Без пазытыву. Чаму за 30 гадоў Лукашэнка так і ня здолеў прыдумаць дзяржаўную ідэалёгію

Лукашэнка наведвае Цэнтральны камандны пункт ВС і войскаў СПА, 3 траўня 2024.

Ад самага пачатку свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка шукае ідэалёгію. У выніку праз трыццаць гадоў у краіне працуюць тысячы штатных ідэолягаў, ладзіцца мноства «ідэалягічных мерапрыемстваў», пішуцца цэлыя тамы тэкстаў на тэму ідэалёгіі, а ідэалёгіі як не было, так і няма. Чаму?

Сьцісла:

  • Ідэалёгія ня можа будавацца толькі на страху, без пазытыўнага складніка.
  • Брак «беларускай мары» тлумачыцца інтэлектуальным узроўнем улады, якая ня здольная такую мару нарадзіць.
  • Сутнасьць таго, што ў Беларусі называюць ідэалёгіяй, зводзіцца да дзьвюх фраз: «чалавек чалавеку воўк» і «хто ня з намі, той супраць нас».

Сьветлая будучыня і шчасьлівае заўтра

Тыя аскабалкі савецкіх пастулятаў, прымножаныя расейскімі штампамі, якія трансьлюе прапаганда (найперш — за вайну і супраць ЛГБТ), не прыжываюцца ў народнай сьвядомасьці, не становяцца складнікамі культуры, прыватнага і сямейнага жыцьця. Як тое было ў савецкія часы, калі, да прыкладу, у сем’ях адзначалі дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, Вялікай Перамогі, а пісьменьнікі ўслаўлялі Сталіна і камунізм. І некалькі пакаленьняў людзей пражылі ўсё сваё жыцьцё ў шчырым перакананьні, што нічога іншага і быць ня можа, а пры тым лічылі сябе шчасьлівымі. Сёньняшнія пастуляты не становяцца канстантамі і, толькі прагучаўшы, зараз жа зьнікаюць.

Вядома, што сталінская і савецкая ідэалёгія трымалася на страху, але трываласьць ёй забясьпечваў ня страх, а пазытыў. Сьветлая будучыня, камунізм, усеагульныя роўнасьць і справядлівасьць — тое, да чаго ідзе ўсё грамадзтва, тое, што надае сэнс усіхнаму жыцьцю, а ўсё нэгатыўнае, найперш гэты самы страх — тое, што мы мусім ператрываць, пераадолець і нават загінуць у імя таго самага шчасьлівага заўтра.

Культ аптымізму стваралі прафэсіяналы, і людзі масава ішлі ў кінатэатры глядзець якіх-небудзь «Веселых ребят» у часе самых масавых расстрэлаў «ворагаў народу».

Пра дзікунскую сутнасьць сталінскага таталітарызму сказана шмат. Тут жа гаворка выключна пра тое, чаму камуністам удалося стварыць ідэалёгію, а Лукашэнку — не. Няма пазытыву, няма ўва што верыць. І калі пра Сталіна маглі шчыра казаць «отец родной», дык Лукашэнку называюць «бацькам» зь відавочным падтэкстам — «ня родны».

Відавочна, што дзяржаўная ідэалёгія ня можа быць толькі нэгатыўнай. У аснове мусіць быць беларуская мара. Але ўсё, што магло б увасабляць гэтую мару — як сапраўдны інтэлектуальны скарб, Лукашэнка рашуча адкідае, абвяшчае варожым сабе і злачынным. Напрыклад, удалы дэвіз: «Краіна для жыцьця» або клясычныя Купалавы словы «Жыве Беларусь!»

«Чалавек чалавеку воўк»

Пазытыўныя складнікі на працягу 30 гадоў усяляк выкараняліся і выкараняюцца з жыцьця. На зьмену ім выстаўляюцца бессардэчныя «устойчивое развитие» ці вось гэты «год качества» і падобныя, якія да таго ж відавочна высмактаныя з пальца. Нязьменнымі застаюцца пагрозы і прыніжэньне нацыі («народзец») і краіны («кусок зямлі»). У выніку маем мілітарызацыю, дэградацыю асьветы, а сьледам і ўсёй сацыяльнай сфэры, дзе начальнікі ўсіх узроўняў укараняюць тып дачыненьняў «чалавек чалавеку воўк». Фраза, між іншым, паходзіць са старажытнарымскай камэдыі з красамоўнай назвай «Аслы».

Паказальна, што пасьля сьмерці Сталіна камуністы ў СССР прынялі пастанову, якая сьцьвярджала, што «чалавек чалавеку — сябра, таварыш і брат». Але пры ўсёй дэкляраванай пераемнасьці савецкіх рэаліяў уявіць такі пастулят у сёньняшняй прапагандзе немагчыма. Радасьць жыцьця, паветра свабоды, любоў да Беларусі, неабмежаваныя магчымасьці для чалавека, роўнасьць усіх з усімі, павага адно да аднаго сталі крамольнымі антонімамі таго, як трэба ставіцца да жыцьця і да людзей — непасрэдным зьлепкам з натуры аўтарытарнага дыктатара і таго, што радыкальна супярэчыць спрадвечным народным жаданьням, адлюстраваным у фальклёры і прафэсійнай культуры.

Чаму рэжым так і ня здолеў вымысьліць ніякага пазытыву, нічога прывабнага пра сябе, ніякай сваёй беларускай мары?

Інтэлектуальнае жабрацтва

Напэўна, гэта вынікае з самой прыроды гэтай хунты, як яе яшчэ ў 1995 годзе назваў Васіль Быкаў. Незалежная эўрапейская краіна — зусім ня той фармат, якім можа кіраваць хунта. Прымітыўны і злосны розум ведае толькі дубіну, а не пералівістую гульню думкі, кантэксты, прычынна-выніковую лёгіку, самаіронію і гумар — гэта ўсё занадта тонкія матэрыі для цяперашняй прапаганды. Але нічому іншаму няма адкуль узяцца, бо выканаўцы спрэс людзі нявыхаваныя, непрафэсійныя, неадукаваныя, пазбаўленыя крытычнага мысьленьня.

У пары з гэтым прымітывізмам думкі заўсёды ідзе і эстэтычная непрывабнасьць, пра якую марыць папросту немагчыма. Прыдуманы агратрэш з саламяных цюкоў і без усякай меры маляваньне ўсяго і ўся ў чырвона-зялёную фарбу, што само сабой малапрывабнае, ніяк ня можа натхніць, напрыклад, на напісаньне паэтычнага шэдэўра. (Нават недарэчна было б параўноўваць гэтую сытуацыю з мноствам вершаў і песень пра нацыянальную сымболіку, створаных найлепшымі паэтамі і музыкамі нацыі.)

Не згадаю ніводнага глыбокага ці прадуктыўнага, пагатоў пазытыўнага выказваньня, пачутага ад прадстаўніка ўлады. Прынамсі за апошнія чатыры гады. Што тычыцца самога Лукашэнкі, дык тое, што запомнілася за гэтыя трыццаць гадоў, усе яго цытаты, самыя яркія, яны ж і самыя, мякка кажучы, неразумныя. Каб і хацеў абвергнуць гэтыя свае словы, дык ня маю прыкладаў. Ну а пасьлядоўнікі цяпер і самі не рызыкнуць выглядаць разумнейшымі ці пагатоў пазытыўнымі.

У выніку агульны інтэлектуальны ўзровень у публічнай прасторы сышоў на нуль. На нулі ці нават у мінусе ў грамадзтве аптымізм, безь якога ніякай спраўнай ідэалёгіі ня можа быць. Паніклі тэатры, школы ўсіх узроўняў, няма шчасьця ад працы на прадпрыемствах і ўва ўстановах («Счастье в труде» — савецкі лёзунг), затое паўсюль зьявіліся страшнаватыя дзьверы, за якімі сядзіць змрочны чалавек — ці то ідэоляг, ці то кагэбіст зь лінейным мысьленьнем у галаве.

Хто ня з намі, той супраць нас

Хто ўсе гэтыя пэрсанажы? Асобы без нацыянальнай ідэнтычнасьці, бяз роду-племені, з прэтэнзіяй на рускамоўнасьць («ты не велічай мяня гаспадзінам», — кажа Лукашэнка), наваднілі публічную прастору расейскім канцылярытам, мяркуючы, мабыць, што гэтак будзе салідна: ня школа, а «учреждение образования», ня грошы, а «денежные средства», не рэальнае злачынства, а «содействие экстремистской деятельности». Пра што ўвогуле размова? Калі папросту: хто ня з намі, той супраць нас. А дзе ж грамадзкая дыскусія ці палеміка ў парлямэнце? Мёртвая цішыня і пагроза катаваньняў у турме. Дзе прапісаны ў Канстытуцыі плюралізм думак? Там, дзе і ўсё, што прапісана ў Канстытуцыі, напрыклад, абавязак дзяржавы забясьпечваць бясьпеку мірных маршаў, або фраза пра тое, што крыніцай улады ў РБ зьяўляецца народ. Канстытуцыю ўвогуле трэба чытаць «наадварот», наяве хапіла б адной гэтай фразы: хто ня з намі, той супраць нас, хто не такі, як мы — таму канец.

Шмат разоў адзначалася інтуіцыя Лукашэнкі, які «думае сьпінным мозгам», ці што ён «палітычная жывёліна». То бок, мудрасьць і сэрца ніколі ня былі ягонымі моцнымі рысамі. Інтэлектуалізм для яго і ягонага атачэньня, бадай, самае страшнае слова. Менавіта носьбіты гэтай характарыстыкі складаюць эліту палітвязьняў у беларускіх турмах і ў эміграцыі. Астатнія ўсяляк стараюцца не дэманстраваць разумовыя здольнасьці, каб не пачуць знаёмы папрок вертухая: «Ты что, самый умный?»

Кажуць, апошнім часам Лукашэнка «даў дабро» на стварэньне свайго культу асобы. Гэта відавочны крок адчаю ва ўмовах паступовай страты суб’ектнасьці дыктатара. Згадваецца, што нават Сталін выказваўся супраць культу ўласнай асобы. Выходзіць, каб запрацаваў мэханізм культу, аднога жаданьня дыктатара мала. Апроч страху, мусіць быць пазытыўны складнік. Безь яго што ў дзіравы мех ні насып, атрымаеш у выніку пшык.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.