Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША зьнялі частку санкцый з Вэнэсуэлы пасьля пагадненьня ўраду Мадуры з апазыцыяй


Энтані Блінкен
Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Нікаляс Мадура павінен у наступныя тыдні пачаць здымаць абмежаваньні з апазыцыйных кандыдатаў і вызваляць палітвязьняў.

Адміністрацыя Джо Байдэна ў сераду аслабіла санкцыі супраць нафтавага сэктара Вэнэсуэлы ў адказ на пагадненьне, дасягнутае паміж урадам і апазыцыйнымі партыямі наконт выбараў 2024 году, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Рашэньне Вашынгтона стала самай маштабнай адменай абмежаваньняў у дачыненьні да Каракаса, уведзеных пры былым прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу.

Сябра Арганізацыі краін – экспартэраў нафты (АПЭН), Вэнэсуэла знаходзілася пад санкцыямі з 2019 года.

Новая генэральная ліцэнзія, выдадзеная Міністэрствам фінансаў ЗША, дазваляе Вэнэсуэле здабываць і экспартаваць нафту на рынкі па яе выбары без абмежаваньняў на працягу 6 месяцаў.

Дзяржсакратар Энтані Блінкен прывітаў саступкі, на якія пайшоў прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура. Пры гэтым кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі паведаміў, што Мадура павінен да канца лістапада пачаць здымаць забароны з апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, вызваляць палітычных зьняволеных і «неправамерна затрыманых» амэрыканцаў.

Высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, які гутарыў з «Рэйтэр» на ўмовах ананімнасьці, папярэдзіў, што санкцыі могуць быць адноўленыя, калі Мадура ня выканае абяцаньняў.

Гэтаму рашэньню папярэднічалі некалькі месяцаў перамоваў, падчас якіх Вашынгтон дамагаўся ад Каракаса канкрэтных дзеяньняў у правядзеньні дэмакратычных выбараў у абмен на зьняцьце некаторых жорсткіх санкцый, уведзеных пры Трампу.

Рашэньне таксама зьяўляецца важным крокам у актывізацыі ўзаемадзеяньня адміністрацыі Байдэна з Мадурам у самых розных пытаньнях — ад энэргетыкі да міграцыі, што зьяўляецца адыходам ад кампаніі «максымальнага ціску», якую праводзіў Трамп у дачыненьні да сацыялістычнага ўраду.

Прадстаўнік кіроўнай партыі Вэнэсуэлы Хорхе Радрыгес, які ўзначальвае дэлегацыю ўраду на перамовах з апазыцыяй, заявіў 18 кастрычніка, што зьняцьце санкцый закранае ўсе віды дзейнасьці ў нафтавай сфэры.

Урад Мадура і апазыцыя ў аўторак дасягнулі пагадненьня аб гарантыях пры правядзеньні выбараў у другой палове 2024 году пад міжнародным назіраньнем. Аднак у дамове не было абумоўлена, што Мадура пагодзіцца аднавіць у правах кандыдатаў ад апазыцыі, якім раней было забаронена займаць дзяржаўныя пасады.

Блінкен заявіў, што ЗША дзейнічаюць «у адпаведнасьці з нашым даўнім абавязаньнем адмяняць санкцыі ў адказ на канкрэтныя крокі ў правядзеньні канкурэнтных выбараў і захаваньні правоў чалавека і асноўных свабод».

ЗША ўвялі жорсткія санкцыі супраць Вэнэсуэлы, каб пакараць урад Мадура пасьля яго перавыбраньня ў 2018 годзе, вынікі якога ЗША і іншыя заходнія краіны адпрэчылі як сфальсыфікаваныя.

Апошнім часам актывізаваліся перамовы прадстаўнікоў уладаў Беларусі з вэнэсуэльцамі. Канкрэтных рашэньняў пакуль няма, але наперадзе могуць быць новыя дамоўленасьці.

Увесну 2023 году Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, вэнэсуэльскае выданьне Armando.Info і Цэнтар расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) выпусьцілі матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што Беларусь дагэтуль не аддала Вэнэсуэле каля 1,5 млрд даляраў за нафту, купленую ў 2010‑х гадах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG