Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Расея перакідае падразьдзелы з данецкага на курскі кірунак


Украінскія жаўнеры і тэхніка ў Сумскай вобласьці, недалёка ад мяжы з Расеяй. 11 жніўня 2024 г. Фота REUTERS
Украінскія жаўнеры і тэхніка ў Сумскай вобласьці, недалёка ад мяжы з Расеяй. 11 жніўня 2024 г. Фота REUTERS

Праз падзеі ў Курскай вобласьці расейскія войскі могуць перайсьці ў рэжым «кароткачасовага зацішша» перад аднаўленьнем наступальных апэрацыяў у адным з трох сэктараў — Часавым Яры, Тарэцку ці Пакроўску.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заўважылі, што Расея перакідае на курскі кірунак падразьдзелы, якія ваявалі на лініі фронту ў Данецкай вобласьці.

Як адзначаецца ў справаздачы ISW за 13 жніўня, імаверна, ідзецца пра «асобныя элемэнты падразьдзелаў» — часткі батальёну «Сармат» расейскай брыгады «Пятнашка», асобны гвардзейскі батальён спэцыяльнага прызначэньня «Арбат» і атрад «Начныя ваўкі», які апэруе бесьпілётнікамі.

«Расейскае вайсковае камандаваньне магло таксама перадысьлякаваць падразьдзелы, якія раней прызначаліся для ўзмацненьня франтавых частак у тылавых раёнах Данецкай вобласьці, і такая перадысьлякацыя магла паўплываць на тэмп расейскіх наступальных апэрацыяў у прыярытэтных для расейскіх вайскоўцаў сэктарах», — мяркуюць экспэрты.

Паводле іх, расейскія войскі могуць перайсьці ў рэжым «кароткачасовага зацішша» перад аднаўленьнем наступальных апэрацыяў у адным з трох сэктараў — Часавым Яры, Тарэцку ці Пакроўску.

У той жа час у ISW адзначылі, што расейскія ўлады, імаверна, у значнай ступені абапіраюцца на прызыўнікоў і некаторыя рэгулярныя і нерэгулярныя вайсковыя падразьдзелы зь менш важных участкаў лініі фронту.

Экспэрты на падставе аналізу заяваў і геалякаваных відэаматэрыялаў за 13 жніўня прыйшлі да высновы, што ўкраінскія войскі дзейнічаюць прыкладна ў 41 паселішчы Курскай вобласьці. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заяўляў, што ўкраінцы «кантралююць» 74 населеныя пункты гэтага расейскага рэгіёну.

«Разыходжаньні паміж украінскімі афіцыйнымі справаздачамі і высновамі ISW з геалякаваных кадраў не зьняпраўджваюць украінскія афіцыйныя справаздачы. Гэта, хутчэй за ўсё, вынікае [...] з імкненьня ISW выкарыстоўваць толькі агульнадаступную інфармацыю. ISW ня лічыць, што ўкраінскія войскі кантралююць усю тэрыторыю ў межах заяўленага ўкраінскага прасоўваньня», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту.

  • У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня пасьля заходу ўкраінскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыю працягваюцца баявыя дзеяньні. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі.
  • Расейскія войскі, каб стрымаць украінскую апэрацыю ў Курскай вобласьці, узмацнілі агнявы ціск на сумежную Сумскую вобласьць. Украінскія ўлады штодня паведамляюць аб ракетна-авіяцыйных ударах Расеі, у выніку якіх гінуць цывільныя грамадзяне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG