2024 — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Васіль Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
Свае ўспаміны пра Васіля Ўладзімеравіча пад назвай «Вясна з Быкавым» я напісаў і апублікаваў яшчэ ў 2005 годзе. З таго часу здавалася, што ўсё, што мне хацелася сказаць пра яго, было тады сказана. Але 100-гадовы юбілей вялікага беларуса прымусіў зноў задумацца над неверагоднай сілай яго таленту і ўдакладніць некаторыя высновы.
Памятаю, тэкст я пачаў з думкі пра вялікую шляхетнасьць і далікатнасьць Быкава як чалавека. Сёньня я думаю, што ён — самы вядомы ў сьвеце беларускі творца, які ў максымальнай ступені акумуляваў і прадэманстраваў народны архетып беларуса. Быкаў стаў найвышэйшым інтэлектуальным і творчым выяўленьнем беларускага этнасу і этасу.
Я лічу, што крыніца творчай сілы Быкава і матывацыя ўсёй яго творчасьці — гэта яго гранічная чалавечая прыстойнасьць, якая ў нашым выпадку зьяўляецца сынонімам прыстойнасьці народнай, сялянскай, зразуметай як сукупнасьць этычных нормаў, нораваў і звычаяў, якую яшчэ ў антычныя часы назвалі этасам.
Існуюць розныя погляды на існаваньне нацыянальнага характару, які яшчэ называюць мэнталітэтам. Адны гісторыкі яго адмаўляюць, іншыя лічаць, што нейкі спэцыфічны лад мысьленьня і сыстэма вобразаў, пры дапамозе якіх той ці іншы народ складае сваё ўяўленьне пра сьвет і сваё месца ў ім, усё ж існуе і што менавіта ён вызначае паводзіны і ўчынкі людзей. Я таксама думаю, што нацыянальны характар існуе.
Гэтага нельга было ня ўбачыць у традыцыйнай беларускай вёсцы, якая, нягледзячы на сацыяльныя і эканамічныя трансфармацыі ХІХ і ХХ стагодзьдзяў, дажыла прынамсі да 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Беларус стагодзьдзямі рэалізоўваў сябе на невялікай, адваяванай у лесу прасторы ва ўмовах свабоды, а пасьля — частковага ці поўнага прыгону, цяжкіх войнаў і іншых гістарычных катаклізмаў. Дапамогі чакаць не было ад каго, трэба было спадзявацца толькі на сябе (адсюль у беларускіх небыліцах героі самі сябе выцягваюць з балота).
Беларус — гэта асьцярожны, троху недаверлівы, зьнешне стрыманы чалавек, які дакладна ведае розьніцу паміж «сваім» і «чужым» і які, нягледзячы на купалаўскую «крыўду» на плячах, глыбока хавае ў сабе прытоены аптымізм і надзею на канчатковую перамогу дабра і справядлівасьці.
Беларус ня любіць ваяваць і да апошняга адцягвае вайну, асабістую ці агульную. Занадта цяжкі быў яго гістарычны шлях і вопыт. Але калі ён трапляе ў нявыкрутку, то пачынае змагацца і за сябе, і за радзіму — дысцыплінавана, сумленна і зацята.
Але ня толькі гэта. Беларускія сяляне за стагодзьдзі выпрацавалі спэцыфічную мараль і этычныя правілы паводзінаў, якія стварылі і вартую захапленьня бытавую культуру. Адна цырымонія супольных сямейных трапезаў у сялян чаго вартая! Або прыродная асабістая годнасьць вяскоўцаў, якую не змаглі за стагодзьдзі вынішчыць шматлікія заваёўнікі і гаспадары.
Усё гэта захавала беларуская вёска. У горадзе зь яго эканамічнай канкурэнцыяй і барацьбой народныя этыка і мараль вельмі хутка адыходзілі на другі плян і забываліся ў наступных пакаленьнях. А вось у вёсцы, дзе за стагодзьдзі прыгону было менш эканамічнай канкурэнцыі, але больш творчага спаборніцтва ў сельскагаспадарчых практыках, народныя этыка і мараль самаўзнаўляліся з пакаленьня ў пакаленьне.
Таму для нас, сучасных беларусаў, ключавым момантам культурнай гісторыі нацыі стала нараджэньне Васіля Быкава ў беларускай вёсцы, яго сялянскае паходжаньне. Менавіта там, пры наяўнасьці розных людзей і розных жыцьцёвых калізій — зайздрасьці, рэўнасьці, подласьці, сямейных і межавых канфліктаў — народ агулам яшчэ захоўваў сваё векавое імкненьне да справядлівасьці, сваю этыку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш Быкаў». Аляксандар Лукашук: «Быкаў — самы вялікі чалавек, якога я сустракаў»Памятаеце, як у жніўні 2020 году, падчас пратэстаў па ўсёй краіне пасьля выбараў прэзыдэнта, просты работнік «Гроднажылбуду» падчас мітынгу сказаў літаральна наступнае:
«Я сапраўды ганаруся сваім беларускім народам. Мне ня трэба ні NATO, ні Расеі. Мы павінны быць адны — з нармальным, сумленным кіраўніцтвам. На чале краіны павінен быць такі ж самы сумленны прэзыдэнт, як і мы».
Я ўжо цытаваў неяк гэты неверагодны выступ і назваў яго «маніфэстам нашага спрадвечнага сьціплага і культурнага народу, які стагодзьдзямі цярпеў ад сваіх і чужых гаспадароў і марыў усяго толькі пра спакойную працу на сябе самога і сваіх дзяцей».
Цяпер магу дадаць, што гэта было і вяршыннае выяўленьне народнага імкненьня да справядлівасьці, якое ў выпадку Васіля Быкава ператварылася ў яго імкненьне да ісьціны, да праўды. Вось як ён сам пра гэта аднойчы сказаў:
«Нават калі нічога ніхто не пачуе, усё роўна наш абавязак, абавязак творцаў — гэта тварыць, памятаючы, што ісьціна ўсё-ткі за намі. За імі, тымі, хто выступае супраць, — перамога, а за намі ісьціна».
Гэтае народнае імкненьне да справядлівасьці, да праўды яшчэ ў пазамінулым стагодзьдзі вельмі дакладна адчуў і зразумеў Кастусь Каліноўскі, які вырас у беларускай вёсцы. Таму ён назваў першую беларускую газэту «Мужыцкай праўдай» і напісаў: «О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па сьвеце!».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш Быкаў». Сяргей Дубавец: Як Васіль Быкаў «шаблячкай махаў»Васіль Быкаў стаў увасабленьнем беларускага народнага імкненьня да праўды. Адсюль, ад яго беларускіх народных вытокаў паходзіць жаданьне пісьменьніка паказаць вайну без ідэалягічнага шалупіньня, без плякатаў і пераможных гімнаў. Адсюль яго пагарда да «асабістаў» і іхнай згубнай ролі для простага чалавека на вайне. Адсюль такія героі, многія зь якіх зьяўляюцца як бы маральнымі копіямі самога Быкава, носьбітамі яго чалавечай беларускай прыстойнасьці.
І адсюль уся лінія яго жыцьця, якая вызначаецца, з аднаго боку, адмовай ад кар’еры, якая нярэдка вымагае кампрамісаў з сумленьнем, а зь іншага — цьвёрдым, непахісным імкненьнем да ісьціны, да праўды — або, па-народнаму, да справядлівасьці.
Вось чаму я лічу бясспрэчнай крыніцай творчай сілы Быкава і яго творчага мэтаду — глыбокую беларускую народную прыстойнасьць, якая зьяўляецца галоўным зьместам нацыянальнага этасу.
Быкаў — адзін з волатаў нашага духу.
У праекце Свабоды «Наш Быкаў» чытайце:
«Наш Быкаў». Зіна Гімпелевіч: «Усе мы — быкаўцы»«Наш Быкаў». Аляксандар Лукашук: «Быкаў — самы вялікі чалавек, якога я сустракаў»«Наш Быкаў». Івонка Сурвіла: «Здымак з Быкавым у мяне на сьцяне: штодня бачу яго»«Наш Быкаў». Тацяна Процька: «Ён ішоў да свабоды складаным шляхам гуманізму»«Наш Быкаў». Уладзімер Някляеў: «Ня кожнаму ўдавалася так завяршыць свой шлях»«Наш Быкаў». Ганна Сурмач: «Без Васіля Быкава І зьезд беларусаў сьвету прайшоў бы зусім інакш»«Наш Быкаў». Алеся Сёмуха-Грынбэрг: «Я трохі пабойвалася ягоных пэсымізму і тугі»«Наш Быкаў». Аляксандар Мілінкевіч: «Ён і ягоная бескампрамісная праўда назаўсёды з тымі, хто адстойвае сваю годнасьць»«Наш Быкаў». Валянціна Трыгубовіч: «Ягоныя кнігі засталіся са мною. Хоць іх цяжка чытаць. Балюча»«Наш Быкаў». Сяргей Навумчык: «Быкаў апярэджваў час, нібыта падаючы нейкі знак»«Наш Быкаў». Зянон Пазьняк: «Нацыянальнае адраджэньне і лёс Айчыны сталі зьместам ягоных думак, трывог і разважаньняў»Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.