Апакаліпсіс, пра які не папярэдзілі
Жыхар Мазыра Павал (імёны ўсіх герояў публікацыі зьмененыя зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) кажа, што напярэдадні ўрагану не было SMS-папярэджаньня аб моцным ветры ад МНС, прыслалі толькі паведамленьне пра небясьпечную сьпёку. Ураган пачаўся пасьля 16:00 14 ліпеня.
«Моцны, страшны вецер. Дрэвы ламаліся, як запалкі, усё пачарнела, галіны дрэў ляталі, зрывала дахі. Горад застаўся безь сьвятла, вады, сувязі», — успамінае Павел. Людзі не маглі дазваніцца да сваякоў. Стаялі прадпрыемствы, у тым ліку Мазырскі НПЗ. Ваду падвозіць пачалі 15 ліпеня, і тое было 6 пунктаў на 100-тысячны горад.
Ратавалі людзей іншыя людзі. Хто мог, падвозіў ваду, іншыя давалі зарадзіць тэлефоны. Выявілася, што ў горадзе шмат добрых людзей зь вялікім сэрцам. Пра ўлады не скажу такога, бо гэта проста ганьба — 6 пунктаў вады на горад, на Пхоў у першыя дні ўвогуле не вазілі ваду», — кажа ён.
Па словах суразмоўцы, па стане на вечар 17 ліпеня ў горадзе і прыгарадзе было 12 месцаў, куды прывозілі ваду. Да дапамогі людзям далучыліся энэргетыкі зь іншых рэгіёнаў, ратавальнікі і вайскоўцы.
У мясцовых чатах і на чацьвёрты дзень бедзтва перапіскі нагадваюць «зводкі з фронту». У адным раёне далі ваду, потым яна зьнікла. Недзе «далі» электрычнасьць, але не надоўга. У мясцовых суполках скардзіліся, што ў адной краме была вада па 6 рублёў за 5 літраў.
Іншыя жыхары Мазыра пісалі, што ў іншых крамах у абавязковым парадку патрабавалі да вады «дакупіць» сапсаваныя малочныя прадукты.
«Як надзвычайная сытуацыя ў іншых краінах, то нават Беларусь гуманітарную дапамогу бясплатна дасылае. А як у нас надзвычайная сытуацыя, то свае ж і нажываюцца», — напісаў абураны карыстальнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 300 населеных пунктаў Гомельскай вобласьці застаюцца безь сьвятлаПаратунак на лецішчах
Павал кажа, што многія жыхары гораду маюць лецішчы ў вёсцы Мерабель. І там была вада, нават пасьля ўрагану. Але не было электрычнасьці.
«Але людзі былі задаволеныя — яны ж там у адпачынку, градкі паліваюць. Улады вырашылі адключыць ім ваду. Сказалі: „Нам вада трэба на горад!“. Людзі вымушаныя былі кідаць лецішчы і ехаць у Мазыр», — зазначае жыхар райцэнтру.
Ён кажа, што пераймаецца за антысанітарыю на Пхове, бо «па патрэбе хадзілі хто куды мог» ці вывальвалі потым экскрэмэнты і сапсаваныя прадукты проста на вуліцы.
Калі на Пхове пачалі даваць ваду, то спачатку яна была пад нізкім напорам і толькі на першых паверхах. Па стане на вечар 17 ліпеня Пхоў атрымаў (ня ўвесь) ваду і сьвятло.
«Ні да кога было не дазваніцца. Зарадзіць тэлефон не было дзе. Не паедзеш жа ў Мазыр у аб’езд зараджаць. Зарадзілі тыя, хто маюць аўтамабілі. Астатнія „ў пралёце“», — расказвае Павал.
Паводле яго, цяжкахворых перавезьлі ў гомельскія шпіталі, у Мазыры ад генэратара працавала рэанімацыя і апэрацыйны блёк. «Людзі казалі, што ішлі каля моргу — дык там страшны быў смурод. Можа быць, лядоўні не працавалі, таму так», — перадае жыхар Мазыра.
Ён дадаў, што вады і сьвятла не было і ў суседніх Калінкавічах. Там не працавалі прадпрыемствы, хворым у лякарні гатавалі ежу на «палявой кухні».
«Як так, што ў такім вялікім горадзе няма генэратараў? Увесь час улады кажуць, што яны рыхтуюцца да вайны. Але генэратары ня ў стане купіць», — злуецца жыхар райцэнтру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сьпёкі на Беларусь абрынуліся ўраганы. У Менску загінула дзяўчына, парушана энэргазабесьпячэньне ў 452 населеных пунктах«Да верхніх паверхаў вада не даходзіць»
Жыхарка Мазыра Алена (імя зьмененае. — РС) расказала Свабодзе, што цяпер (увечары 17 ліпеня) у горадзе сытуацыя больш-менш стабільная.
«Вада ёсьць, але зь перабоямі: халодная, але яна ёсьць. Да верхніх паверхаў яшчэ не даходзіць, бо маленькі ціск. Горад зараз забясьпечаны генэратарамі. Электрычнасьць, наколькі я ведаю, ужо амаль усюды ёсьць, мабыць, 80% гораду забясьпечана».
Паводле жанчыны, некаторыя раёны гораду, напрыклад па вуліцах Савецкай, Студэнцкай, у старой частцы цэнтру ці ў прыватным сэктары, застаюцца без электрычнасьці. Таксама безь сьвятла застаюцца найбліжэйшыя вёскі. Мясцовыя ўлады абяцаюць хуткім часам усё гэта аднавіць, работы вядуцца. Але не працуюць станцыі падачы вады, арганізаваны падвоз машынамі. Алена кажа, што ў гэтай сытуацыі вельмі згуртаваліся самі людзі.
«Мы больш пазытыўна перажываем гэта. Кожны па-рознаму, але ў цэлым нармальна. Вельмі шмат людзей згуртаваліся. У каго былі сьвідравіны, раздавалі бясплатна ваду. Нехта запускаў генэратары, і людзі маглі зарадзіць свае тэлефоны. Пакуль вось неяк так, але яшчэ не аднавілася цалкам. Яшчэ крыху знаходзімся ў экстранай сытуацыі: запасы вады трымаем у доме на выпадак адключэньня».
Акрамя праблемаў з электрычнасьцю і вадой, мазыране адчулі праблемы з запасамі ежы. Алена кажа, што не аднавіў працу Калінкавіцкі хлебазавод, таму хлеба не хапае. Крамы запрацавалі, але там яшчэ няма малочных і мясных прадуктаў.
«Наш Мазырскі хлебазавод працуе ва ўзмоцненым рэжыме, але ўсё, што даецца на крамы, разьмятаецца ўмомант. Я не назіраю, каб людзі запанікавалі, але ўсё ж такі прылаўкі пустыя. Прадуктаў, асабліва якія хутка псуюцца, ужо няма. Гэта значыць, яны сапсаваліся, іх крамы выкінулі, а новых яшчэ не падвезьлі».
У цэлым, як адзначае жанчына, напружаньне сярод людзей прысутнічала, бо нехта больш перажываў за халадзільнікі і маразільнікі, што яны растаюць, сапсуюцца прадукты, а нехта больш бадзёра трымаўся ў гэтыя дні. Паводле Алены, сытуацыя не была настолькі небясьпечная, бо мазыране пабылі ў гэтых умовах толькі два дні.
Алена расказвае, што мясцовыя ўлады арганізавалі ў горадзе шэсьць пунктаў падвозу вады, але гэтага аб’ёму не заўсёды хапала.
«Пры тым, што абʼёмы бочак з вадой былі невялікімі, літраў на 300-400, іх хапала на недзе 20 чалавек з чаргі. І потым зноў людзі каля дзьвюх гадзін стаялі, чакалі новага падвозу», — кажа суразмоўца.
Таксама Белтэлекам каля свайго будынку арганізаваў зарадку тэлефонаў. Адначасова з гэтым дапамагалі невялікія прыватныя крамы сваімі генэратарамі.
«А ад горада — падвоз вады, уласна, і Белтэлекам. Гэта ўсё, што я ведаю аб дапамозе ў гэтыя вострыя дні», — кажа Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мазыры другі дзень няма электрычнасьці, але ўжо далі вадуРаённая газэта пра мясцовых жыхароў: «Обнаглели!»
17 ліпеня ў пацярпелыя ад бедзтва раёны выправіўся кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты. Як пісалі праўладныя СМІ, «тэма паездкі — кантроль за ходам ліквідацыі наступстваў стыхіі». Першым пунктам наведваньня для Крутога стаў партызанскі музэй. У адным з самых пацярпелых раёнаў — Мазырскім, «акцэнт на захаваньне ўраджаю пасьля ўрагану (такую задачу паставіў Лукашэнка», — піша тэлеграм-канал «Пул Первого», набліжаны да Лукашэнкі.
Аўтар нататкі адзначае, што «пацярпелым палеткам — першапачатковая ўвага». Тэлеграм-канал ня піша пра 6 чалавек, у тым ліку 13-гадовага хлопчыка, якія загінулі ад урагану, ці аб праблемах людзей з вадой, сьвятлом, сувязьзю.
Мясцовая раённая газэта паведамляе, як добра ў раёне даюць рады наступствам стыхіі, а пра мясцовых жыхароў піша: «Обнаглели!»
Паводле аўтара тэксту, «службы працуюць на знос: сякуць галіны, аднаўляюць апоры, цягнуць правады». Але калі аўтар гартае сацыяльныя сеткі, то зьдзіўляецца людзкой няўдзячнасьці».
«Складваецца ўражаньне, што сьвятла і вады не было толькі ў тых, хто скардзіўся. Той факт, што гэтых даброт цывілізацыі не было ў дамах тых, хто ліквідуе аварыю, нікога не цікавіць», — абураецца аўтар тэксту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Энэргасыстэма Беларусі сутыкнулася зь небывалай сытуацыяй празь непагадзь, — віцэ-прэм’ер Сівак