У жніўні 2024 году Эўразьвяз прыняў пакет чарговых санкцый у дачыненьні Беларусі. Апроч такіх пазыцый, як прадметы раскошы, перадавыя тавары і тэхналёгіі, дыямэнты, золата, гелій і вугаль, у сьпіс трапілі тавары, якія ўжо былі ва ўжытку. У тым ліку вопратка сэканд-хэнд.
Чыноўнікі ў дзяржаўнай прэсе запэўніваюць, што ад такіх санкцый беларусы не адчуюць дыскамфорту, а айчынная лёгкая прамысловасьць атрымае шанец на рост і разьвіцьцё. Спыталі, што пра гэта думаюць жыхары краіны.
«Вазілі сюды анучы»
Стан рэчаў у лёгкай прамысловасьці Беларусі хвалюе чыноўнікаў і Аляксандра Лукашэнку ня першы год. У лютым 2024 году віцэ-прэм’ер Пятро Пархомчык расказаў пра тры сыстэмныя праблемы лёгкай прамысловасьці — высокі ўзровень гатовай прадукцыі на складах, пазыкі і дэфіцыт абаротных сродкаў.
Праблема ня першы год турбуе і Аляксандра Лукашэнку. У 2022 годзе ён рэзка крытыкаваў лёгкую прамысловасьць. Як заявіў Лукашэнка, прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці — манапалісты ў Беларусі і ім ніхто не перашкаджае. А таксама абураўся, што ў краіну завозяць «ад ануч, сэканд-хэндаў, да брэндаў».
«Куплялі ў нас ці анучы, ці брэнды. Там, дзе мусілі працаваць прадпрыемствы, іх у нас каля 2 тысяч, была дзірка», — казаў ён.
Паводле Лукашэнкі, «бяда, калі людзі бягуць у крамы і ў іх вочы гараць, як пабачаць імпартную прадукцыю, як быццам мы свайго ня можам пашыць».
Згодна з інфармацыяй дзяржаўных СМІ, доля тавараў сэканд-хэнд у агульным аб’ёме спажываньня адзеньня ў Беларусі складае каля 35%. Продажам такіх тавараў займаюцца каля 2,8 тысячы гандлёвых пунктаў, у тым ліку інтэрнэт-крамы. Штогод у Беларусь увозіцца ўжыванага адзеньня на суму каля 60-80 мільёнаў даляраў.
«Забарона ЭЗ на пастаўку ў Беларусь тавараў сэканд-хэнд створыць умовы для далейшага разьвіцьця нацыянальнай вытворчасьці, супрацоўніцтва з дружалюбнымі краінамі і скароціць імпарт небясьпечнай прадукцыі з краін ЭЗ і ЗША», — адрэагавалі ў беларускім МЗС на новыя санкцыі.
Гнуткасьць зьніжак і спартовыя тавары
Беларуска Алеся (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, што часта карыстаецца паслугамі крамаў з раней ужываным адзеньнем. Яе прывабліваюць, па-першае, цэны на адзеньне: там яно таннае. Плюсам Алеся таксама лічыць гнуткую сыстэму зьніжак. Яна кажа, што адзеньне і абутак можна купіць даражэй у дзень прывозу, калі выбар значна большы. Ці купіць таньней тое, што засталося.
«І рэчы можна знайсьці новыя, і якасьць іх высокая, і фурнітура, і швы, і сам матэрыял. Для мяне „сэканды“ прывабныя наяўнасьцю спартовага і турыстычнага адзеньня. Бо такіх рэчаў у нас папросту не знайсьці. Ёсьць некалькі расейскіх крамаў, але там цэны не для сярэдняга бюджэту», — тлумачыць Алеся.
У сэканд-хэндах яна не купляе абутку і ніжняй бялізны. Толькі пасьцельную. Кажа, што яна прыстойная і добрай якасьці, ды і таньнейшая за беларускую.
Шматдзетная маці Вольга (імя зьмененае. — РС) карыстаецца паслугамі «сэкандаў», але найперш яна там шукае абутак для дзяцей. Бо дзеці растуць, абутку часам можа не хапіць на сэзон. У сэканд-хэндах можна знайсьці, паводле Вольгі, танны і фірмовы, а часта і новы абутак. Так яна купіла чаравікі ў школу сыну за 45 рублёў.
«Практычна новыя, фірмовыя, нямецкія», — удакладніла Вольга.
Акрамя «сэкандаў», часам яна выпраўляецца па адзеньне ў фірмовую турэцкую краму Waikiki. Там ёй падабаюцца цэны і выбар адзеньня. Ніжнюю бялізну (піжамы, шкарпэткі, майткі) сабе, мужу, дзецям яна купляе ў беларускіх крамах «Сьвітанак», «8 сакавіка», «Марк Фармэль».
Але, як дадала Алеся, у асноўным адзеньне яны купляюць, калі бываюць за мяжой на распродажах, шукаюць акцыі і зьніжкі.
«Пра навіны, што забароняць сэканд-хэнд з Эўропы, я раней ня чула і таму засмуцілася. Калі так і праўда будзе, то гэта крыўдна. І мне незразумела, дзіўна, чаму менавіта адзеньне сэканд-хэнд трапіла пад санкцыі», — дадала яна.
Беларуска Марыя ў размове са Свабодай расказала, што ўсё адзеньне для сябе купляе на гандлёвай інтэрнэт-пляцоўцы Wildberries, там жа ёсьць і беларускія брэнды ніжняй бялізны. Яна дадала, што з задавальненьнем наведвала б крамы ўлюбёнага брэнду H&M, але ён пакінуў Беларусь. Найбліжэйшыя крамы з такой вопраткай цяпер у Вільні.
«Але, на жаль, цяпер так складана зрабіць візу, што можна пра іх толькі марыць», — дадала Марыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі назвала карыснай для эканомікі забарону эўрапейскага «сэканд-хэнду»