Яе галоўны рэдактар Ігар Гермянчук быў дэпутатам Вярхоўнага Савету і назіраў за кампаніяй літаральна знутры. Празь некалькі гадоў пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады газэту «Свабода» забаранілі.
«Лукашэнка: „Я — нішчый“»
19 красавіка 1994 году «Свабода» паведаміла: «Прэзыдэнцкая гонка стартавала», то бок усе кандыдаты падалі ў выбаркам сьпісы сваіх ініцыятыўных групаў. У тым жа нумары зьявілася нататка «Лукашэнка: „Я — нішчый“»
Гаворка ішла пра выступ кандыдата 15 красавіка перад выбарнікамі ў Горадні, дзе Лукашэнка паабяцаў, што мафія ў Беларусі ня пройдзе і што «возле кормушки, имя которой власть, все хрюкают одинаково: и красные, и белые»... «На словы „господин Лукашенко“ сказаў: „Нікагда ім не был, я — нішчый!“... Ад дактароў ён даведаўся, што апэрацыю апэндыцыту цяпер робяць нібыта без наркозу, замест якога хвораму даюць бясплатна тры чаркі гарэлкі або нават сьпірытусу. Гэтая навіна вельмі моцна ўразіла прысутных мужчын, якіх на сустрэчы з Лукашэнкам было ня менш за палову».
Эксцэнтрычныя заявы будуць суправаджаць палітыка на працягу ўсёй ягонай кар’еры, нязьменна пакідаючы пытаньне: ці гэта наўмысная тактыка папуліста, ці ён сапраўды так думае, а гэта значыць не хітруе і ня хлусіць, «як усе іншыя», а шчыры, свой, наш, гаворыць тое, што думае, хай сабе і глупства. Такое ўспрыманьне Лукашэнкі будзе падкупляць «просты народ» з заніжанай самаацэнкай праз усе наступныя трыццаць гадоў. Праўда, падкупляла тады ня толькі «шчырасьць».
«Пяць цэнтаў за падтрымку Лукашэнкі»
У сярэдзіне траўня ў «Свабодзе» выйшла нататка: у Скарынаўскім унівэрсытэце ў Гомлі студэнтам паабяцалі па 50 даляраў за тысячу подпісаў за вылучэньне Лукашэнкі. Карэспандэнт выканаў нескладанае арытмэтычнае дзеяньне — атрымалася па пяць цэнтаў за подпіс.
Але поўнага даверу да беларускіх выбарнікаў кандыдат ня мае. Галоўны ягоны разьлік не на беларусаў, а на Маскву, на тамтэйшае крамлёўскае начальства — яны павінны дапамагчы яму стаць прэзыдэнтам Беларусі, таму ён «гатовы паўзьці ў Маскву на каленях». Гэтае фізычнае «практыкаваньне» ён таксама будзе выконваць на працягу ўсёй сваёй кар’еры.
20 траўня 1994 году «Свабода» перадрукоўвае нататку з «Московского комсомольца» пад назвай «„Какой-то человек“ на трыбуне Дзярждумы»: «У Дзяржаўнай Думе, мяркуючы па ўсім, адкрыўся месячнік дыпляматычнай самадзейнасьці. Частку мінулага пленарнага паседжаньня камуна-аграрыі падарылі нейкаму чалавеку, які, забраўшыся на трыбуну, практычна папрасіў Думу зрабіць яго прэзыдэнтам Беларусі, а ўжо ён за гэта пасадзіць 70 беларускіх дэмакратаў-рыначнікаў за краты».
«Лукашэнка любіць ВЧК, КГБ і КПБ»
Варта мець на ўвазе, што для большасьці народу Лукашэнка сапраўды быў кандыдатам-загадкай: зь ягоных прамоваў скласьці ўражаньне пра тое, якая ў яго праграма, якія арыенціры, якія ідэалы, было немагчыма. «Свабода» імкнулася літаральна па штрыху сабраць зьвесткі пра прэтэндэнта. 31 траўня 1994 году яна цытуе ангельскамоўную «Minsk Economic News», якой кандыдат заявіў: Ф.Дзяржынскі, Ю.Андропаў і П.Машэраў — найбольшыя для яго аўтарытэты. На першым месцы — Жалезны Фэлікс.
То бок і тут, як са шчырасьцю, напавер застаецца мутнае ўяўленьне, бо хоць кампанія куміраў і з аднаго флякону, але па-чалавечы эклектычная. Галоўнае, што іх аб’ядноўвае, — адсутнасьць хоць нейкіх выбітных пазытыўных вынікаў дзейнасьці і добрай памяці, пакінутай пасьля сябе.
Працяг будзе.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Як мяняўся рэйтынг Лукашэнкі на працягу дзесяцігодзьдзяў. Тлумачэньне сацыёляга