Улетку таго 1984 году пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту мы, выпускнікі, былі на вайсковых зборах пад Слонімам. І 25 ліпеня я атрымаў тэлеграму ад старэйшага калегі Анатоля Сідарэвіча: «Сёньня а чацьвертай памёр наш вялікі пісьменьнік Уладзімер Сямёнавіч Караткевіч». Напэўна, мы з аднакурсьнікамі яшчэ і не маглі б дакладна вызначыць значэньне Караткевіча ў пазачасавай пэрспэктыве, але плакалі ўсе, бо проста адчувалі, хто адышоў.
Сьцісла:
- Літаратурная спадчына Ўладзімера Караткевіча настолькі магутная, што, здаецца, публіцы, пры ўсім жаданьні, не хапае ўласных магутнасьцяў для яе адпаведнага засваеньня.
- Негатовасьць да поўнага засваеньня Караткевіча параўнальная зь негатовасьцю беларусаў да незалежнасьці краіны 30 гадоў таму.
- Лёс творчай спадчыны Караткевіча быццам паўтарае лёс яго галоўнага героя, Кастуся Каліноўскага.
Хто такі Ўладзімер Караткевіч
Паводле аб’ёму і нязьменнай запатрабаванасьці ў чытача Караткевіча ў беларускай літаратуры параўнаць няма з кім. Хіба што з Васілём Быкавам. Але трэба ўлічваць, што Быкаў, так бы мовіць, сур’ёзны пісьменьнік, а Караткевіч — для ўсіх, у тым ліку для падлеткаў і рамантычных дам, што гарантуе яму вечную будучыню, наколькі вечнай яна можа быць. Да таго ж геній Быкава будуць тлумачыць заўсёды, а геній Караткевіча невытлумачальны.
Пражыўшы бязь нечага 54 гады, ён адбыўся ў кожным сваім амплюа: і як унікальны беларускі паэт, і як унікальны беларускі празаік, і як унікальны беларускі драматург. Як Аляксандар Дзюма, напрыклад, і як Ганс Хрысьціян Андэрсан, і як Агата Крысьці, і як кожны клясык, які ў прынцыпе адбыўся. Быццам у ім адным было некалькі творцаў розных жанраў, пры тым, што ў кожным творы мы зь першага абзацу ці страфы пазнаем аўтара паводле стылю, максымалізму і натуральнага для яго рамантызму. Чым ён зусім не падобны з Быкавым (і тут ужо ўласна быкаўская тэрыторыя), мы ня знойдзем у Караткевіча экзыстэнцыйных матываў. Гэткім чынам дзьве выбітныя постаці надзвычай разнастайна ўвасобілі вобразы Беларусі і беларусаў у літаратуры.
Ёсьць яшчэ адчуваньне таго, што Караткевіч несканчальны і публіка не пасьпявае засвойваць ды асэнсоўваць яго пры тым, што траціць на гэта максымум сілаў. Згадаць хоць бы опэру (нават дзьве паўнавартасныя опэры) «Дзікае паляваньне караля Стаха», лёгка ўявіць сабе, што будзе і працяг... Выглядае, што публікі папросту недастаткова, каб ператраўляць увесь гэты выдатны матэрыял. Іншымі словамі, колькі б Караткевіча ні перавыдавалі, ні ставілі на сцэне і ў кіно, ні вывучалі, ні ўшаноўвалі рознымі спосабамі, будзе заставацца гэтае адчуваньне недастатковасьці.
Караткевіч — максымаліст, у галоўных прынцыпах ніколі ня здольны на кампраміс: «Зрабі ўсё, што можаш, і трошачкі больш». І вось праз 40 гадоў безь яго гэтаксама паводзіць сябе ягоная творчасьць, сьцьвярджаючы, што яе аўтар — большы за ўсё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш Быкаў». Сяргей Дубавец: Як Васіль Быкаў «шаблячкай махаў»«Зрабі ўсё, што можаш, і трошачкі больш»
Адносіны Караткевіча з мажнаўладцамі савецкай пары нагадваюць рызыкоўны флірт. Асноўны час творчасьці пісьменьніка прыпаў на пэрыяд кіраваньня Машэрава (1965–1980). Аўтар мог сабе дазволіць гучна заявіць, што ён нацыяналіст, але «ўсіхны», яшчэ і польскі, і ўкраінскі, і нямецкі, і рускі... А яшчэ, што ён шавініст:
«Па той прычыне, што жылі ў гэтым лепшым са сьветаў і рабілі яго далёка ня лепшым розэнбэргі і гімлеры, мураўёвы і ўласавы і іншыя, няма ім ліку».
Калі ў ЦК КПБ яго папракалі «ідэалізацыяй гісторыі», ён адказваў: дык я ж яе ідэалізую, а не ачарняю.
Здавалася, Караткевіч пачуваецца заўзятым гульцом у фэерыі, дзе ўсяляк перагукаюцца і ўступаюць ва ўзаемаадносіны падзеі і героі літаратуры, мінуўшчыны, сучаснасьці і само жыцьцё ператвараецца ў дзівоснае палатно, быццам гэта ягоны, Караткевічаў, твор.
На сцэне Віцебскага тэатру ў спэктаклі на ягоную п’есу «Кастусь Каліноўскі» ролю графа Мураўёва-вешальніка бліскуча граў Фёдар Шмакаў, чалавек расейскага паходжаньня, народны артыст СССР, які звычайна выконваў ролю Леніна... Раман «Леаніды ня вернуцца да зямлі», хоць і быў напісаны да прыходу Брэжнева, ня змог пабачыць сьвет, бо акурат пры ўладзе апынуўся «дарагі Леанід Ільіч». Праўда, патлумачылі прычыну ня назвай (леаніды — мэтэорны паток), а зьместам, «абстрактным гуманізмам», і выйшаў раман пад назвай «Нельга забыць» у 1982-м, акурат у год сьмерці Брэжнева.
У кожным разе адносіны ўлады да дзеячоў культуры ў часы Машэрава былі зусім іншыя, чым сёньня. Культура, як мінімум, была, яе існаваньне з боку ўлады ўлічвалася і фінансавалася. І былі звычайнай зьявай аншлягі на тэатральных спэктаклях або, скажам, на канцэртах «Песьняроў» ці ў рэальных чэргах па новую кнігу Караткевіча, якая сходу друкавалася накладам 60 тысяч асобнікаў. Сёньня большасьць аўтараў у Менску ня мараць і пра тысячу. Культура з аншлягамі і накладамі зьнікла, а месца пісьменьнікаў каля ўлады занялі пагромнікі-прапагандысты. Ці ня тут хаваецца прычына майго адчуваньня недастатковасьці Караткевіча? І як жа падобнае яно на сёньняшняе адчуваньне недастатковасьці самой беларускай незалежнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня я ў літаратуры, а літаратура ўва мне». У новым рамане Бахарэвіча зьнік аўтарКараткевіч як незалежнасьць
Можа быць, той статус Беларусі як савецкай рэспублікі (а іншай Караткевіч і ня ведаў) быў сувымерны чаканьням людзей і культурныя шэдэўры, якія спрыялі марам пра большае, падвышалі чаканьні гэтага большага. Тым часам ва ўжо здабытай незалежнасьці нічога большага чакаць не даводзілася і заставалася толькі замацавацца на дасягнутым і жыць, наадварот, зьмірыўшыся са сваім асабістым нацыянальным, сацыяльным, інтэлектуальным ды пэрсанальным нізкім жыцьцёвым гарызонтам, трымаючыся «хоць бы» за яго. І каб нішто ўжо не правакавала ні на якія ўзьлёты, былі вернутыя ўмоўна камфортная для «сярэдняга чалавека» забарона вальнадумства і страх.
Ня тое, што незалежнасьць упала зь неба (такое само ня падае, бо гэта каштоўнасьць). Ня тое, каб людзі не хацелі незалежнасьці. Хто ж ня хоча жыць у асобнай кватэры. А вось што 30 гадоў таму людзі не былі гатовыя да незалежнасьці, да таго, каб фантастычны Караткевіч стаў формулай быту і ўсяго жыцьця, каб рабіць усё, што можаш, і трошачкі болей, бо незалежнасьць патрабавала гэтага «трошачкі болей», як быццам усім стаць Караткевічамі — не атрымалася. Перамагла думка «А як жа нам без начальства зь яго апекай і пугай?».
У 2020-м гэта калі не зразумелі, дык адчулі мільёны: мы ўрэшце дасьпелі і хочам, хочам трошачкі болей! Але было запозна. Паганяты замест пугі схапіў у рукі аўтамат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэмінгуэй, Стывэн Гокінг і Ўладзімер Караткевіч. Што журналіст Карней чытае на «Валадарцы»Эзопава мова — «чытай між радкоў»
Пра Караткевіча склаўся стэрэатып як пра гістарычнага пісьменьніка. Сапраўды, ягоныя раманы, вершы і асабліва п’есы прысьвечаныя гістарычным асобам і падзеям. Але ўласна гісторыю з гэтых мастацкіх твораў не спазнаеш. Бо насамрэч гісторыя з усімі яе пэрыпэтыямі і «будаўнічым матэрыялам» у Караткевіча — гэта мэтафара сучаснасьці, таго стану, у якім апынулася нацыя; мэтафара яе лёсу і таго, чаго яна хоча. Мастацкія тропы, афарызмы (а Караткевіч найбольш афарыстычны беларускі пісьменьнік), іншасказаньне, эзопава мова сталі для пісьменьніка найбольш удалым шляхам пераадоленьня савецкай цэнзуры, а адначасова магутнымі інструмэнтамі ўвасабленьня ягонага таленту.
Згадваю трапную (а сёньня дык асабліва) прыпавесьць з раману «Каласы пад сярпом тваім» пра Бога і Беларусь:
«Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім — тое. Прыйшлі беларусы... Вельмі ж Пану Богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: „Рэкі вам даю поўныя, пушчы — нямераныя, азёры — нялічаныя. Сьпёкі ў вас ніколі ня будзе, але і холаду — пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі ня дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, працавітыя, але і голаду ў вас ніколі ня будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Ня ўродзіць хлеб, то ўродзіць бульба. А яшчэ зьвяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках касякамі, пчолы ў борцях мільёнамі. А травы — як чай. Ня будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці — дужыя, сады — багатыя, грыбоў ды ягад — заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песьні, вершы — здатныя. На дойлідзтва — таксама. І будзеце вы жыць ды жыць, ну як...“ Тут яго Мікола ў бок штурхае: „Пане Божа, ды вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаяцё! Гэта ж вы божа мой!.. Ды яны пры іхняй языкатасьці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць — дай бог нам за вамі“. Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць ня будзеш. Сапраўды, ёсьць ужо яна, зямля. Лані бягуць — лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы — да сонца. „Добра,— кажа,— зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся — дам я вам найгоршае ўва ўсім сьвеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб’е. Гэта вам для раўнавагі“».
Пісалася, быццам сёньня, хоць, паўтаруся, што гэта былі часы Машэрава і караткевічаўскага флірту з уладай. Была, вядома ж, тады жорсткая савецкая цэнзура, што, аднак, не перашкодзіла Караткевічу зь ягоным нацыянальным бэкграўндам стаць самым чытаным аўтарам. Бо літаратура не падзялялася на афіцыйную і апазыцыйную, а патрэба эзопавай мовы вымагала ад літаратара максымальнага ўключэньня свайго таленту.
Сёньня цэнзуры няма, і думаецца, што, як ні круці, гэта была інтэлектуальня гульня, бо цэнзуру пераконвалі, яе абводзілі вакол пальца, зь ёй можна было размаўляць. Цяпер жа змаганьне з вальнадумствам вядзецца выключна праз забарону кніг, выгнаньне аўтараў з краіны, забіраньне з друкарняў, кнігарняў і бібліятэк. Прымальная толькі праваенная і антыбеларуская пазыцыя, лабавая, без намёку на эзопавы штучкі. У чыстым выглядзе гэтая пазыцыя, мілітарная і антычалавечая, цалкам супярэчыць Караткевічу, радыкалу і экстрэмісту ў пляне чалавечнасьці, літаратурнасьці і свабоды. Таму ў сёньняшняй Беларусі сьледам за галоўным героем Караткевіча Кастусём Каліноўскім і беларускай мовай, здаецца, амаль немагчымым робіцца і сам Караткевіч. Праўда, толькі амаль. Бо ёсьць яшчэ, як казаў ён сам, незьнішчальная сіла духу. Зусім ня проста так ён назваў свой апошні паэтычны зборнік словамі «Быў. Ёсьць. Буду».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Дзікае паляваньне...“ Караткевіча натхнёнае Ўкраінай». Андрэй Хадановіч пра працу над лібрэта да опэры, якую паставяць у Лёндане ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню апублікавалі ўнікальны сьпеў «Цьвярдыня» ў выкананьні Ўладзімера Караткевіча