Дата дня
10 гадоў таму, 17 ліпеня 2014 году, над Данбасам быў зьбіты малайзійскі авіялайнэр: загінулі 283 пасажыры і 15 чальцоў экіпажу.
Суд у Гаазе ў выніку прыйшоў да высновы, што самалёт «Boeing» MH-17 зьбілі ракетай з комплексу «Бук», запушчанай з боку Першамайскага, якое кантралявалі падкантрольныя Расеі сілы з так званай «ДНР». 17 лістапада 2022 году суд завочна прызнаў Ігара Гіркіна (Стралкова) і яго падначаленых Сяргея Дубінскага і Леаніда Харчанку вінаватымі і датычнымі да зьнішчэньня самалёта «Boeing» MH17 і забойства 298 чалавек. Яшчэ аднаго абвінавачанага Алега Пулатава прызналі невінаватым.
Расея лічыць, што судовы працэс па справе аб катастрофе MH17 «быў заснаваны на палітычнай замове».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледзтва па справе зьбітага над Данбасам «Боінга» ўсклала адказнасьць на ПуцінаГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гіркіна і яшчэ дваіх прызналі вінаватымі ў забойстве 298 чалавек. У Гаазе агучылі вырак па справе аб зьбітым над Данбасам самалёце. ВІДЭА
Дзень у гісторыі
1570 — у Вільні заснавалі езуіцкі калегіюм.
1868 — сталіцу Японіі перанесьлі з Кіёта ў Токіё.
1918 — у Маскве пачаўся Ўсерасейскі зьезд уцекачоў зь Беларусі.
1918 — забіты разам зь сям’ёй Мікалай II, расейскі імпэратар.
1919 — урад Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі спыніў сваю дзейнасьць.
1924 — увялі новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленьне Беларускай ССР на акругі, раёны і сельсаветы, тэрыторыя БССР была падзеленая на 10 акругаў (Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская, Мінская, Магілёўская, Мазырская, Аршанская, Полацкая, Слуцкая), на 100 раёнаў і 1202 сельсаветы.
1940 — Латвія далучаная да СССР.
1941 — арганізавалі генэральную акругу «Беларусь», якая разам з генэральнымі акругамі «Літва», «Латвія» і «Эстонія» ўвайшла ў склад нацысцкага рэйхскамісарыяту «Остлянд».
1942 — пачалася Сталінградзкая бітва.
1945 — пачалася Патсдамская канфэрэнцыя.
1992 — славацкія дэпутаты прагаласавалі за выхад Славаччыны са складу Чэхаславаччыны і ўтварэньне сувэрэннай дзяржавы.
У гэты дзень нарадзіліся
1917 — Сяргей Барткоўскі, беларускі архітэктар. Асноўныя працы ў Менску: будынак паліграфкамбінату ім. Я. Коласа, корпус гадзіньнікавага заводу, павільён ВДНГ (цяпер зьнесены), рэканструкцыя стадыёну «Дынама».
1937 — Георгі Таразевіч, дзяржаўны дзеяч Беларусі, старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР (1985-1991), намесьнік старшыні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР (у тыя самыя гады).
1954 — Ангела Мэркель, нямецкі палітык, былая канцлерка Нямеччыны.
1959 — Барыс Пятровіч, беларускі празаік, старшыня Саюзу пісьменьнікаў, рэдактар часопісу «Дзеяслоў».
У гэты дзень памерлі
1399 — Ядвіга Анжуйская, каралева польская, пасьля Крэўскай уніі была ў шлюбе з Уладзіславам Ягайлам. Яна памерла падчас родаў, не пакінуўшы Ягайлу нашчадкаў
2000 — Эдзі Агняцьвет, беларуская паэтка і перакладчыца.
2018 — Кірыла Насаеў, беларускі хормайстар, музыказнаўца і пэдагог. Стварыў камэрны мужчынскі хор «Унія».