паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).

Тацяну Марыніч і Анастасію Хамянкову будуць судзіць завочна, а Яўген Пугач утрымліваецца пад вартай зь ліпеня 2023 году. Справу прызначылі весьці Любоў Сімохіну.

Паводле сьледзтва, акрамя іншага, Марыніч і Хамянкова нібыта маюць дачыненне да «ўчыненьня шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці». Яны нібыта «стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фармаваньнем, на інтэрнэт-рэсурсах якога разьмяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы, накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020 годзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 жніўня: за «экстрэмізм» завочна судзяць выканаўцу абавязкаў старшыні зьліквідаванай у Беларусі Партыі БНФ

50-гадовага жыхара Віцебску асудзілі на 2 гады калёніі за камэнтары пра Лукашэнку

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 8 жніўня асудзілі Ерванда Марцірасяна паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Кузьмічонак.

Як паведаміла «Віцебская вясна», Ерванду прызначылі два гады калёніі агульнага рэжыму.

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у стане алкагольнага ап’яненьня, знаходзіўся ў службовым аўтамабілі і ў прысутнасьці супрацоўнікаў Дэпартаменту аховы «неаднаразова прамовіў выразы абразьлівага характару» у бок Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: у Менску асудзілі буйнога бізнэсоўца за ўдзел у пратэстах і данаты

Чатырох берасьцейцаў пазбавілі волі за ўдзел у пратэстах 2020 году

У судзе Ленінскага раёна Берасьця 8 жніўня агучылі прысуд чатыром берасьцейцам, якіх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у пратэсьце 10 жніўня 2020 году.

Палітзьняволеным Алегу Літвінчуку і двум братам Мацьвею і Леаніду Аверчукам прызначылі паўтара года зьняволеньня, а Аляўціне Гудковай — адзін год зьняволеньня.

Справу супраць палітвязьняў разглядаў Андрэй Грушко, на рахунку якога мінімум 29 палітычных прысудаў па крымінальных справах. У 2021 годзе ён адправіў у калёніі на тэрміны ад трох з паловай да пяці гадоў калёніі за ўдзел у пратэстах 13 палітвязьняў.

Па інфармацыі «Берасьцейскай Вясны», агулам вядома пра 37 асуджаных за гэту акцыю. Толькі за гэтую вясну асудзілі ўжо больш за 20 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 жніўня: у Фаніпалі затрымалі 6 чалавек, у «сьпіс тэрарыстаў» дадалі 9 беларусаў