Ідэя стварыць адмысловую ініцыятыву для падтрымкі былых зьняволеных нарадзілася ў сьнежні 2022 году, калі першыя вязьні, якія атрымалі адносна невялікія па цяперашніх мерках тэрміны, 1–2 гады, пачалі выходзіць на свабоду. Для якаснай дапамогі Volnyja распрацавалі адмысловую мэнтарскую праграму. У чым яе сутнасьць, тлумачыць каардынатарка праекту Вераніка Станкевіч.
«Калі мы думалі пра праблемы рэсацыялізацыі, на волю выйшла каля 300 чалавек. Мы пачалі з былымі вязьнямі абмяркоўваць тэму адаптацыі, рэсацыялізацыі ў грамадзтве, і зразумелі, што тут не абысьціся без пэрсанальнага падыходу. І вызначыліся, што аптымальная форма апекі — гэта мэнтарства. Мы шукаем валянтэраў-мэнтараў, якія праходзяць адмысловае навучаньне, гутарку з псыхолягамі, і потым шэфствуюць над сваім падапечным», — кажа Станкевіч.
Па словах суразмоўцы, актыўна працаваць Volnyja пачалі са жніўня 2023 году. Да гэтага часу падрыхтавалі мэнтараў, якія могуць дапамагчы былому вязьню ва ўсім. Пачынаючы з запаўненьня заявак у фонды, каб атрымаць матэрыяльную ды іншую падтрымку.
Агрэгатар ініцыятыў
Па дапамогу да Volnych за 10 месяцаў зьвярнуліся 115 былых зьняволеных. Частка зь іх атрымала мэнтара, частка — кансультацыі, бо людзі казалі, што апякун ім не патрэбны, справяцца самі. Частка людзей проста «адвальваецца» — запоўніць заяўку і далей ня хоча кантактаваць, кажа каардынатарка.
«Мы агрэгатар ініцыятыў, у нас ёсьць поўная інфармацыя пра ўсе фонды і праекты, якія дапамагаюць палітвязьням — пра BySol, ByHelp, dissidentby, „Вясну“ ды іншых. Мы распрацавалі гайд, можам паскорыць запыт, пашукаць лякальную падтрымку для людзей, якія выйшлі на волю. Стараемся паўсюль расказваць пра сябе, посьцімся ў пабліках дыяспар, расказваем на сустрэчах пра праект, а таксама робім таргетаваную рэкляму ў інтэрнэце, каб былыя палітвязьні ведалі, куды можна зьвярнуцца», — кажа Вераніка.
На пярэчаньне, што людзі, якія апынуліся на волі, часьцяком ня маюць гаджэтаў альбо за 2–3 гады зьняволеньня наагул развучыліся імі карыстацца, каардынатарка Volnych адказала, што працуюць яны найперш са сваякамі і сябрамі тых, хто хутка вызваляецца.
«Наша задача — камунікаваць з блізкімі вязьняў, каб яны данесьлі пра віды падтрымкі. Кантактуем зь сем’ямі тых, хто хутка выходзіць, праз розныя арганізацыі, якія апякуюцца вязьнямі, — было некалькі закрытых прэзэнтацый для сваякоў. Мы тлумачым сваякам, што пажадана яшчэ да таго, як чалавек выйдзе, мець плян далейшых дзеяньняў: як чалавеку дапамагчы і маральна, і фізычна — нават калі чалавек не зьбіраецца пакідаць Беларусь. А калі зьбіраецца, то тым больш: трэба паклапаціцца пра візы ды вырашыць іншыя праблемы.
Я таксама ня веру, што да тых, хто выходзіць, можа дагрукацца таргетаванай рэклямай, бо не ўва ўсіх іх ёсьць гаджэты. Трэба грукацца праз блізкіх, празь сяброў вязьняў», — кажа Вераніка.
«Са 120 заявак працаваць засталіся 50 чалавек»
Знайсьці мэнтара для былога вязьня і падрыхтаваць яго — задача «з зорачкай», кажа Вераніка. Бо многія актыўныя людзі, якія раней займаліся валянтэрствам, ужо стаміліся і «павыгаралі».
«Але ў нас быў вялікі плюс, бо наша мэтавая аўдыторыя мэнтараў — не актывісты. Мы шукаем валянтэраў не сярод палітызаваных людзей, хто ўдзельнічаў у падзеях 2020 году, эміграваў і сьцішыў сваю дзейнасьць, апынуўшыся ў эміграцыі.
Ёсьць, канечне, і актывісты, але наша задача — прыцягваць людзей, якія, акрамя дзейнасьці ў Volnych, нідзе не зацягнутыя, бо мэнтарства — гэта карпатлівая праца», — тлумачыць Вераніка.
Усе мэнтары вэрыфікуюцца праз партнэрскія ініцыятывы, праз сацыяльныя сеткі. І ўсё яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі, бо гэта група павышанай рызыкі. У Беларусі сілавікі могуць праверыць тэлефоны, сацсеткі і выйсьці на кантакты іншых людзей.
«Што да мэнтараў, было пададзена каля 120 заявак. Засталося працаваць 50 чалавек. Таксама шмат людзей „адвальваецца“ пасьля адукацыйнай праграмы: яны разумеюць, што гэта для іх некамфортна альбо што яны не пацягнуць. Але з тых, хто атрымаў падапечнага, ніхто не адмовіўся. Для нас гэта важны момант.
Адзін мэнтар — адзін падапечны, бо мэнтар павінен цалкам „пагрузіцца“ ў працу з былым палітвязьнем», — разважае каардынатарка Volnych Вераніка Станкевіч.
Выгараньне, ПТСР і «сындром чалавека, які выжыў»
Марына Ментусава даўно працуе мэнтаркай, але ў іншай сфэры: стратэгія ў кар’еры і бізнэсе, падтрымка матывацыі. Марына сама выйшла на ініцыятыву Volnyja, калі ўбачыла адну зь першых іх абвестак. Напісала, што яна гатовая працаваць, у яе ёсьць сілы і жаданьне каму-небудзь дапамагчы.
«Я разумею, што праблемы ў былых палітвязьняў не канчаюцца з выхадам на волю. Свабода для многіх — новае выпрабаваньне, ім патрэбная падтрымка і рэсацыялізацыя. У эміграцыі людзі ў адзіноце, у іх зьяўляецца процьма новых выклікаў. Я сама, нягледзячы на свой досьвед і працу мэнтаркай крыху ў іншай сфэры (бізнэсе), прайшла шмат тэстаў, адмысловую праграму адукацыі, сэсію з псыхатэрапэўткай, перш чым узяць падапечную», — расказала Марына.
Ментусава ў 2020 годзе ўдзельнічала ў пратэстах у Беларусі і вымушаная была эміграваць у Літву.
Марына расказала, што ейнай падапечнай крыху больш за 50 гадоў, яна шматдзетная маці, цяпер з трыма дзецьмі ў эміграцыі. Была ў яе і стадыя выгараньня, і ПТСР, і «сындром чалавека, які выжыў», і дэпрэсія, кажа мэнтарка.
«Тут я не магу дапамагчы. Таму давялося зьвяртацца да Volnych. Ёсьць мэнтаркі, якія даюць збольшага псыхалягічную падтрымку, яны коўчы. У мяне іншая супэрсіла. Я даю тое, што ў маёй кампэтэнцыі: бізнэс, стратэгіі, матывацыя, пляны, фінансавыя пытаньні — як зарабляць грошы. Але мы размаўляем ня толькі пра бізнэс і пра грошы, яшчэ і пра тое, як ствараць каманду, пра пытаньні камунікацыі. Мая падапечная пасварылася з адной са сваіх партнэрак, цяпер абмяркоўваем, як наладзіць адносіны», — прызнаецца Марына.
Мэнтарка займаецца са сваёй падапечнай на працягу 7 месяцаў, і наперадзе яшчэ шмат працы.
«Псыхалягічныя праблемы чалавека можна закрыць за 10 сэсій, а ў нас гульня ўдоўгую», — перакананая мэнтарка Марына Ментусава.
Спасылкі:
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падкаст-сэрыял «Архіпэляг БЕЛАГ». Жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. Зьяжджаць ці заставацца?