На сустрэчы Нікаляса Мадура і Рамана Галоўчанкі вялі размову пра кірункі магчымай супрацы Вэнэсуэлы і Беларусі. Таксама палітыкі расказалі пра ўплыў санкцый на абедзьве дзяржавы. Як Каракас, так і Менск знаходзяцца пад міжнароднымі абмежавальнымі захадамі, але часта там гавораць пра «станоўчы эфэкт» санкцый. Не абышлося бяз гэтага і цяпер.
Як падкрэсьліў кіраўнік беларускага ўраду, «Беларусь і Вэнэсуэла знаходзяцца ў вельмі няпростым становішчы».
«У нас санкцый больш, — адзначыў прэм’ер-міністар Беларусі. — Але тое, што мы бачым, як ні дзіўна, станоўчы эфэкт ад гэтых санкцый назіраецца проста цяпер. Ён выяўляецца ў росьце прамысловай вытворчасьці, засваеньні новых сэктараў эканомікі, пабудове ўласнай незалежнай навуковай, прамысловай базы. У нас проста няма іншага шляху».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША зьнялі частку санкцый з Вэнэсуэлы пасьля пагадненьня ўраду Мадуры з апазыцыяйКіраўнік Вэнэсуэлы выказаў сваё захапленьне эўрапейскай дзяржавай:
«Мы на адным шляху. Я захапляюся Беларусьсю, вы змаглі знайсьці свой уласны шлях».
Акрамя таго, Мадура адзначыў беларускі досьвед у харчовай прамысловасьці. Ён папрасіў Галоўчанку перадаць Аляксандру Лукашэнку запрашэньне ў Каракас на «добры абед», на якім будуць толькі прадукты вэнэсуэльскай вытворчасьці.
Таксама Раман Галоўчанка сустрэўся зь віцэ-прэм’ерам Вэнэсуэлы і міністрам плянаваньня Рыкарда Мэнэндэсам. Беларускі прадстаўнік заявіў пра тое, што краіна зацікаўленая ў новых дамоўленасьцях у дадатак да раней падпісаных міжурадавых дамоваў. Ад галіны гандлю чакаецца павышэньне ўзаемных паставак.
У прыватнасьці, Галоўчанка адзначыў, што Беларусі патрэбныя брыкетаванае жалеза, алюміній, кава і какава-бабы. Таксама прэм’ер-міністар заявіў пра тое, што на перамовах абмеркавалі «амаль увесь комплекс гандлёва-эканамічных адносінаў Беларусі і Вэнэсуэлы» і дамовіліся «перазапусьціць сумесныя праекты».
Наступнай сустрэчай Рамана Галоўчанкі ў Вэнэсуэле сталі перамовы са старшынём Нацыянальнай Асамблеі краіны Хорхе Радрыгесам.
Вэнэсуэла і Беларусь устанавілі дыпляматычныя адносіны ў лютым 1997 году. За апошнія гады было падпісана пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэрах энэргетыкі, сельскай гаспадаркі, гандлю, нафтахіміі, паветранага транспарту, адукацыі, аховы здароўя, навукі і тэхналёгій.
Пры гэтым больш за год таму расьсьледаваньне ўзаемінаў дзьвюх краін, якое правялі Беларускі расьсьледніцкі цэнтар сумесна з вэнэсуэльскім выданьнем Armando.Info і Цэнтрам расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці OCCRP, выкрыла вялікія недапрацоўкі ў ранейшых праектах. У прыватнасьці, вялікая сума не заплачаная дагэтуль за пастаўкі нафты яшчэ пры ўладзе Уга Чавэса ў 2010 годзе. Беларусь вінаватая Каракасу амаль 1,5 млрд даляраў.
Больш за тое, спынілі працу пабудаваныя беларускімі спэцыялістамі заводы па зборцы трактароў «Беларусь» і грузавікоў МАЗ. Акрамя таго, высьветлілася, што трактары МТЗ прадаваліся ў паўднёваамэрыканскую краіну па цане, прыкладна ў два разы вышэйшай за рынкавую. Значна даражэй, чым на Кубу, у Сальвадор і Нікарагуа, адносіны зь якімі «братэрскімі» ў Менску не называюць.
Не да канца выкананыя і абавязаньні ў будаўніцтве жыльля, якія брала на сябе Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь вінаватая Вэнэсуэле амаль 1,5 млрд даляраў, — матэрыялы расьсьледаваньня