Актывістка «Эўрапейскай Беларусі», палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк хворая на «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасьці» — вельмі небяспечную для здароўя хваробу, лячэньне ад якой ускладняецца ва ўмовах зьняволеньня. Пра дыягназ сваякам палітзьняволенай стала вядома з афіцыйнага адказу адміністрацыі папраўчай калёніі № 24, дзе яшчэ нядаўна адбывала пакараньне актывістка зь Берасьця.
Цяпер Паліну Шарэнду-Панасюк утрымліваюць у гомельскім СІЗА, супраць яе вядзецца новая крымінальная справа паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).
Муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда расказаў Свабодзе, як стала вядома пра дыягназ ягонай жонкі і чаму ён лічыць яе захворваньне вельмі небясьпечным для яе жыцьця.
«Сымптомы гэтага захворваньня — болі ў страўніку, слабасьць і рэзкая страта вагі. Хвароба вельмі небяспечная, бо разбурае падстраўнікавую залозу, адбываецца незваротная змена структуры яе тканак. Што яна хворая на панкрэатыт, мы ня ведалі, але даходзілі зьвесткі, што ў Паліны болі ў страўніку і здараецца рэзкая страта вагі. Аднойчы яна так рэзка схуднела, што стала важыць усяго 50 кіляграмаў. Аднак на ўсе запыты ў калёнію нам афіцыйна адказвалі, што Паліна здаровая і нібыта атрымлівае неабходную дапамогу ў поўнай меры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Шарэндзе-Панасюк зноў прызначылі псыхіятрычную экспэртызу, журналіста Карнея этапавалі ў калёнію
Між тым у Паліны былі праблемы зь пячонкай, ёй былі патрэбныя пэўныя лекі, якія мы ёй слалі, але іх не перадавалі. Тады я зьвярнуўся ў Камітэт ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні жанчын (КЛДЖ) ААН. Сёлета ў студзені маю скаргу зарэгістравалі, а ў сакавіку Камітэт ААН запатрабаваў ад Беларусі тэрмінова прыняць часовыя меры для абароны Паліны. Беларускія ўлады мусілі адказаць на гэтае рашэньне і вось толькі зь іхнага адказу нам стала вядома, што ў Паліны хранічны панкрэатыт, прычым ужо ў сярэдняй стадыі. Але гэта жахлівы дыягназ: фактычна ва ўмовах, у якіх яна знаходзіцца, гэта як сьмяротны прысуд», — сказаў муж палітзьняволенай.
Андрэй Шарэнда патлумачыў, чаму лічыць, што жыцьцю ягонай жонкі пагражае сьмяротная небясьпека.
«Як патлумачылі мне спэцыялісты і як пішуць у інтэрнэце, гэтая хвароба паступова разбурае страўнік. Пры такім захворваньні абавязковая адмысловая дыета, адмысловае лячэньне, супрацьпаказаныя нагрузкі, абавязковыя добрыя ўмовы і трывалы мэдыцынскі нагляд. Усяго гэтага Паліна пазбаўленая.
Больш за тое, ёй наўмысна ствараюць цалкам процілеглыя ўмовы: даўгія этапы, дрэннае харчаваньне, не прапускаюць ёй патрэбныя лекі, блякуюць харчовыя перадачы з дому. І гэта пры тым, што там добра ведаюць яе дыягназ. Таму я і кажу, што фактычна маю жонку павольна забіваюць. Яна мусіла выйсьці на волю яшчэ ў траўні, а замест гэтага новая справа, расьсьледаваньне і этап у Навінкі. Гэта жах, што яны робяць з маёй Палінай!» — абураецца муж палітзьняволенай.
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ў студзені 2021 году ў Берасьці, у ейным доме. У чэрвені 2021 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прыгаварыў жанчыну да 2 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 («Гвалт у дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза прэзыдэнта») КК.
У красавіку 2022 году палітзьняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго году зьняволеньня паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго году паводле таго ж артыкулу. Паліна Шарэнда-Панасюк мусіла выйсьці на волю ў канцы траўня 2024 году, але супраць яе была заведзеная новая крымінальная справа.
Андрэй Шарэнда сказаў Свабодзе, што праінфармуе Камітэт ААН у ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні жанчын адносна рэальнай сытуацыі са здароўем ягонай жонкі.
«Таксама зьвяртаюся праз мэдыя з заклікам да міжнароднай супольнасьці дапамагчы выратаваць Паліну, бо яе жыцьцё як ніколі ў небясьпецы», — сказаў муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Этап у Навінкі — найгоршае выпрабаваньне». Муж Паліны Шарэнды-Панасюк пра яе экспэртызу і шанцы на вызваленьне