«Першы вырак у Беларусі, калі сьмяротнае пакараньне не за забойства». Праваабаронца пра прысуд грамадзяніну Нямеччыны Крыгеру

Рыка Крыгер

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, сьмяротны прысуд Рыка Крыгеру вынесьлі ў канцы чэрвеня. Вядома пра гэта стала толькі цяпер

19 ліпеня стала вядома пра сьмяротны прысуд у Беларусі для грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера (Rico Krieger), які быў вынесены 24 чэрвеня. Судзіць Крыгера пачалі ў Менску на пачатку таго ж месяца.

«Гэта першая выключная мера пакараньня для замежніка ў Беларусі. І калі сьмяротнае пакараньне — не за забойства», — сказаў у камэнтары Свабодзе праваабаронца Леанід Судаленка.

Ён лічыць, што такі вырак невыпадковы. На думку Судаленкі, улады Беларусі разьлічваюць на торг вакол гэтай справы.

«Бо Нямеччына захоча забраць яго сабе. Там жа, у Нямеччыне, няма сьмяротнага пакараньня», — зазначае юрыст.

Як паведамілі ў МЗС Нямеччыны ў адказ на запыт DW, ведамства і пасольства ФРГ у Менску аказваюць консульскую дапамогу гэтай асобе і інтэнсыўна працуюць зь беларускімі ўладамі ў яе інтарэсах.

«Сьмяротнае пакараньне – гэта жорсткая і бесчалавечная форма пакараньня, якую Нямеччына не прымае пры любых абставінах», – гаворыцца ў адказе нямецкага МЗС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек сьвядома казаў: Лукашэнка ўсталюе дыктатуру, затое будзе парадак», — Дзьмітры Шчыгельскі ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі»

Суд над грамадзянінам Нямеччыны Рыка Крыгерам праходзіў у Менскім абласным судзе з 6 чэрвеня. Паводле інфармацыі «Вясны», Крыгера прызналі вінаватым ва «ўчыненьні выбуху ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, застрашваньня насельніцтва, дэстабілізацыі грамадзкага парадку (акце тэрарызму), зьдзейсьненым асобай, якая раней учыніла злачынства, прадугледжанае ч. 4 арт. 295 КК, арганізаванай групай, то бок у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 289 КК».

Таксама праваабаронцам стала вядома, што справа вайсковага лекара тычыцца палка Каліноўскага, а менавіта яго структурнага падразьдзяленьня — замежнага мэханізаванага батальёна «Western». Але Полк Каліноўскага гэтую сувязь адмаўляе.

Вядома, што Крыгер нарадзіўся ў Бэрліне і працаваў санітарам-ратавальнікам у «Нямецкім Чырвоным крыжы». У Нямеччыне ў мужчыны засталося непаўналетняе дзіця. Таксама вядома, што Рыка Крыгер нейкі час працаваў афіцэрам па спэцыяльнай бясьпецы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў Бэрліне, дзе займеў досьвед збройных апэрацый бясьпекі. Пасьля гэтай пасады ён перайшоў у сфэру аховы здароўя, працаваў мэдбратам, спэцыялізаваўся на хуткай мэдычнай дапамозе.

Афіцыйна пра сьмяротны прысуд Крыгеру не паведамлялася. Улады Беларусі яго пакуль ніяк не камэнтавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ваўкавыску затрымалі маці анархіста Францкевіча і яе сястру, калі яны прывезьлі яму перадачу