Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зафіксавалі ўзьвядзеньне расейскім войскам дадатковых ліній абароны недалёка ад Курску.
«Украінскія апэрацыі, якія працягваюцца ў Курскай вобласьці, ствараюць адчувальныя наступствы для абароны, матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня і бясьпекі ў Расеі», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 14 жніўня.
Экспэрты ўдакладнілі, што расейцы актыўна абсталёўваюць палявыя ўмацаваньні — траншэі і супрацьтанкавыя равы — недалёка ад шашы E38 Льгоў — Рыльск — Глухаў, на паўночны захад ад Суджы, а таксама каля шашы 38K-024 на поўдзень ад Льгова.
«Гэтыя новыя ўмацаваньні знаходзяцца прыблізна за 17 кілямэтраў на поўнач ад самай далёкай заяўленай мяжы прасоўваньня Ўкраіны ў Курскай вобласьці, што сьведчыць пра тое, што расейскія сілы занепакоеныя патэнцыйным працягам і хуткім мэханізаваным прасоўваньнем Украіны на поўнач у Курскай вобласьці. Расейскія сілы, падобна, асабліва занепакоеныя галоўнымі магістралямі і, імаверна, спрабуюць прэвэнтыўна абараніць важныя наземныя лініі камунікацыі (GLOC), каб перашкодзіць украінскім манэўрам, асабліва ўздоўж маршрутаў E38 і 38K», — адзначылі экспэрты.
У Інстытуце вывучэньня вайны прыйшлі да высновы, што ўкраінская апэрацыя ў Курскай вобласьці ўжо паўплывала на матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне. У якасьці аргумэнту экспэрты спаслаліся на паведамленьне «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі» пра тое, што Расейская чыгунка накіравала тэлеграму Беларускай чыгунцы пра неабходнасьць спыненьня з 12 жніўня грузавых цягнікоў з усіх беларускіх станцый у кірунку станцый Арлоўска-Курскага аддзяленьня Маскоўскай чыгункі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Менску па-ранейшаму можна трапіць у Курск на цягніку, нягледзячы на ваенныя дзеяньні ў рэгіёнеШто паведамілі ў Расеі
Кіраўнік Курскай вобласьці Аляксей Смірноў паведаміў пра абавязковую эвакуацыю яшчэ аднаго раёну — Глушкоўскага. Перад гэтым дапамагалі выехаць жыхарам раённага цэнтру Глушкова, што за сем кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
Неабходнасьць абавязковай эвакуацыі патлумачылі павелічэньнем колькасьці абстрэлаў з боку Ўкраіны.
На пачатак 2022 году колькасьць насельніцтва ў гэтым раёне складала прыблізна 20 тысяч чалавек.
Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Расеі раніцай 15 жніўня абвясьціла пра ўвядзеньне на тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага характару.
Што заявілі ва Ўкраіне
Ва Ўкраіне адкрылі гарачую лінію для жыхароў Курскай вобласьці, якія хочуць выехаць з зоны баявых дзеяньняў на ўкраінскую тэрыторыю.
Напярэдадні 14 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў нараду па сытуацыі ў Курскай вобласьці. На ёй абмеркавалі пытаньні доступу прадстаўнікоў Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа і ААН для ажыцьцяўленьня гуманітарных захадаў.
Апроч таго, згодна з афіцыйным паведамленьнем, Украіна арганізавала перадачу «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны».
Улады Ўкраіны таксама ня выключылі неабходнасьці стварэньня вайсковых камэндатур у населеных пунктах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расея перакідае падразьдзелы з данецкага на курскі кірунак
- У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня пасьля заходу ўкраінскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыю працягваюцца баявыя дзеяньні. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню ўвялі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
- 13 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 74 населеныя пункты ў Курскай вобласьці Расеі. Такія лічбы яму назваў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі.
- Выканаўца абавязкаў губэрнатара Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў 12 жніўня падчас дакладу Пуціну казаў, што УСУ захапілі 28 паселішчаў рэгіёну.
- Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, мяркуюць, што на 11 жніўня ўкраінскія сілы дзейнічалі ў 29 паселішчах Курскай вобласьці або паблізу іх, і ў 40 паселішчах — на 12 жніўня.