Беларусь ужо каторы раз пасьля ўвядзеньня забароны на ўвоз польскіх яблыкаў зноў дазволіла іх завозіць. Гэтым разам з 1 красавіка па 31 ліпеня. Толькі за першы тыдзень пасьля зьняцьця забароны Польшча паставіла ў Беларусь 2191 тону гэтай садавіны, паведамляе польскае выданьне sadyogrody. pl.
Такія аб’ёмы азначаюць, што ў Беларусь завозяць 22-23 грузавікі польскіх яблыкаў штодня.
Як польскія яблыкі забаранялі прывозіць, а потым зноў дазвалялі
Упершыню беларускі ўрад забараніў завозіць у Беларусь тавары зь «несяброўскіх краін» са студзеня 2022 году. Такім чынам Менск адказаў на заходнія санкцыі.
Першапачаткова ў «чорным сьпісе» было больш за 20 найменьняў прадуктаў. Аднак ужо з 27 красавіка 2022 году контрасанкцыі зьмякчылі. Напрыклад, яблыкі з Польшчы і іншых краін ЭЗ сталі легальным імпартным прадуктам.
У наступным годзе ўвоз польскіх яблыкаў зноў забаранілі ў чэрвені. Але з папраўкай, што іх можна завозіць у Беларусь з 1 па 31 ліпеня. То бок фактычна забарона ня дзейнічала да лета, а летам яе адмянілі на адзін месяц.
Сёлета сытуацыя падобная. Польскія яблыкі забароненыя, але з выключэньнем для яблыкаў, якія палякі прадалі ў Беларусь з 1 красавіка па 31 ліпеня.
Колькі польскіх яблыкаў увозілі ў Беларусь да плаваючага эмбарга і пасьля
Да санкцый і крызісу ў міжнародных адносінах Беларусь была адным з асноўных пакупнікоў польскіх яблыкаў. У 2020 годзе, напрыклад, набыла іх больш за 200 тысячаў тонаў.
У 2021 годзе, калі эмбарга яшчэ ня дзейнічала, — 118 490 тонаў. У 2022-м, калі «яблычныя войны» ўжо пачаліся, — больш за 40 тысяч тонаў. У 2023 годзе — 33 618 тонаў.
Выходзіць, за два гады супрацьстаяньня Беларусь набыла ў Польшчы яблыкаў больш за 73 тысячы тонаў.
Што ў Беларусі зь яблыкамі
Беларуская статыстыка па сельскай гаспадарцы не дае канкрэтных лічбаў па ўраджаі яблыкаў, ёсьць толькі разьбіўка па тыпах садавіны. Згодна са словамі гендырэктара Беларускай асацыяцыі садаводзтва і гадавальніцтва Анатоля Карэнкі, летась у Беларусі сабралі 221,4 тысячы тонаў яблыкаў, у 2022 годзе — 228 тысячаў тонаў.
«З сабранага ўраджаю каля 40 тысячаў тонаў прыпадае на яблык другога гатунку, гэта значыць крыху меншы, дыямэтрам ад 4,5 да 6,5 сантымэтра. Па смакавых характарыстыках і тэрмінах захоўваньня ад першага гатунку не адрозьніваецца, але заканамерна гэты тавар адпускаецца па меншай цане», — казаў тады Анатоль Карэнка.
Згодна зь Белстатам, ягады і садавіна займаюць толькі 2% у агульнай вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы.
Валавы збор у гаспадарках усіх катэгорый семечкавай садавіны (у гэты лік уваходзяць яблыкі) — 605 тысяч тонаў. З гэтага ў людзей у прыватных гаспадарках — 387,1 тысячы тонаў, у сельскагаспадарчых арганізацыях — 111,2 тысячы тонаў, у фэрмэрскіх гаспадарках — 106,7 тысячы тонаў.
Якія яблыкі прадаюцца ў крамах
У онлайн-краме «Е-дастаўка» 16 красавіка знаходзім 11 варыянтаў яблыкаў. Беларусь пазначаная як вытворца толькі ў трох. Гэта яблыкі «Айларэд» за 3 рублі 32 капейкі кіляграм, яблыкі «Прынц» за 3 рублі 69 капеек і яшчэ адзін сорт, дзе назва не пададзеная, за 5 рублёў кіляграм.
Ёсьць яшчэ польскія яблыкі «Чэмпіён» за 4 рублі 11 капеек. А таксама пяць гатункаў яблыкаў з Малдовы і адзін з Турэччыны.
Згодна з статыстыкай Белстату, цэны на яблыкі за год (сакавік мінулага году і гэтага) вырасьлі на 20,89%.
Чаму Беларусь ня можа сама вырасьціць яблыкі
Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, праблемы зь яблыкамі могуць быць зьвязаныя з умовамі захоўваньня, з сэлекцыяй сартоў, а таксама з тым, што для дзяржаўных арганізацый гэта не прыярытэт.
«На рынку не хапае гэтага тавару, таму дазваляюць закупкі ў Польшчы. У Польшчы сельская гаспадарка збольшага прыватная, яны зацікаўленыя ў якасьці сваёй прадукцыі і ў эфэктыўнасьці. У Беларусі сельскай гаспадаркай у вялікіх аб’ёмах займаюцца дзяржаўныя арганізацыі. А прыватныя гаспадаркі ня маюць сродкаў на сэлекцыю і ня могуць даць такіх аб’ёмаў. А для дзяржаўных сельскагаспадарчых арганізацый яблыкі — не прыярытэт. Прыярытэт наогул ня якасьць, а колькасьць», — мяркуе Анастасія Лузгіна.