У Менску ўжо ёсьць і школа імя камандзіра АМАПу, і ў гонар жывога пісьменьніка зь міліцэйскімі пагонамі. Расказваем, чаму так адбылося.
Ініцыятыва новай дырэктаркі Ліцэю БДУ Тацяны Мамчыц надаць некалі прэстыжнай навучальнай установе імя заснавальніка ВЧК-КГБ Дзяржынскага зьдзейсьнілася.
На думку былога выкладчыка БДУ, а цяпер прафэсара Інстытуту філязофіі і сацыялёгіі Польскай акадэміі навук Паўла Баркоўскага, называць навучальныя ўстановы і ўстановы культуры імёнамі савецкіх камісараў і забойцаў — гэта агульны трэнд для пуцінскага і лукашэнкаўскага рэжымаў.
«Але калі першы ў новазахопленых гарадах Украіны вяртае як мага хутчэй помнікі Леніну і савецкія назвы вуліц, то другі старанна зацірае гістарычныя імёны і постаці беларусаў, на іх месца ставячы імёны менавіта савецкіх пэрсанажаў, каб падкрэсьліць гэты дыктат таталітарнай ідэалёгіі. Таму гэта чарговае сьведчаньне антыбеларускага і антыграмадзянскага характару таго рэжыму, што ўсталяваўся ў Менску, які працягвае гвалт і зьдзекі зь беларускага грамадзтва і яго сымбаляў», — перакананы прафэсар Баркоўскі.
З моманту заснаваньня ў 1989 годзе ліцэй БДУ зьяўляўся адным з сынонімаў якаснай і грунтоўнай сярэдняй адукацыі. Там працаваў кваліфікаваны калектыў фактычна ўнівэрсытэцкіх выкладчыкаў, выпускнікі вызначаліся высокай якасьцю ведаў.
У 2020 годзе шмат выкладчыкаў, вучняў і выпускнікоў ліцэя сьвядома і адкрыта дэманстравалі сваю грамадзянскую пазыцыю, непрыняцьце хлусьні і гвалту з боку ўлады. На думку прафэсара Баркоўскага, гэта галоўная прычына таго, чаму ўлады не змаглі дараваць ліцэю і правялі супраць яго паказальную карную апэрацыю. Спачатку вычысьціўшы кіраўніцтва, пэдагогаў і прызначыўшы новую дырэктарку зь сілавой навучальнай установы. Раней спадарыня Мамчыц працавала ў Інстытуце нацыянальнай бясьпекі, які рыхтуе кадры для КДБ.
«Таму пасьля 2022 году, можна сказаць, ад ліцэя БДУ застаўся хіба стары будынак і веліч былой славы. Але паказальным прыніжэньнем для „альма матэр“ стала акцыя з наданьнем імя самага вядомага ката савецкіх часоў, на якога літаральна моляцца ягоныя нашчадкі ў асобах камітэтчыкаў і губазікаўцаў. Бо менавіта створаны ім рэжым „чырвонага тэрору“ такі блізкі іхным крыважэрным душам. Назваць Ліцэй імем забойцы і ката — вытанчаная помста за вальнадумства і прагу да свабоды і правоў», — мяркуе філёзаф Павал Баркоўскі.
Незакончаная сярэдняя адукацыя
Бліскучай адукацыі Фэлікс Дзяржынскі не атрымаў, нягледзячы на тое, што нейкі час вучыўся ў славутай 1-й Віленскай мужчынскай гімназіі. У розныя часы там жа атрымлівалі веды Юзэф Пілсудзкі, Адам Кіркор, Яўстах Тышкевіч, Сіманас Даўкантас, Пётр Сталыпін, Браніслаў Тарашкевіч.
У пачатковай школе Фэлікса пакідалі на другі год, бо хлопец ня ведаў расейскай мовы. Але Дзяржынскі гімназіі так і ня скончыў — пайшоў з апошняй клясы ў красавіку 1896 году, каб прысьвяціць сябе партыйнай працы. Прычым вучыўся Фэлікс у гімназіі дрэнна: толькі па Законе Божым у яго была чацьвёрка, па астатніх прадметах — лёгіцы, лацінскай і францускай мовах, альгебры, геамэтрыі, матэматычнай геаграфіі, фізыцы, гісторыі — тройкі. А па расейскай і грэцкай мовах увогуле двойкі.
Гады ў Віленскай гімназіі «не ўзбагацілі маёй душы, а зрабілі яе больш убогай... Пачынаю ненавідзець гэтую дрэсіроўку, якая ставіць сваёй задачай вытворчасьць так званых інтэлігентаў», — пісаў Дзяржынскі.
Затым рэвалюцыянэру было не да вучобы: партыйная праца, шэсьць арыштаў, турмы, уцёкі. Пасьля Кастрычніцкага перавароту Дзяржынскі стаў спачатку старшынём ВЧК, потым кіраўніком наркамату ўнутраных спраў (НКУС), ажыцьцяўляў «чырвоны тэрор».
Школы імя камандзіра АМАПу і генэрала міліцыі
Пачынаючы з 2022 году, беларускія школы ў асноўным сталі называць імёнамі герояў Другой усясьветнай вайны: Кіжаватава, Асаналіева, Гаўрылава, Ракасоўскага, а таксама герояў Беларусі: Карвата, Дубко, мітрапаліта Філарэта. Але ёсьць і іншыя імёны.
Сталічная школа № 72 ў лістападзе 2023 года атрымала імя першага камандзіра менскага АМАПу Ўладзімера Арцёмава. На ўрачыстасьцях прысутнічамі начальнік менскага АМАПу Дзьмітры Балаба, памочнік Лукашэнкі — інспэктар па Менску Аляксандар Барсукоў. «Сьвятар дабраславіў прысутных на зьдзяйсьненьні і подзьвігі, а байцы атраду арганізавалі для вучняў паказальныя выступленьні», — пісаў тэлеграм-канал «Милиция Минска»
Крыху раней у Горадні імя Дзяржынскага далі гімназіі № 6. Нібыта назваць гімназію ў гонар стваральніка савецкіх спэцслужбаў і ідэоляга «чырвонага тэрору» яшчэ ў 1983 годзе хацеў дырэктар школы, на базе якой тая гімназія была заснаваная. Тады пэдагогі і вучні пачалі зьбіраць матэрыял пра дзейнасьць і жыцьцё Дзяржынскага. У 2018 годзе ў гімназіі № 6 урачыста адкрылі абноўлены бюст Фэліксу Дзяржынскаму і падрыхтавалі музэйныя стэнды.
Калі раней навучальным установам давалі імёны людзей ужо пасьля іх сьмерці, то цяпер школы называюць імёнамі жывых.
Да прыкладу, у сьнежні 2022 года сталічную школу № 76 назвалі імем генэрала міліцыі, народнага пісьменьніка Мікалая Чаргінца. Ён піша збольшага міліцэйскія дэтэктывы на расейскай мове кшталту «Следствие продолжается», «Финал Краба», «Служба — дни и ночи», «За секунду до выстрела». Самым скандальным творам Чаргінца зьяўляецца раман «Тайна Овального кабинета», у якім з шэрагам інтымных сцэнаў пісьменьнік апісаў кіраваньне прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана.
А ў кастрычніку 2022 году, таксама пры жыцьці, менскай школе № 153 прысвоілі імя паралімпійца і бізнэсоўца Аляксея Талая, які падтрымлівае Лукашэнку.
Як яшчэ ўвекавечаны «жалезны Фэлікс»?
Толькі ў Расеі імя Дзяржынскага носяць 1,5 тысячы вуліц і плошчаў, сотні прадпрыемстваў, навуковых устаноў. Па Волзе дагэтуль курсуе цеплаход «Фэлікс Дзяржынскі», пабудаваны ў Чэхаславаччыне ў 1978 годзе.
Адным з сымбаляў заканчэньня эпохі Савецкага Саюзу ў жніўні 1991 году стала спроба зьвяржэньня помніка Дзяржынскаму на Лубянцы разьюшаным натоўпам, а потым дэмантаж манумэнту. Аднак 12 верасьня 2022 году на Лубянскую плошчу Масквы быў вернуты той самы помнік Дзяржынскаму, які быў зрынуты пасьля жнівеньскага путчу 1991 году.
У Беларусі ў 1932 годзе горад Койданава перайменавалі ў Дзяржынск.
У цэнтры Менску, на бульвары, што на скрыжаваньні вуліцы Камсамольскай і праспэкту Незалежнасьці, у 1955 годзе быў усталяваны бюст Дзяржынскаму. Аўтар — скульптар Заір Азгур.
А вось паўнавартаснага помніка Дзяржынскаму ў сталіцы да 2006 года не было. Аднак у 2006-м на тэрыторыі Вайсковай акадэміі адкрылі помнік, якія зьяўляецца дакладнай копіяй манумэнту скульптара Яўгена Вучэціча, што стаіць у Маскве на Лубянцы.
У 1957 годзе ў Івянцы быў адкрыты «Мэмарыяльны музэй Ф.Э. Дзяржынскага», які так называўся да 2006 году. Яго перайменавалі ў Івянецкі музэй традыцыйнай культуры, аднак значная частка экспазыцыі па-ранейшаму прысьвечаная таму ж «жалезнаму Фэліксу» (у тым ліку там захоўваецца пасьмяротная маска Дзяржынскага).
З 1972 года існуе Музэй-сядзіба Дзяржынскага ў Дзяржынаве ў Стаўпецкім раёне, філіял Івянецкага музэю.
У 1967 годзе Брэсцкаму памежнаму атраду «за дасягнутыя высокія паказчыкі ў службе, баявой і палітычнай падрыхтоўцы было прысвоена ганаровае імя Фэлікса Дзяржынскага. Так ён называецца і дагэтуль.
Ну а вуліца Дзяржынскага ёсьць, бадай, у кожным беларускім горадзе. У сталіцы нават праспэкт. Адразу пасьля сьмерці народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава ў 2003 годзе актывісты настойвалі на перайменаваньні праспэкта Дзяржынскага ў праспэкт Васіля Быкава, але Менгарвыканкам адмовіў.
Імем Дзяржынскага былі названыя Крыштальны завод у Барысаве, дзясяткі калгасаў. І хоць называюцца яны цяпер «СВК», але імя Дзяржынскага засталося. Былая «Дзяржынская бройлерная птушкафабрыка» стала агракамбінатам «Дзяржынскі». У Бабруйскім раёне ёсьць СВК «Калгас імя Дзяржынскага», у Слонімскім — камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Імя Дзяржынскага».
Ленін, Урыцкі, Валадарскі, Берут, Берсан...
Як даведалася Свабода ў 2017 годзе, даўжыня ўсіх вуліц Леніна ў краіне складае 440 км, Кастрычніцкіх — 382, Савецкіх — 698. З той пары іх не пераймяноўвалі. Для параўнаньня: працягласьць усёй тэрыторыі Беларусі з усходу на захад складае 650 км.
Па-ранейшаму шануюць у Беларусі Саламона Ўрыцкага, старшыню петраградзкай Надзвычайнай камісіі (ЧК). Пад Гомлем ёсьць аграгарадок «Урыцкае», названы ў яго гонар, у многіх беларускіх гарадах захаваліся вуліцы Ўрыцкага (у Гомлі, Віцебску, Берасьці, Бабруйску, Барысаве і г. д.) А вось у Менску вуліцу Ўрыцкага, дзе знаходзілася МУС, у 1993 годзе перайменавалі ў Гарадзкі Вал.
Таксама ў Беларусі застаюцца вуліцы імя Маркса, Энгельса, Валадарскага, Сьвярдлова, Калініна, Берсана, Берута ды іншых, якія з часам мусяць зьнікнуць, бо гэтыя людзі ніколі ня мелі дачыненьня да Беларусі і не зрабілі ніякага добрага ўнёску для краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі вуліцы Леніна расьцягнуліся на 440 кілямэтраў. А Каліноўскага — на 33 кілямэтры