Вольга жыве ў Варшаве з 2021 году (суразмоўца прасіла не называць яе прозьвішча дзеля бясьпекі. — РС). Працуе ў дзяржаўнай установе. Вечарам 25 ліпеня, каля 20:50, беларуска ішла ў кавярню ў цэнтры Варшавы, на вуліцы Бэльвэдэрскай, на сустрэчу са знаёмым. Расказвае, што да месца спатканьня не дайшла некалькі мэтраў — на яе напаў незнаёмец.
«Ён ішоў ззаду, нешта крычаў, размаўляў зь некім па тэлефоне, вельмі гучна, і ўсё казаў нешта „Ku...a, pe...l“. Я не зьвяртала ўвагі, але ён раптам плюнуў мне ў сьпіну. Калі я азірнулася, ён пачаў крычаць па-польску ў тым сэнсе: „Чаго ты азіраесься?“, брудна лаяўся, потым яшчэ раз плюнуў, у твар, і напаў на мяне з кулакамі. Ён крычаў груба па-польску: „Панаехалі сюды!“, „Вяртайся ў сваю Ўкраіну!“», — успамінае Вольга.
Суразмоўца кажа, што была ў стрэсе і шоку. Яна крычала, прасіла аб дапамозе, але ніхто не рэагаваў, хоць на вуліцы яшчэ было сьветла, былі людзі. Па словах беларускі, яна ніякім чынам не cправакавала нападніка.
«Я была ў стрэсе і зусім дэзарыентаваная. Зайшла дахаты, каб прыкласьці лёд да скроні. Хацела выклікаць „хуткую“, бо мне было блага, але не магла ўспомніць нумар, пачала шукаць у інтэрнэце, выклікала паліцыю», — кажа Вольга.
Яна дадала, што нападнік гучна крычаў і абражаў яе, крычаў, што яна «вар’ятка, ненармальная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура ўзмацніла абвінавачаньні мужчыну, падазраванаму ў згвалтаваньні беларускі Лізаветы ў Варшаве«Паліцыя параіла самой ідэнтыфікаваць нападніка»
Беларуска кажа, што нападнік спакойна сеў у гарадзкі аўтобус і паехаў. Яна пасьпела сфатаграфаваць яго, паказвала гэтае фота паліцыі. Але, паводле Вольгі, паліцыю мала зацікавіў інцыдэнт.
«Яны мяне выслухалі і прыйшлі да высновы, што я блытаюся ў паказаньнях. Як я магла ня блытацца, калі я была ў шоку, стрэсе, ды яшчэ атрымала кулаком у скронь? Паліцыя сказала, што гэта адміністрацыйная справа, і параілі самой ідэнтыфікаваць нападніка. Там вуліца, шмат камэр назіраньня, але вось так», — кажа беларуска.
Вольга прайшла абсьледаваньне ў шпіталі і атрымала бальнічны на 8 дзён. У выпісцы са шпіталя пазначана, што яна мае сьляды ўдару (копія выпіскі ёсьць у рэдакцыі. — РС). Пакуль нічога сур’ёзнага лекары ня выявілі, параілі назіраць за сваім станам.
«Ад перажытага стрэсу я ледзьве трымалася на нагах. Мне здаецца, што ў нейкі момант нападу я страціла прытомнасьць, ня памятаю, ці падала пры гэтым, ці не», — дзеліцца Вольга.
Па словах суразмоўцы, у паліцыі ёй таксама параілі мець бальнічны, каб «даць ход справе». У найбліжэйшыя дні беларуска зноў зьвернецца да праваахоўнікаў.
«Прыкра, што такое адбываецца, а грамадзтва абыякавае, нібыта гета ў цэнтры гораду», — кажа Вольга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма слоў, каб апісаць тое, што адбылося». Што кажуць жыхары Варшавы, якія прыйшлі да мэмарыялу памерлай ад гвалту беларускі. ВІДЭА