Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мазыры другі дзень няма электрычнасьці, але ўжо далі ваду


ЛЭП, ілюстрацыйнае фота
ЛЭП, ілюстрацыйнае фота

Мінулай ноччу ў Мазыры з дапамогай электрагенэратараў пачалі падаваць ваду, паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога выканаўчага камітэту.

Да раніцы 16 ліпеня электразабесьпячэньне, парушанае наступствамі непагадзі, было адноўлена ў 397 населеных пунктах вобласьці, але ў Мазыры яго няма ўжо больш за 24 гадзіны. Увогуле парушэньне падачы электраэнэргіі закранула 1.150 населеных пунктаў рэгіёну, паведамляе «Позірк».

Уначы ў вобласьці над аднаўленьнем электразабесьпячэньня працавалі 32 аварыйныя брыгады. Сеткі адноўленыя ў Ельску і Нароўлі. Спэцыялісты правялі пробныя ўключэньні, з-за слабой лініі сувязі з энэргасыстэмай населеныя пункты будуць падключаць паступова.

На 6:30 аднаўленчыя работы працягваюцца ў Нароўлі і Ельску, Мазыры і Калінкавічах, далей на чарзе Лельчыцы.

Наступствы ўраганнага ветру ліквідуюць у кругласутачным рэжыме, заявіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко на начным пасяджэньні апэратыўнага штабу.

Адначасова ідзе работа па аднаўленьні сілкаваньня прамысловых, сельскагаспадарчых і сацыяльных абʼектаў. За 15 ліпеня сфармавана больш за 30 будаўнічых брыгад, спэцыялісты вызначаюць абʼёмы работ і закупляюць будматэрыялы.

У сувязі з высокай тэмпэратурай паветра ў Гомлі на 16 ліпеня абʼяўлены чырвоны ўзровень небясьпекі, па Гомельскай вобласьці — аранжавы.

Праз наступствы ўраганнага ветру ў вобласьці 15 ліпеня абʼявілі рэжым надзвычайнай сытуацыі.

У рэгіёне, зазначае тэлеграм-канал абласной адміністрацыі, зафіксавана 457 выпадкаў пашкоджаньня дахаў жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў, 114 сельскагаспадарчых будынкаў у 249 населеных пунктах 15 раёнаў і Гомля.

У выніку падзеньняў дрэў і элемэнтаў канструкцый у Беларусі загінулі пяць чалавек, у тым ліку дзіця.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG