Такую лічбу назваў Зяленскаму падчас дакладу галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі. Падчас дакладу ён паведаміў, што ўкраінскія войскі за 13 жніўня прасунуліся ў Курскай вобласьці на адлегласьць ад 1 да 3 кілямэтраў і атрымалі кантроль над тэрыторыяй у 40 квадратных кілямэтраў. Паводле Сырскага, цяпер пад кантролем Украіны знаходзяцца 74 населеныя пункты Курскай вобласьці Расеі.
«Нягледзячы на складаныя, інтэнсіўныя баі, прасоўваньне нашых сілаў на Куршчыне працягваецца, папаўняецца абменны фонд для нашай дзяржавы», — заявіў Зяленскі ў вечаровым паведамленьні.
Таксама прэзыдэнт Украіны дадаў, што цяпер у населеных пунктах Курскай вобласьці, якія знаходзяцца пад кантролем украінскіх вайскоўцаў, праводзяць «праверкі і стабілізацыйныя мерапрыемствы», а таксама працягваюць «распрацоўку гуманітарных рашэньняў для гэтых тэрыторыяў».
- У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня пасьля заходу ўкраінскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыю працягваюцца баявыя дзеяньні. З 7 жніўня ў вобласьці аб’явілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых памежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі.
- 12 жніўня галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі заявіў, што ўкраінскія сілы кантралююць каля 1000 квадратных кілямэтраў тэрыторыі Расеі.
- Пры гэтым выканаўца абавязкаў губэрнатара Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў, дакладваючы Уладзіміру Пуціну пра сытуацыю ў рэгіёне, у той жа дзень заявіў, што УСУ ўзялі пад кантроль 480 квадратных кілямэтраў тэрыторыі, захапілі 28 паселішчаў рэгіёну і прасунуліся прыкладна на 12 кілямэтраў углыб яго на 40-кілямэтровым фронце.
- Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, мяркуюць, што на 11 жніўня ўкраінскія сілы дзейнічалі ў 29 паселішчах Курскай вобласьці або паблізу іх і ў 40 паселішчах — на 12 жніўня.
- Паводле ўкраінскага OSINT-праекту Deep State, Узброеныя сілы Ўкраіны з 6 жніўня змаглі захапіць арыенціровачна 44 населеныя пункты ў Курскай вобласьці, статус яшчэ дзесяці невядомы. Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што гэтая ацэнка вельмі кансерватыўная.
- Расейскія войскі, каб стрымаць украінскую апэрацыю ў Курскай вобласьці, узмацнілі агнявы ціск на сумежную Сумскую вобласьць. Украінскія ўлады штодзень паведамляюць аб ракетна-авіяцыйных ударах Расеі, у выніку якіх гінуць цывільныя грамадзяне.
Форум