У Беларусі актыўна ўжываюць практыку завочных крымінальных спраў супраць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якія выехалі за мяжу. Апошнім часам ад палітыкаў, якія дзейнічаюць адкрыта, перайшлі да шараговых актывістаў. Пры гэтым улады арыштоўваюць маёмасьць, каб потым канфіскаваць яе, прадаць і пакрыць нібыта нанесеную дзяржаве шкоду. Канфіскавалі маёмасьць у Сяргея і Сьвятланы Ціханоўскіх, Валера і Веранікі Цапкалаў, Паўла і Яны Латушак і многіх іншых вядомых і невядомых беларусаў. Маштабы канфіскацый ацаніць складана, бо ня ўсе хочуць апублічваць факт адабраньня маёмасьці.
Пра рэстытуцыю, або вяртаньне канфіскаванай маёмасьці, Свабода пагаварыла з экспэртамі, а таксама паглядзела, чым можа быць карысны досьвед краінаў, дзе рэстытуцыя праводзілася.
Ці былі судовыя прэцэдэнты, калі ў Беларусі вярталі адабраную маёмасьць?
У беларускіх судах ёсьць практыка вяртаньня маёмасьці, якая была набытая злачынным шляхам, кажа праўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», адвакат Міхаіл Кірылюк, успамінаючы судовыя працэсы да 2020 году, у якіх і сам браў удзел.
— Вярталі маёмасьць у крымінальных і грамадзянскіх справах. Была, напрыклад, так званая «справа аўтахаўзаў», або справа аб банкруцтвах, калі людзі, карыстаючыся службовым становішчам, прадавалі чыюсьці маёмасьць за вельмі нізкую цану і злоўжывалі такім чынам сваім службовым становішчам, або махлярскім шляхам завалодвалі чужой маёмасьцю і потым прадавалі яе. Зь вяртаньнем маёмасьці беларускія суды спраўляліся, нават лукашэнкаўскія суды, нават да 2020 году, нават без адмысловага заканадаўства, толькі выкарыстоўваючы Грамадзянскі кодэкс. У гэтых выпадках для беларускіх судоў быў заўсёды ў прыярытэце чалавек, якога гэтай маёмасьці пазбавілі.
Што такое нядобрасумленны пакупнік у судовай практыцы?
Паводле юрыста Кірылюка, праблемы ўзьнікалі ў тых людзей, якія адабраную маёмасьць куплялі.
— На падставе Грамадзянскага кодэксу суд павінен быў вырашыць, гэта быў нядобрасумленны пакупнік ці добрасумленны. У вялікай колькасьці справаў, у якіх я браў удзел як праўнік, суд рабіў выснову, што пакупнік нядобрасумленны. На падставе якіх довадаў ён гэта рабіў? Напрыклад, пакупнік меў шчыльныя адносіны з прадаўцом або валодаў спэцыяльнай інфармацыяй пра тое, што гэтая маёмасьць набытая крымінальным шляхам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадаваць, купляць, выпісвацца? Ці можна вярнуць адабранае? Парады экспэрткі пра тое, што рабіць зь нерухомасьцю ў БеларусіЯк будзе суд у будучыні разьбірацца з умоўным амапаўцам, які купіў кватэру Ціханоўскіх?
Калі ўявіць сытуацыю, што ў Беларусі ўсталяваўся справядлівы суд, то на падставе якога заканадаўства могуць разглядацца справы аб вяртаньні канфіскаванай маёмасьці? Кірылюк спрабуе зрабіць прагноз:
— Уявім, што мы дамагліся, што ў Беларусі ўсталяваўся справядлівы суд. І суд ня будзе ўхіляцца ад дзейнай раней судовай практыкі ў справах аб вяртаньні маёмасьці, набытай крымінальным шляхам. І суд пачне высьвятляць тыя самыя пытаньні, якія высьвятляліся раней. Напрыклад, ці ведаў чалавек, які купляў маёмасьць, аб тым, што яна пакінула свайго ўласьніка незаконным шляхам. Ці яшчэ больш грунтоўнае пытаньне: а ці можам мы лічыць, што маёмасьць, якая была канфіскаваная і прададзеная, пакінула свайго ўласьніка крымінальным шляхам? Як праўніку мне здаецца, што ў нас ёсьць усе падставы для таго, каб зрабіць гэтую выснову. Для мяне бачныя ўсе прыкметы таго, што тыя, у каго гэтую маёмасьць канфіскавалі, не злачынцы. Мне здаецца, што ў любога праўніка ёсьць падставы казаць, што людзі, у каго канфіскавалі маёмасьць, — не злачынцы, а наадварот, ахвяры, і што гэта не барацьба са злачыннасьцю, а палітычны перасьлед. І, напрыклад, Яна Латушка не рабіла ніякага злачынства, за якое можна канфіскаваць кватэру, якая ёй належыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі назвалі актывістаў, у якіх «забіраюць нерухомасьць». Сярод іх і дачка Паўла ЛатушкіЦі дастаткова дзейнага заканадаўства, ці ўсё ж патрэбна адмысловае заканадаўства аб рэстытуцыі?
Юрыст Міхаіл Кірылюк лічыць, што і дзейнага заканадаўства дастаткова, але пры гэтым патрэбнае і дадатковае заканадаўства.
— Я разважаю на падставе цяперашняга заканадаўства. Уявім, што ня будзе новага закону, а будзе цяперашні Грамадзянскі кодэкс і тая самая судовая практыка. Для мяне відавочна, што канфіскацыя маёмасьці ў людзей зроблена незаконна. І сама па сабе гэтая канфіскацыя зьяўляецца службовым злачынствам. Людзі, якія прымалі рашэньне аб канфіскацыі, — пракуроры, судзьдзі, сьледчыя, — рабілі службовае злачынства. І суд ужо павінен вырашыць, ці гэта было перавышэньне службовых паўнамоцтваў, ці злоўжываньне. Але я бачу, што ў іх не было ніякіх фактычных абгрунтаваньняў для таго, каб канфіскаваць у чалавека кватэру. Суд павінен задацца пытаньнем, ці ведаў чалавек, які купляў кватэру, што, напрыклад, Яна Латушка не крымінальніца, а ахвяра палітычнага перасьледу. Ён можа сказаць, што ня ведаў. У ранейшай Беларусі суд задаваўся пытаньнем, а ці былі ў пакупніка магчымасьці пра гэта даведацца і ці былі магчымасьці яму пра гэта паведаміць.
У цяперашняй сытуацыі пра канфіскацыі паведамляюць усе вядомыя і найбольш цытаваныя мэдыя, адзначае Міхаіл Кірылюк.
— Пра тое, што гэта палітычны перасьлед, прымалі пастановы ўсе магчымыя міжнародныя арганізацыі. Што яшчэ можна было зрабіць, каб паведаміць пакупніку, што купля гэтай маёмасьці абяцае праблему ў будучыні? Існуе такая прэзумпцыя ў беларускай судовай практыцы, што калі нейкія падзеі і факты былі абнародаваныя ў СМІ, то яны прэзюмуюцца агульнавядомымі.
А ці будзе лічыцца нядобрасумленным пакупніком другі ці трэці пакупнік канфіскаванай кватэры?
Кірылюк адказвае на гэтае пытаньне станоўча, абапіраючыся на ранейшую беларускую судовую практыку.
— Калі ўзяць ранейшы беларускі суд, то гэта была праблема для ўсяго ланцуга. У мінулай практыцы суд вяртаў маёмасьць папярэдняму ўладальніку, а далей вы самі між сабой разьбірайцеся, хто каму заплаціў ці не заплаціў. Калі ты вырашыў, што маеш права на кампэнсацыю, даказвай у грамадзянскім працэсе, што быў не інфармаваны, што ня ведаў, напрыклад, што Цапкала балятаваўся ў прэзыдэнты ў 2020 годзе і што ў цябе былі ўсе законныя падставы лічыць яго звычайным злачынцам. Дакажы гэта гораду і сьвету. Неяк так для мяне гэта павінна выглядаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На карысьць дзяржавы». Прадзеда выселілі, дзеда пасадзілі, бацьку ледзь не расстралялі. Гісторыя рэпрэсій сям’і палітыка МілінкевічаЯк праверыць пры куплі кватэры, ці не была яна раней канфіскаваная з палітычных матываў?
І яшчэ на адзін істотны момант зьвяртае ўвагу юрыст Кірылюк:
— Калі чалавек купляе кватэру, у яго ёсьць усе магчымасьці за вельмі сьмешныя грошы ў параўнаньні з коштам маёмасьці (20–50 рублёў, а не 100–150 тысяч даляраў) зрабіць запыт у БРТІ і паглядзець гісторыю маёмасьці. Я не судзьдзя, але мая асабістая думка як праўніка, што мы павінны дамагацца таго, каб усе гэтыя дамовы былі прызнаныя незаконнымі і маёмасьць вярталася. І каб потым тыя, хто ў гэтых угодах удзельнічалі, усьвядомілі, што ня трэба так было рабіць, што гэта ня толькі амаральна, але і незаконна. Гэта будзе спосаб будаваньня справядлівай дзяржавы, калі людзі ня будуць імкнуцца злоўжываць правам. Гэта як купляць кватэру ў разбомбленым Марыюпалі, разьлічваючы на клясны дысконт і што ў далейшым «мне за гэта нічога дрэннага ня будзе, а калі будзе, то я апраўдаюся». Такія паводзіны судовы працэс не павінен заахвочваць, наадварот, павінен дэманстраваць, што такія паводзіны вядуць да грашовых стратаў.
Што да прыняцьця спэцыяльнага заканадаўства аб рэстытуцыі, то Кірылюк вітае гэта яшчэ і з той прычыны, што абвешчаная рэстытуцыя стане зразумелым палітычным сыгналам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я плачу, муж праклінае ўладу». Беларусы расказваюць, зь якімі праблемамі сутыкнуліся пасьля новага ўказу ЛукашэнкіА калі людзі страчваюць жытло не праз канфіскацыю, а ад таго, што не маглі прыехаць у Беларусь, каб уступіць у спадчыну?
Міхаіл Кірылюк разважае пра законныя спосабы вярнуць страчаную спадчыну, якой не атрымалі празь немагчымасьць прыехаць у Беларусь і немагчымасьць зрабіць гэта паводле аформленай за мяжой даверанасьці.
— Гэта будзе прадметам судовай спрэчкі ў любым выпадку і будзе залежаць ад таго, хто ў выніку атрымаў маёмасьць: ці іншая радня, ці дзяржава. І ці згодная вяртаць жытло радня, якая яго атрымала. Гэтая спрэчка павінна вырашацца ў судзе. Калі ў спадчыну чалавек ня змог уступіць і жытло атрымала дзяржава, то, безумоўна, яна павінна вяртацца. Калі атрымаў іншы чалавек, трэба правяраць, ці не злоўжываў ён правам, калі атрымаў гэтую маёмасьць. І залежна ад гэтага ці трэба яму вяртаць гэтую маёмасьць, ці трэба выплачваць кампэнсацыю. Давайце ўявім сытуацыю, калі ёсьць доказы судовага перасьледу, што чалавек быў вымушаны пакінуць краіну, атрымаў гуманітарны ДНЖ ці статус уцекача, які яму забараняе зьвяртацца ў дзяржаўныя органы Беларусі і вяртацца ў Беларусь. Факт яго палітычнага перасьледу пацьверджаны дзяржаўнымі органамі іншай краіны. Чалавек быў пазбаўлены свайго права прэтэндаваць на маёмасьць. Гэта можа быць бэкграўндам для нейкага легальнага дзеяньня.
Досьвед якіх краінаў варта скарыстаць беларусам пры вяртаньні канфіскаванай маёмасьці, калі такая сытуацыя стане магчымай?
Міжнародны досьвед, які можа спатрэбіцца беларусам, аналізуе адвакат, кіраўнік юрыдычнай фірмы Legal Status Алесь Міхалевіч.
— Калі мы гаворым пра рэстытуцыю, напэўна, варта ўлічваць досьвед краінаў, якія бралі ўдзел у рэалізацыі Вашынгтонскіх прынцыпаў у дачыненьні да канфіскаванай нацыстамі маёмасьці і пры гэтым дасягнулі посьпеху (Аўстрыя, Чэхія, Францыя), а таксама досьвед Нямеччыны, якая пасьля зьліцьця з ГДР вырашыла пытаньне зь вяртаньнем маёмасьці людзям, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій.
Напрыклад, у Нямеччыне прынялі закон аб вяртаньні маёмасьці, нацыяналізаванай камуністычнай уладай былой Усходняй Нямеччыны. То бок для поўнага ўрэгуляваньня гэтага пытаньня трэба распрацоўваць новую нарматыўную базу. Сытуацыя ўскладняецца таксама тым, што ў ніводнай з краін, дзе шырока прымянялася практыка вяртаньня канфіскаванай маёмасьці, гэтыя працэдуры не праходзілі без праблем. Адна справа, калі маёмасьць была канфіскаваная і заставалася на захаваньні, і зусім іншае — калі гаворка ідзе пра кватэру, якая была прададзена з аўкцыёну і там ужо жыве маладая сям’я зь дзецьмі. Таму досьвед іншых краін — гэта не пра атрыманьне ўнівэрсальных інструкцый «як і што», гэта хутчэй пра навучаньне на чужых памылках з мэтай стварэньня кампэнсацыйнага мэханізму, які будзе імкнуцца быць як мага больш справядлівым.
Як хутка можна вярнуць праз суд канфіскаваную маёмасьць?
Пытаемся ў Міхалевіча: зь якімі асноўнымі праблемамі сутыкаюцца людзі, якія патрабуюць вяртаньня ўласнасьці, і людзі, якія валодаюць ёю, у краінах, дзе практыкавалася рэстытуцыя?
— Першая праблема — гэта працягласьць самога працэсу. Распрацоўваньне і ўкараненьне мэханізму кампэнсацыі канфіскаванай маёмасьці — даволі працаёмкая справа. Наступная праблема — вяртаньне маёмасьці, якая зьмяніла не аднаго ўладальніка. І пытаньне ня толькі ў складанасьці пошуку такой маёмасьці (калі гаворка ня толькі пра нерухомасьць). Бо фармальна новы ўладальнік валодае ёю законна, і як у такім выпадку дасягнуць справядлівасьці для ўсіх? Спрэчныя сытуацыі звычайна заканчваліся судовымі разглядамі, якія доўжыліся гадамі. Усё гэта прыводзіла да напружанасьці ў грамадзтве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы падпісаў закон аб рэстытуцыі маёмасьці, канфіскаванай пасьля вайны. Ізраіль адклікаў пасла з ВаршавыЯкія шанцы ў Ціханоўскіх або Цапкалаў вярнуць сваю маёмасьць ці грошы за яе ў выпадку, калі жытло памяняе 2–3 уладальнікаў?
Міхалевіч ацэньвае такія шанцы як даволі высокія.
— Калі мы гаворым пра будучыню, у якой Беларусь пасьля зьмены ўлады ўпэўнена рухаецца ў бок дэмакратыі — так, шанцы атрымаць кампэнсацыю будуць даволі высокія. Бо менавіта зьмена палітычнага вэктару краіны была асноўным трыгерам для такіх працэсаў. І, зьвярніце ўвагу, я тут спэцыяльна раблю акцэнт на магчымасьці кампэнсацыі, а не на фактычным вяртаньні маёмасьці, таму што новыя ўладальнікі кватэры могуць і не падазраваць, што іхная нерухомасьць была незаконна канфіскаваная падчас рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта важна памятаць. Але для зьдзяйсьненьня кампэнсацый павінен быць выкананы шэраг умоў, сярод якіх будзе юрыдычная рэабілітацыя і аднаўленьне правоў тых, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій.
Хто нясе юрыдычную адказнасьць за канфіскацыі?
Міхалевіч удакладняе, досьвед якіх краінаў мог бы прыдацца ў гэтым пытаньні.
— Пад юрыдычнай адказнасьцю, напэўна, варта разумець матэрыяльную і крымінальную адказнасьць. Калі так, то, зьвярнуўшыся да Дэклярацыі асноўных прынцыпаў правасудзьдзя для ахвяр злачынстваў і злоўжываньняў уладай, убачым, што ў адпаведнасьці з артыкулам 11 ахвяры павінны атрымліваць рэстытуцыю ад дзяржавы, службовыя асобы або прадстаўнікі якой нясуць адказнасьць за нанесеную шкоду. Таму асноўны цяжар кампэнсацыі кладзецца на дзяржаўны бюджэт. Сытуацыя ў Заходняй і Ўсходняй Эўропе была падобная.
Што тычыцца крымінальнай адказнасьці, то яна будзе пэрсанальная. Нават дзейнае заканадаўства Беларусі не дазваляе злоўжываць уладай або выконваць заведама незаконныя загады. Напрыклад, падчас нацысцкага рэжыму канфіскацыя маёмасьці габрэяў і іншых палітычна рэпрэсаваных асобаў ажыцьцяўлялася на падставе антысэміцкіх законаў і ўказаў. Пасьля вайны нацысцкія лідэры і чыноўнікі, датычныя да гэтых злачынстваў, былі прыцягнутыя да адказнасьці на Нюрнбэрскім працэсе.
Якія законы неабходна прыняць для працэдуры рэстытуцыі?
Кіраўнік юрыдычнай фірмы Legal Status Алесь Міхалевіч лічыць, што для забесьпячэньня справядлівасьці і аднаўленьня правоў рэпрэсаваных асобаў неабходна распрацаваць закон, які дазваляе праводзіць рэабілітацыю палітычных зьняволеных, а таксама прыняць спэцыяльны закон, які вызначае парадак і ўмовы выплаты ім кампэнсацый за шкоду, нанесеную рэжымам Лукашэнкі.
— І тут хочацца адзначыць, што праца ў гэтым кірунку ўжо ідзе. Дэмакратычныя сілы ўжо распрацоўваюць канцэпцыі кампэнсацыі шкоды. Напрыклад, у 2023 годзе Офісам Сьвятланы Ціханоўскай была прадстаўлена канцэпцыя, накіраваная на кампэнсацыю пацярпелым ад рэпрэсій падчас праўленьня Аляксандра Лукашэнкі. Блёк «Эўрапейскі выбар» зараз распрацоўвае рэзалюцыю Каардынацыйнай рады, якая можа стаць асновай для стварэньня закону «Аб парадку і ўмовах аднаўленьня правоў уласнасьці грамадзян на захаваную нерухомасьць, а таксама на выплату кампэнсацый».
Гэтыя законапраекты, пэўна, будуць абʼектам доўгіх абмеркаваньняў, правак, а таксама абавязковай прававой ацэнкі на захаваньне нормаў права — як нацыянальнага, так і міжнароднага. Аднак запушчаныя працэсы ўжо сьведчаць пра тое, што дэмакратычныя сілы шукаюць шляхі стварэньня мэханізмаў кампэнсацыі і аднаўленьня рэпрэсаваных асоб у правах.
Як азнаёміцца з праектам Канцэпцыі кампэнсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у пэрыяд рэжыму Аляксандра Лукашэнкі
У 2023 годзе офіс Сьвятланы Ціханоўскай разам з праваабаронцамі, юрыстамі, няўрадавымі арганізацыямі распрацаваў праект Канцэпцыі кампэнсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у пэрыяд рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
«Мэта Канцэпцыі — аднаўленьне справядлівасьці для тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі і парушэньнямі правоў чалавека падчас праўленьня Лукашэнкі», — гаворыцца ў анонсе праекту. Дакумэнт мае на мэце аднавіць справядлівасьць пасьля злачынстваў, якія зьдзяйсьняў рэжым Лукашэнкі ад пачатку яго праўленьня з 1994 году. Ён накіраваны на кампэнсацыю шкоды пацярпелым праз аднаўленьне іх у правах.
Канцэпцыяй таксама прадугледжаныя грашовыя выплаты альбо льготы, калі аднаўленьне ў правах гэтага патрабуе. Яна тычыцца ня толькі асоб, якія пацярпелі ад рэпрэсій, але і іхных блізкіх сваякоў і непаўналетніх. Канцэпцыя прадугледжвае зьмены ў заканадаўстве — у тым ліку дэкрыміналізацыю некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Акрамя таго, у аснове Канцэпцыі ляжыць прызнаньне статусу невінаватасьці рэпрэсаваных асоб.
«Канцэпцыя — гэта ня проста крок да справядлівасьці, але падмурак новай юрыдычнай сыстэмы, у якой правы і свабоды грамадзян будуць паважацца і абараняцца», — пішуць распрацоўнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Офіс Ціханоўскай прэзэнтаваў праект Канцэпцыі кампэнсацыі шкоды пацярпелым ад рэжыму Лукашэнкі