2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
З Васілём Быкавым мы дачыняліся эпізадычна, хоць узаемадзейнічалі нямала. Ён быў чалавекам негаваркім. Затое ў тэкстах — гутарках, эсэ, апавяданьнях (у маіх, прынамсі) безь яго не абыходзілася. У многіх сэнсах ён быў, а таксама і застаўся для мяне чалавекам калі не загадкавым, дык большым за разуменьне.
Ён казаў мне, што маладзейшым няма чаго пісаць пра вайну, няхай дачакаюцца, калі памруць вэтэраны. А я тады адказаў апавяданьнем, дзе пісьменьнік-франтавік, уганараваны ўсімі рэгаліямі небажыхар, сядзіць на аблачыне і кідаецца адтуль яблыкамі. З майго боку гэта было прыязнае, але пікіраваньне. Ён адрэагаваў позіркам, у якім я прачытаў яску змовы. Маўляў, намёк зразумеў.
Такі быў тып адносінаў — ад пачатку 1980-х (Быкаў на два гады старэйшы за майго бацьку, таксама, дарэчы, франтавіка) — калі паміж вамі ўсталёўваецца мяжа, і не адразу разумееш, чаго тут больш: недаверу ці спадзеву. Мне здавалася, што гіпэрсур’ёзны і заўсёды засяроджаны Быкаў ніколі не ўсьміхаецца, ня здольны на нейкую радыкальную перамену свайго вобразу. І мне карцела яго «раскатурхаць», падбіць на якую-небудзь вясёлую авантуру, вывесьці сьфінкса зь ягонага каменнага спакою. Але неўзабаве я зразумеў, што ён якраз такімі ўчынкамі і жыве, а маё першае ўражаньне не адпавядае сапраўднасьці.
Кажуць, што Быкаў любіў слухаць песьню «Шумныя бярозы» на словы Янкі Купалы. Тую самую, дзе «Ой, пайду я ў поле, як бы на вайну, // Шукаючы волю, шаблячкай махну». «Шаблячкай махнуць» — як адрэзаць, адсекчы, прычым незваротна.
Памяншальная форма слова, ды яшчэ і ў выкананьні пяшчотным тэнарам Данчыка, канчаткова ператварае фразу ў жывы аксюмаран. Купалаў затурканы і бязвольны беларус робіць беспрэцэдэнтныя, незваротныя і лёсавызначальныя ўчынкі і вылузваецца такім чынам з уласнага стэрэатыпнага вобразу.
Дом кіно
Часта ўспамінаю эпізод, які адбыўся 19 кастрычніка 1988 году на сходзе беларускай інтэлігенцыі ў Чырвоным касьцёле ў Менску (тады — Доме кіно). Мы сабраліся, каб утварыць таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі», а пры тым, натхнёныя краінамі Балтыі, трымалі ў сэрцы таемную мару заснаваць Беларускі народны фронт.
Палымяныя выступы гучалі ў дарэшты наэлектрызаванай залі. Вось ужо і словы «народны фронт» прагучалі, але неяк нерашуча, як ідэя, а не як штуршок да дзеяньня.
Прысутнічала начальства з ЦК КПБ, зьбітае з панталыку гарбачоўскай «перастройкай» і шырокай кампаніяй галоснасьці. Начальства вагалася. Па ідэі, трэба было рашуча спыніць усё гэтае «безобразие».
Вагаўся і сход, які ахоплівала то натхнёнае чаканьне, то прадчуваньне непапраўнай гістарычнай паразы. Абвяшчэньне БНФ стала б першым крокам да незалежнасьці краіны. Таму на нашых вачах адбываўся самы важны іспыт для самой Беларусі. Усё ішло да кульмінацыі — быць ці ня быць. Ці мы такія самыя, як балтыйскія нацыі, ці сапраўды зашораныя савецкія «калхозьнікі», якімі нас і сябе ўспрымала начальства з ЦК. І кульмінацыя надышла.
Мікрафон схапіў цэкоўскі таварыш Павал Бузук. Што ён казаў, не прыгадаю, але ўсе разумелі, што начальства вырашыла сарваць сход. І тады ўстаў Быкаў. Адабраў у Бузука мікрафон і працягнуў весьці сход сам. Наш карабель паплыў тым курсам, пра які марылі мы і многія пакаленьні да нас.
Можна, вядома, разважаць пра тое, што градус кіпеньня таго сходу быў настолькі зашкальны, што калі ня Быкаў, дык нехта іншы зрабіў бы той рашучы крок. Але, зважаючы на нашу беларускую тактоўнасьць ды абачлівасьць і на тое, што галоўным аўтарытэтам у залі быў менавіта ён, у тым ліку і для цэкоўскага начальства (чалавек-франтавік з зоркай Героя і Ленінскай прэміяй), разумееш, што гэта мусіў быць толькі ён. І самае галоўнае, ён гэта разумеў сам. Мусіў пайсьці па цаліку першы. Мусіў адсячы ўсё, што замінала рушыць у будучыню.
«Краінай кіруе хунта»
Калі Лукашэнка ўчыніў пагром у Вярхоўным Савеце ў 1995-м, Быкаў назаўтра адгукнуўся тэкстам «Краінай кіруе хунта». Выглядае, што для многіх, для большасьці гэтыя словы прагучалі як эмоцыя. Між тым гэта была дэфініцыя, азначэньне той сыстэмы, якую ўсталяваў у краіне новы правіцель. І большасьці спатрэбілася пражыць у гэтай сыстэме цэлае жыцьцё, каб у 2020-м пераканацца ў дакладнасьці быкаўскіх словаў.
Заўважце, гэта 1995 год, яшчэ не было рэфэрэндуму супраць беларускай мовы і сымболікі. Нацыянальная інтэлігенцыя толькі прыглядаецца да новага прэзыдэнта, многія, асабліва старэйшыя пісьменьнікі, спадзяюцца на лепшую долю для сябе і сваёй творчасьці пры ім. А тут раз — і ніякі кампраміс немагчымы.
Васіль Быкаў, вядомы, прызнаны і ўганараваны ўладамі літаратар, рашуча і незваротна адсякае самога сябе ад гэтых уладаў. Ясна, што пра сябе пэрсанальна ён думаў у апошнюю чаргу. Але на ягоных вачах Беларусь падала ў прорву гісторыі, адкуль толькі зусім нядаўна выбралася на паверхню. Хунта прыйшла, каб вынішчыць усё, што беларускага вырасла на беларускай зямлі пасьля сталіншчыны, каб зноў зачысьціць гэтую прастору, «обезобразить», загнаць у няволю таго купалаўскага беларуса, адабраць у яго «шаблячку». І Быкаў, як наастачу, махнуў.
Камісараўка і тарашкевіца
Васіль Быкаў першы з карыфэяў беларускай літаратуры вярнуўся да клясычнага правапісу. Многія і цяпер бачаць у такім учынку нешта «чыста тэхнічнае» ці малаважнае, або нават разбуральнае, маўляў, «школа піша наркамаўкай». Тым часам пытаньне агульнага пераходу завісла, і вось ужо школы той, бадай, не засталося... На крывавым балоце дом не збудуеш. Напэўна, так разважаў пісьменьнік.
У 1998 годзе, калі хунта рассыпала ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» набор новай кнігі Быкава «Сьцяна», мы ў «Нашай ніве» прапанавалі яму выдаць кнігу ў нас, за народныя грошы, якія зьбярэ рэдакцыя, і сама кніга такім чынам стане народнай. Быкаў пагадзіўся і прынёс рукапіс. Рукапіс быў тарашкевіцай.
Ня тое каб ён падладжваўся пад «Нашу ніву», хоць гэта і можна было прыняць за карэктнасьць. Але гэта быў сьветапоглядны і зноў незваротны крок. Да камісараўкі Быкаў больш не вяртаўся. Адсек.
Ён ня бачыў тут «філязофскага пытаньня», а бачыў масавыя рэпрэсіі, расстраляных мовазнаўцаў і абсалютна ідыёцкае «абгрунтаваньне» правапіснай «рэформы» 1933 году — дзеля спрашчэньня правапісу беларускай мовы і набліжэньня яе да расейскай. Ідыёцкае для тых, хто хоча незалежнасьці, хто, шукаючы волі, ідзе, быццам на вайну. Як ты здабудзеш волю ад Расеі, маючы на нагах расейскія кайданы той «рэформы», калі твая мова — у прыніжаным становішчы, сама зьняволеная, ня можа стаць зброяй, як сёньня становіцца ўкраінская ва Ўкраіне.
Быкаў бачыў, вядома, што ўся незалежная прэса, якая ад нараджэньня свайго карысталася клясычным правапісам, дрэйфуе ў бок наркамаўкі, і глядзеў на гэта са скрухай, паўтараў словы пра нясталасьць нацыі. Я фізычна адчуваю ягоную скруху, калі бачу, што і ў эміграцыі, куды пераехала ўся незалежная прэса, яна працягвае выходзіць савецкім правапісам. Чаму нічога не мяняецца? Таму, што ніхто нічога не мяняе. І няма беспрэцэдэнтнага чалавека, які б зьмяніў.
Быкава няма. Хоць я чую ягоныя і Купалавы матывы ва ўчынках і лёсе цяперашніх герояў, якія, на жаль, у турмах. У Паліны Шарэнды-Панасюк, яе бясстрашным «апошнім слове» («Я перад бандытамі не ўстаю!»); у Марыі Калесьнікавай, якая на мяжы парвала свой пашпарт, каб ня быць вытуранай зь Беларусі; у Рамана Бандарэнкі, у Вітольда Ашурка, у Алеся Пушкіна... У тых, хто пайшоў насуперак хунце. І адчуваю канечную патрэбу пра ўсё гэта з Быкавым нарэшце пагаварыць.
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.