Ня трэба прыпадабняцца да Лукашэнкі, — крытыкі Ціханоўскай пра вынікі канфэрэнцыі ў Вільні

Сьвятлана Ціхноўская на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 3 жніўня 2024 году

Вынікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь» выклікалі супярэчлівы розгалас у асяродзьдзі дэмакратычнай супольнасьці.

Мы задалі аднолькавыя пытаньні грамадзкім дзеячам, крытыкам Сьвятланы Ціханоўскай:

  1. Што ў выніках Віленскай канфэрэнцыі выклікае ў вас крытыку і нязгоду?
  2. Якую альтэрнатыву для дзеяньняў дэмакратычных сілаў вы прапануеце?

На гэтыя пытаньні адказалі Анатоль Котаў, Павал Вусаў, Аляксандар Кныровіч і Сьвятлана Мацкевіч.

Сьцісла:

  • Котаў: Прапанаваная канструкцыя выглядае вельмі крынжова. Гэта такое бачаньне дэмакратыі, у якім няма ні балянсу, ні зьмяняльнасьці ўладаў.
  • Вусаў: Асноўнай мэтай канфэрэнцыі было знайсьці нейкія мэханізмы легітымізацыі Сьвятланы Ціханоўскай пасьля 2025 году.
  • Кныровіч: Мы атрымалі працяг той стратэгіі, якая і прывяла нас да няўдачы.
  • Мацкевіч: Трэба прызнаць, што перамогі не было, і гэтае прызнаньне пераўтварыць у канкрэтныя пляны і дзеяньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць крытычныя назіраньні». Выніковы рэпартаж з канфэрэнцыі «Новая Беларусь»

Анатоль Котаў, палітоляг, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта:

Анатоль Котаў

1. Я даволі спакойна ўспрыняў рашэньне пра тое, што ў дэмакратычных сілаў зьявіўся новы інстытут, які называецца «нацыянальная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская», які мае, па сутнасьці, бясконцыя па часе паўнамоцтвы. Бо да гэтага ўсё і ішло.

Але гэтая канструкцыя выглядае вельмі крынжова. Бо Аляксандар Лукашэнка хаця б робіць імітацыю выбарчага працэсу. Гэта выглядае дзіўна ня толькі з гледзішча паліталёгіі: як можна назваць «інстытутам» тое, што фактычна не існуе і ня мае аналягаў? Бо ні ў якіх паперах не акрэсьленыя паўнамоцтвы «нацыянальнага лідэра», структураў, якія прызналі гэтыя паўнамоцтвы.

Да такога ніхто ў апазыцыі не дадумаўся за ўсе мінулыя 30 гадоў. І вось новая хваля апазыцыі дала такое бачаньне дэмакратыі, у якім няма ні балянсу ўладаў, ні зьмяняльнасьці ўладаў. Адзінае, што Каардынацыйная рада будзе абірацца.

2. Альтэрнатывай такому падыходу павінен быў бы стаць інклюзіўны ўстаноўчы зьезд з пэўнай празрыстай і зразумелай усім працэдурай абраньня дэлегатаў. І такі падыход прасоўваўся рознымі палітычнымі сіламі, у тым ліку «Вольнай Беларусьсю». Што трэба ладзіць Устаноўчы зьезд, нават замест выбараў у Каардынацыйную раду. Бо выбары ў КР у тым выглядзе, у якім яны адбыліся, таксама спрычыніліся да такога выніку канфэрэнцыі.

Мэтай такога зьезду павінна быць усталяваньне сыстэмы празрыстых протаўладных інстытуцыяў. Не пратакол узаемадзеяньня паміж самапрызначанымі структурамі, а напісаньне малой Канстытуцыі для Беларусі ў выгнаньні. Дакумэнту, які стане падмуркам для будучай дэмакратычнай Беларусі, якой мы яе бачым. А ня гэтая незьмяняльная ўлада, якая была прынятая на канфэрэнцыі ў Вільні.

Павал Вусаў, палітоляг, прадстаўнік руху «Вольная Беларусь»:

Павал Вусаў

1. Асноўнай мэтай канфэрэнцыі было знайсьці нейкія мэханізмы легітымізацыі Сьвятланы Ціханоўскай пасьля 2025 году. Агучаныя мэханізмы выглядаюць даволі абсурдна. Нібыта нейкія арганізацыі легітымізуюць Ціханоўскую, ня маючы на гэта ніякіх правоў і прадстаўніцтва. Сабраліся нейкія людзі і заявілі, што Ціханоўская будзе лідэркай і прадстаўніком беларусаў і пасьля 2025 году.

Ніякай стратэгіі на канфэрэнцыі не было прадстаўлена. Усё абмежавалася агульнымі фразамі і заявай не дапусьціць Лукашэнку на выбары, што таксама гучала абсурдна. Разумеючы, што нічога зрабіць на сёньняшні дзень гэтыя структуры ня ў стане, то і прапанаваць нейкія канкрэтныя інструмэнты рэальнай барацьбы немагчыма. Канфэрэнцыя прадэманстравала банкруцтва новай апазыцыі, якое спрабавалі схаваць за патаснымі выказваньнямі.

2. На сёньня трэба прызнаць, што за 4 гады рэсурсы супраціву былі максымальна выпусташаныя. Ніхто сур’ёзнай стратэгіі барацьбы і зьмены рэжыму прапанаваць ня можа. Рэсурсы і ўнутры Беларусі, і за яе межамі былі вычарпаныя, апазыцыя сама сябе дыскрэдытавала рознымі скандаламі, у атачэньні Ціханоўскай засталіся тыя ж самыя людзі, якія прывялі да развалу гэтых структураў.

Таму без радыкальных зьменаў нічога зрабіць немагчыма. Але Ціханоўская застаецца асобай, кантраляванай найбліжэйшым атачэньнем, яна не прымае самастойных рашэньняў. Ёй гэта камфортна, і ніякіх намаганьняў рэструктураваць дзейнасьць апазыцыі няма.

Аляксандар Кныровіч, прадпрымальнік, блогер, сябра Каардынацыйнай рады:

Аляксандар Кныровіч

1. Маё незадавальненьне тым, што адбывалася на канфэрэнцыі, даволі дакладна сфармуляваў лідэр нашай фракцыі ў КР Андрэй Ягораў. Мы растрацілі той рэсурс даверу, які быў у 2020 годзе, не дабіліся дэлегітымізацыі Лукашэнкі, не прыцягнулі яго да адказнасьці, ня вызвалілі палітвязьняў — не зрабілі нічога з таго, што абяцалі зрабіць.

Гэта азначае, што стратэгія, якая была абраная, павінна зазнаць карэкціроўку. І на гэтай канфэрэнцыі трэба было гаварыць пра тое, што варта рабіць па-іншаму, каб дасягнуць нейкага эфэкту ў агляднай і доўгай пэрспэктыве.

Мы не атрымалі нічога гэтага. А атрымалі працяг той стратэгіі, якая і прывяла нас да няпосьпеху.

Я з павагай стаўлюся да працы Сьвятланы Ціханоўскай, я перакананы, што яна мае мандат на правядзеньне свабодных выбараў у Беларусі — і ён, сапраўды, не заканчваецца ў 2025 годзе. Аднак тая формула, якая была абраная для пацьвярджэньня гэтага мандату — форма бясконцай легітымнасьці «нацыянальнай лідэркі» — выключна няўдалая і выклікае пярэчаньні. Бо нацыянальная лідэрка — гэта ня тое званьне, якое можа выдавацца трыма су-падпарадкаванымі структурамі. Гэта званьне, якое трэба даказваць кожны дзень сваімі справамі.

2. На дадзены момант мы, наша фракцыя, выказалі адну альтэрнатыўную пазыцыю. Мы павінны разглядаць будучую частковую легітымізацыю таго, што адбываецца ў Беларусі (якая, безумоўна, адбудзецца) — як магчымасьць для нашага торгу з Лукашэнкам адносна вызваленьня палітвязьняў.

Лукашэнка марыць пра тое, каб яму пазваніў Шольц. Калі арыштавалі нямецкага грамадзяніна Крыгера, уся прапаганда ныла, каб немцы пазванілі ў Менск.

Зразумела, што мы, апазыцыя, самі не вяртаем амбасадараў у Менск. Але, магчыма, мы павінны пачаць размову пра гэта? Магчыма, мы павінны адысьці ад пазыцыі, што санкцыі і ціск прывядуць да вызваленьня палітвязьняў? Гэта толькі адзін з элемэнтаў зьмены стратэгіі, які варта абмяркоўваць.

Сьвятлана Мацкевіч, кандыдат пэдагагічных навук, мэтадоляг, сябра КР:

Сьвятлана Мацкевіч

1. Пытаньне, безумоўна, не ў асобе Сьвятланы Ціханоўскай, а ў працэдуры і тэндэнцыі. І, як я перакананая, тэндэнцыя ідзе на паўтарэньне аўтарытарызму ў апазыцыі. Я перакананая, што гэта ня той спосаб і ня тая сіла, якая б дазволіла сапраўды супрацьстаяць рэжыму. Бо наша сіла не ў паўтарэньні працэдур такога ж тыпу, не ў стварэньні вэртыкальнасьці.

Таму гэта адпачатку пройгрышная сытуацыя. Наша мысьленьне, нашу сьвядомасьць трэба пераключаць з ацэнкі асобаў на ацэнку стратэгіяў, вучыцца працаваць у полі аргумэнтацыяў. І канстатаваць тое, што ранейшая стратэгія, якая была прынятая ў 2020 годзе, у цяперашняй сытуацыі ўжо не працуе.

2. Можна працягваць падманваць сябе, што ў нас усё добра і ўсё працуе. Але трэба крытычна глянуць на сябе і перагледзець такую стратэгію. Трэба прызнаць, што перамогі не было, і гэтае разуменьне пераўтварыць у канкрэтныя пляны і дзеяньні. Гэта перафарматаваньне саміх сябе. Трэба зрабіць стаўку на доўгатэрміновыя сродкі барацьбы — адукацыя, умацаваньне сваіх культурных асноваў, адраджэньне таго, чым мы моцныя. І яшчэ адзін доўгачасовы працэс — фармаваньне грамадзкага руху. І гэты рух, на вобраз «Салідарнасьці», у сваёй аснове павінен мець каштоўнасьці і сэнсы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спроба пераасэнсаваньня. Што вырашылі на канфэрэнцыі «Новая Беларусь»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра 5 галоўных вынікаў канфэрэнцыі «Новая Беларусь»