«Справа Крыгера». Чаму пра вызваленьне свайго грамадзяніна Нямеччына вядзе перамовы з Масквой, а ня зь Менскам

Грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер падчас «інтэрвію» на прапагандысцкім дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1»

Драматычная гісторыя, якая разгарнулася вакол лёсу нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера, асуджанага беларускім рэжымам на сьмяротнае пакараньне, а потым памілаванага Лукашэнкам, стала ілюстрацыяй, адлюстраваньнем важных пераменаў у геапалітычным статусе Беларусі.

Сьцісла:

  • У выніку прысуду Рыка Крыгеру беларускія ўлады атрымалі закладніка для торгу зь Нямеччынай.
  • Нямецкае кіраўніцтва ня хоча ўступаць у перамовы з афіцыйным Менскам.
  • Бэрлін вядзе перамовы пра лёс свайго грамадзяніна, але не з кіраўніцтвам Беларусі, а з Крамлём.
  • У вялікай гульні па абмене зьняволенымі Расея выкарыстала Беларусь і Лукашэнку як інструмэнт для вырашэньня сваіх уласных палітычных задач.
  • Беларускія палітвязьні выпадаюць з поля зроку сусьветных гульцоў, іх вызваленьне не становіцца тэмай перамоваў.

На самым пачатку гэтага трагічнага сюжэту беларускія ўлады былі вельмі задаволеныя. Спэцслужбы правялі даволі ўдалую апэрацыю і радаваліся, як спрытна ўдалося «разьвесьці» нямецкага небараку Рыка Крыгера. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён пачаў адпраўляць заяўкі ва ўкраінскія добраахвотніцкія фармаваньні, прапаноўваючы свае паслугі. Аднак, мяркуючы па ўсім, натрапіў ці то на расейскія, ці то на беларускія спэцслужбы, якія яго «вялі». І ўчынены ім «тэракт» на станцыі Азярышча адбыўся пад поўным кантролем беларускага КДБ.

У выніку, здавалася б, беларускія ўлады атрымалі поўны прафіт. Нібыта пацьвердзіліся прапагандысцкія наратывы пра падступны Захад, які толькі і робіць, што ўчыняе шпіянаж, дывэрсіі і розныя непатрэбствы ў дачыненьні да міралюбнай Беларусі. Вось, маўляў, прыклады, як Украіна засылае дывэрсантаў. КДБ чарговы раз прадэманстраваў сваю эфэктыўнасьць у справе абароны дзяржавы.

Ну, і, можа, галоўнае: зьявілася тэма для торгу зь Нямеччынай. Можна ставіць умовы, нечага патрабаваць узамен за вызваленьне Крыгера. Бо асуджаны на сьмерць нямецкі грамадзянін — дарагі закладнік. У ідэале сам канцлер Оляф Шольц мог бы патэлефанаваць Аляксандру Лукашэнку і прасіць не караць сьмерцю гэтага чалавека. Спачатку прадстаўнік МЗС Беларусі празрыста намякаў, што, маўляў, у Менску чакаюць нейкай рэакцыі з Бэрліну. Потым сталі гаварыць пра гэта адкрытым тэкстам.

У межах такой стратэгіі і адбылося памілаваньне Рыка Крыгера.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера

Аднак потым нешта пайшло ня так. Высьветлілася, што кіраўніцтва Нямеччыны чамусьці не жадае ўступаць у торг з афіцыйным Менскам. І гэта стала вялікім расчараваньнем для беларускіх уладаў. Галоўны ляйтматыў дзяржаўнай прапаганды палягае ў тым, што нямецкім уладам абыякавы лёс свайго грамадзяніна. Настойлівае паўтарэньне гэтага наратыву вельмі выразна паказвае, чаго хоча Менск. Вечарам 30 ліпеня, ужо пасьля навіны пра памілаваньне Рыка Крыгера, прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант заявіла ў камэнтары расейскаму «РИА Новости», што «падобна, ягоны лёс Бэрлін не хвалюе».

Аднак гэтыя нараканьні афіцыйнага Менску наконт абыякавасьці нямецкіх уладаў гучаць на тле паведамленьняў розных мэдыя, найперш расейскіх, пра «маштабны» абмен зьняволенымі, які рыхтуецца паміж Нямеччынай і Расеяй. Гэта азначае, што насамрэч Бэрлін вядзе перамовы пра лёс свайго грамадзяніна, але не з кіраўніцтвам Беларусі, а з Крамлём. То бок Нямеччына імкнецца мець справу з сапраўдным гаспадаром, аўтарам гэтай спэцапэрацыі пад умоўнай назвай «Крыгер».

Справа ў тым, што ўжо даўно паміж Бэрлінам і Масквою ідуць перамовы пра лёс афіцэра расейскіх спэцслужбаў Вадзіма Красікава, асуджанага ў Нямеччыне на пажыцьцёвае зьняволеньне за заказное забойства былога чачэнскага палявога камандзіра. Нямецкі ўрад адмаўляўся яго вызваляць. І тады кіраўніцтва Расеі і Беларусі прыдумала такую спэцапэрацыю, якая скончылася сьмяротным прысудам нямецкаму грамадзяніну. І дзеля гэтага спатрэбіўся беларускі кейс. Бо Беларусь — адзіная краіна Эўропы, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне.

Мяркуючы па ўсім, цяпер Бэрлін пагадзіўся на вызваленьне Красікава, але запатрабаваў, каб быў вызваленыя ня толькі Крыгер, але і іншыя расейскія палітзьняволеныя (апазыцыянэры, журналісты). І цяпер рыхтуецца такі абмен.

Выглядае, што ў гэтай вялікай гульні ў справе абмену зьняволенымі Расея скарыстала Беларусь і Лукашэнку як інструмэнт для вырашэньня сваіх уласных палітычных задач. Прычым ня першы раз.

Месяц таму адбыўся абмен зьняволенымі з Украінай. Тады зь беларускіх турмаў выйшлі пяцёра ўкраінскіх грамадзянаў. Узамен Кіеў вызваліў аднаго з высокапастаўленых сьвятароў Рускай праваслаўнай царквы, які быў затрыманы ўкраінскімі спэцслужбамі. Зразумела, якую карысьць у выніку атрымалі ўкраінскі і расейскі бакі. А вось што атрымаў у выніку таго абмену афіцыйны Менск, незразумела. Выглядае, што нічога.

Цяпер гісторыя паўтараецца. Крыгера абмяняюць на Красікава, а Лукашэнка застанецца, як калісьці казалі ў Адэсе, «пры сваіх інтарэсах». То бок — ні з чым.

Але тут важна іншае. Апошнім часам некаторыя зь лідэраў апазыцыі выступалі і выступаюць за тое, каб міжнародная супольнасьць прызнала Беларусь акупаванай тэрыторыяй і на гэтай падставе спыніла ўсялякія стасункі з рэжымам Лукашэнкі.

Дык вось, здаецца, цяпер Нямеччына якраз і зыходзіць з такой лёгікі. Беларусь і яе кіраўнік Лукашэнка — не суб’екты палітыкі, яны — васалы Расеі. Таму няма неабходнасьці зь Менскам пра нешта размаўляць, дамаўляцца трэба з сапраўдным гаспадаром.

А беларускія палітзьняволеныя тым часам выпадаюць з поля зроку сусьветных гульцоў, яны не становяцца тэмай перамоваў. Бо Беларусь — «акупаваная тэрыторыя», Лукашэнка — не суб’ект, няма пра што зь ім гаварыць. Вось такі нечаканы пабочны эфэкт ад, здавалася б, радыкальнай стратэгіі, накіраванай на міжнародную дэлегітымізацыю лукашэнкаўскага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды»: «Belpol»: Як КДБ «разьвяло» немца і навошта яго пагражалі расстраляць