17 беларускіх грамадзкіх арганізацый, якія зарэгістраваныя і дзейнічаюць у Літве, падпісалі дэклярацыю ў адрас дэпутатаў Сейму Літоўскай Рэспублікі.
У дакумэнце выказваецца падзяка Літве за дапамогу палітычным уцекачам зь Беларусі, якія працягваюць барацьбу за дэмакратызацыю краіны, асуджаюцца ўсе дзеяньні і выказваньні, якія наносяць шкоду беларуска-літоўскім дачыненьням, гучыць заклік працягваць сумесныя намаганьні дзеля ўзаемаразуменьня паміж народамі Літвы і Беларусі.
Значнае месца ў Дэклярацыі аддадзена гэтак званай ідэі «літвінізму», якая апошнім часам згадваецца ў мэдыя Літвы, сярод іншага, у сувязі са зьяўленьнем правакацыйных надпісаў ды іншых праяваў. Паводле аўтараў дэклярацыі, гэтыя дзеяньні «прасоўваюцца спэцслужбамі Крамля і рэжымам Лукашэнкі для стварэньня нэгатыўнага вобразу беларусаў і літоўцаў у вачах адно аднаго», — мяркуюць аўтары Дэклярацыі.
Дэпутат Сейму Томас Тамілінас, сябра дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь», мяркуе, што грамадзтва Літвы не падтрымае тых, хто заяўляе, што беларусы нібыта пагражаюць незалежнасьці Літвы і нясуць пагрозу літоўскаму грамадзтву.
У дэпутата Томаса Тамілінаса спыталі, як асабіста ён паставіўся да зьяўленьня на помніку каралю Літвы Міндоўгу ў Вільні надпісу «Вільня наша» ў ноч на 6 ліпеня.
«Гэта відавочна правакацыя тых, хто зацікаўлены ў пагаршэньні добрых адносін літоўскага і беларускага народаў. Кампэтэнтныя органы Літвы пачалі расьсьледаваньне, мяркую, выканаўцы гэтай правакацыі будуць знойдзеныя. А высновы з гэтых падзеяў трэба зрабіць такія, што патрэбны больш шырокі дыялёг паміж беларусамі і літоўцамі», — мяркуе дэпутат Томас Тамілінас.
Паводле дэпутата Тамілінаса, беларусы, якія знайшлі прытулак у Літве, лепш будуць разумець літоўцаў, калі авалодаюць літоўскай мовай. Сам дэпутат Тамілінас добра валодае і карыстаецца беларускай мовай і кажа, што гэта дапамагае яму лепш разумець патрэбы беларусаў.
Калегу падтрымаў дэпутат Сейму, старшыня групы «За дэмакратычную Беларусь» Жыгімантас Павілёніс. Дэпутат Павілёніс згодны, што Літве трэба вылучаць больш сродкаў на навучаньне беларусаў літоўскай мове, каб паляпшаць інтэграцыю беларусаў у літоўскае грамадзтва і тым самым здымаць праблемныя пытаньні ва ўзаемаадносінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні напярэдадні нацыянальнага сьвята невядомыя апаганілі помнік Міндоўгу надпісам «Вільня наша»Падпісаньне дэклярацыі беларускіх грамадзкіх арганізацый вітаў былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, цяперашні дарадца дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай палітык Анатоль Лябедзька, які ўваходзіць у міжпарлямэнцкі альянс «За дэмакратычную Беларусь». Анатоль Лябедзька мяркуе, што надпісы ў рэчышчы «літвінізму», якія пачалі зьяўляцца ў Вільні, не адлюстроўваюць рэальных настрояў беларусаў, якія мусілі пераехаць у Літву праз пагрозу палітычных рэпрэсій на радзіме.
Пры гэтым Анатоль Лябедзька прызнаў, што ў часткі літоўскіх грамадзян, якія жывуць каля мяжы зь Беларусьсю, на падставе праглядаў беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня магло скласьціся скажонае ўяўленьне пра Беларусь. Паводле Анатоля Лябедзькі, беларускія і літоўскія палітыкі павінны аддаваць гэтым людзям больш увагі.
«Сябры групы „За дэмакратычную Беларусь“ гатовыя растлумачыць гэтым людзям, што Беларусь — гэта не запраўка з танным палівам і не прыгожая карцінка на БТ. Найперш Беларусь — гэта краіна, дзе апошнія вольныя прэзыдэнцкія выбары прайшлі 30 гадоў таму, дзе нават мясцовыя выбары цалкам кантралюе КДБ, дзе тысячы грамадзянаў кінутыя за краты за іх палітычныя погляды. Простыя літоўцы могуць пра гэта ня ведаць і лёгка паддавацца на наратывы „літвінізму“, але гэтаму можна супрацьстаяць — агульнымі намаганьнямі», — мяркуе Анатоль Лябедзька.
Паводле Анатоля Лябедзькі, дэклярацыю беларускіх грамадзкіх арганізацый падтрымалі і 9 беларускіх палітычных партый, якія працягваюць дзейнічаць у выгнаньні. Цяпер з дэклярацыяй знаёмяцца дэпутаты Сейму Літвы.
Адхін з падпісантаў дэклярацыі, Мікалай Кванталіяні, які прадстаўляе Беларускую нацыянальную плятформу, выказаўся за правядзеньне ў 2024 годзе шырокага беларуска-літоўскага кангрэсу, каб абмеркаваць і вызначыць шляхі дыялёгу двух суседніх народаў.