Абмежаваньне свабоды з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ў народзе называюць «хіміяй». Гэты тэрмін зьявіўся за савецкім часам, калі асуджаных адпраўлялі на будоўлі розных прадпрыемстваў, у тым ліку зьвязаных з хімічнай прамысловасьцю.
Асуджаныя на «хімію» жывуць у памяшканьнях, падобных да інтэрнатаў, плацяць за пражываньне. Яны абавязаныя працаваць. Часта асуджаных накіроўваюць на нізкакваліфікаваную працу, напрыклад у калгасы. У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу.
Пархімчык: «Вядомыя кампаніі выкарыстоўваюць прымусовую працу палітвязьняў, у тым ліку тыя, якія потым прадаюць сваю прадукцыю ў Эўропу»
Былы палітзьняволены Віктар Пархімчык адбываў пакараньне на «хіміі» ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў вёсцы Сушкі Камянецкага раёну. Паводле яго, палітычных на «хіміі» выкарыстоўвалі «як рабоў». Да зьняволеньня Віктар працаваў у ІТ-сфэры, меў заробак больш за 2 тысячы даляраў, на «хіміі» падчас працы на фэрме жывёлаводам атрымліваў каля 300 рублёў. Працоўная зьмена магла пачацца ў 04:30 і скончыцца ў 22:30.
— Працуюць за невялікія грошы і тым самым падымаюць сельскую гаспадарку. Дзякуючы гэтай прымусовай працы ў Беларусі можна пабачыць вынікі — адносна таннае малако і іншае. Вядомыя кампаніі выкарыстоўваюць прымусовую працу палітвязьняў, у тым ліку тыя, якія потым прадаюць сваю прадукцыю ў Эўропу. Я працаваў у ІТ-сфэры, а ў першы мой працоўны дзень мяне накіравалі на пасаду жывёлавода 5-га разраду. Сярод маіх абавязкаў было прымаць роды ў каровы, пілаваць каровам капыты, неяк прадбачыць, калі карова хоча да быка, і іншыя працы, у якіх я нічога не разумеў. Папраўдзе сказаць, і цяпер я нічога ў гэтым не разумею. Але былі і выпадкі, калі палявод атрымліваў 57 капеек за гадзіну. Ягоная праца была зьбіраць камяні з поля. У першы свой працоўны дзень я атрымаў спагнаньне. Я зараз працытую, бо гэта быў загад старшыні калгасу: «За парушэньне тэхналёгіі кармленьня дойных кароў».
Аляксей, былы палітвязень, вызваліўся ў лістападзе 2022 году. Яго асудзілі па 342-м «народным» артыкуле на паўтара года «хіміі». Адбываў пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 43 у Магілёве. «Хімікі» жылі ў былым будынку раённага ўпраўленьня ўнутраных справаў.
— Працаваў на будоўлі каля году. І апошнія 4–5 месяцаў уладкавалі на аўтасэрвіс салідарныя людзі, скажам так. Знаходзілася гэта побач зь месцам, дзе я адбываў пакараньне. Хвіліна пешкі. Адносіны мянтоў спэцыфічныя ва ўсіх, хоць ёсьць і людзі, якія разумеюць, што такое сыстэма і якая ўлада, але на працы гэтага не паказваюць. Раз на тры месяцы прыяжджалі хлопцы ў скафандрах з чорнымі пінжачкамі, праглядалі тэлефоны, правяралі пакоі, лазілі па ўсім — па тэлеграмах, па ўсіх мэсэнджарах і па ўсіх сацсетках, прымушалі разблякоўваць тэлефоны і даваць паролі. Лазілі паўсюль. Былі выпадкі, калі знаходзілі ў людзей лайкі, старыя фатаздымкі ці падазроную перапіску і забіралі іх. Адзін пацанчык паехаў на калёнію ў выніку. Некаторым давалі проста ШЫЗА як пакараньне. Недзе штосьці знайшлі — і 10 сутак ШЫЗА. Некалькім людзям дадалі пару месяцаў. Яшчэ адна крыміналка, суд.
Разам з Аляксеем адбывалі так званую «хімію» яшчэ каля 30 палітзьняволеных. Агулам колькасьць вязьняў у папраўчай установе адкрытага тыпу № 43 за паўтара года вагалася ад 180 да 220 чалавек. Аляксею пашанцавала трапіць у добры пакой, у якім жылі толькі 4 чалавекі.
— Я жыў на ніжнім ярусе. Двух’ярусны ложак. Усё роўна мяне пэрыядычна палохалі: ты палітычны, вам забаронена на першым ярусе спаць. Баяўся невядомасьці таго, калі я выйду, што будзе, як будуць далей перасьледаваць, якія абмежаваньні, ці змагу выехаць — бо плянаваў выехаць, яшчэ знаходзячыся на «хіміі». Ты там сядзіш, ты чакаеш толькі вызваленьня.
Праваабаронца: «Вязень на „хіміі“ ніколі не адчувае сябе спакойна і вольна»
Праваабаронца цэнтру «Вясна» Натальля Сацункевіч гаворыць пра адметнасьці «хіміі» для палітычных пасьля 2020 году.
— Падчас адбыцьця так званай «хіміі» ва ўстанове адкрытага тыпу для вязьняў, якія сутыкнуліся з палітычна матываваным перасьледам, умовы для іх ствараюцца больш жорсткія. Кантролю нашмат больш. Ад іх патрабуюць вельмі фармальнага выкананьня ўсіх правілаў. Відавочна, што ўсе правілы выканаць немагчыма. І калі ў адміністрацыі ёсьць задача ці жаданьне дадаткова рэпрэсаваць чалавека, то падставы можна знайсьці заўсёды. Паводле заканадаўства так званая «хімія», па сутнасьці, лічыцца менш жорсткім пакараньнем у параўнаньні з калёніяй. Але мы бачым, што чалавек там не зьяўляецца свабодным, вольным, ня можа распараджацца сваім жыцьцём і часам і вырашаць шмат якія пытаньні так, як ён ці яна хоча. І таксама для некаторых людзей «хімія» ператвараецца ў калёнію, бо можа адбыцца зьмена рэжыму. Гэта звычайна вельмі дрэнныя побытавыя ўмовы падчас знаходжаньня на «хіміі». Гэта пакой на шэсьць, восем, дзесяць чалавек, у якім ты жывеш год, два, тры. Няма ніякай асабістай прасторы.
Гэта складаныя ўмовы працы. Звычайна гэта проста цяжкая фізычная праца. Вядома, адсутнасьць нармальнай камунікацыі зь сям’ёй, з блізкімі, зь сябрамі. Для некаторых людзей гэта проста поўная зьмена асяродзьдзя, цалкам. Гэта вельмі складана псыхалягічна. Плюс гэта заўсёды дадатковы кантроль. Мы ведаем шмат выпадкаў, калі былі рэйды КДБ ці сьледчых на «хіміі», калі ва ўсіх вязьняў правяралі тэлефоны. Што чалавек чытае, на каго падпісаны, з кім і пра што камунікуе, якія фатаздымкі. Калі ў чалавека знаходзяць матэрыялы, якія прызнаныя экстрэмісцкімі, то гэта цягне за сабой адміністрацыйную адказнасьць і адміністрацыйны арышт. Гэта ўсё стварае дадатковую нэрвознасьць. Вязень на «хіміі» ніколі не адчувае сябе спакойна і вольна.
Рэгіна Лавор: «На працягу тыдня ёсьць пяць дзён, калі ты можаш выходзіць за межы дома»
«Хатняя хімія» на першы погляд выглядае палёгкай — пасьля рашэньня суду палітвязень выходзіць з-за кратаў. Але вельмі хутка становіцца зразумела, пад якія жорсткія абмежаваньні.
Асуджаны на «хатнюю хімію» жыве дома, працягвае працаваць на сваім асноўным месцы, але з заробку ў яго могуць забіраць да 25% кожны месяц. Ён павінен стаць на ўлік у спэцыяльнай інспэкцыі, з праверкай да яго могуць прыйсьці ў любы час дадому ці на працу. Асуджанаму на «хатнюю хімію» нельга ўжываць алькаголь, забаронена выходзіць з дому ў выходныя і сьвяты. Нельга хадзіць у госьці, наведваць любыя забаўляльныя мерапрыемствы.
Былая палітзьняволеная Рэгіна Лавор жыла ў Іўі. Яна стварыла і ўзначаліла цэнтар рамёстваў, была дырэктаркай музэю нацыянальных культур. Жанчыну асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за камэнтары пра міліцыю.
— На працягу тыдня ёсьць пяць дзён, калі ты можаш выходзіць за межы дома. З панядзелка па пятніцу. Кожны дзень дзьве гадзіны, якія прапісаныя канкрэтна. У мяне было спачатку ад 14 да 16, пасьля мне гэтыя гадзіны зьмянілі з 10 да 12. То бок кожны дзень я магла з 10 да 12 пакідаць свой дом, выходзіць за яго тэрыторыю, каб вырашыць якіясьці пытаньні, зьвязаныя з наведваньнем доктара, банка, падатковай інспэкцыі, у краму, спаткацца са сваімі блізкімі. На гэта было 2 гадзіны. Паколькі мы жылі ў прыватным доме, то мне было таксама дазволена ад 6 раніцы да 19 вечара знаходзіцца на тэрыторыі дома, не пакідаючы тэрыторыю больш як на мэтар за агароджу. Абслугоўваць тэрыторыю за плотам альбо вынесьці сьмецьце было таксама немагчыма. Выгуляць сабаку было складана, таму што трэба было карыстацца ў дадзеным выпадку гэтымі дзьвюма гадзінамі, якія ў мяне былі. Для мяне самае складанае было тое, што працаўладкавацца не атрымалася за гэты час. Я проста была вымушаная зарэгістравацца рамесьнікам, каб мець афіцыйнае працаўладкаваньне, але фактычна я не магла працаваць. У мяне былі ўсё тыя ж 2 гадзіны за межамі дома, каб і працаваць у тым ліку.
Міліцыя часта правярала Рэгіну Лавор, як вынік — ёй запісвалі ў справу розныя парушэньні.
— Я ўвесь час старалася захоўваць гэты парадак, умовы адбыцьця пакараньня, пры гэтым, канечне, я мела актыўную пазыцыю. Я пісала розныя звароты, змагалася за сваё існаваньне, за тое, каб працаваць, каб займацца любімай справай. Хутчэй за ўсё, гэта таксама паўзьдзейнічала на тое, што ціск павялічваўся. Ад 31 студзеня праверкі пачаліся літаральна кожны дзень па 5, 6 разоў на вечар. Гэта былі вельмі складаныя ўмовы, калі ты павінен амаль жыць каля гэтых дзьвярэй, каб не прапусьціць гэтую праверку.
У лютым 2022 году Рэгіна Лавор адбыла 10 дзён арышту, у чэрвені 2022-га — яшчэ тры дні (за тое, што не адчыніла дзьверы АМАПу). Пакараньні яна беспасьпяхова спрабавала абскардзіць у судзе. Пасьля 17 месяцаў «хатняй хіміі» Рэгіна Лавор вырашыла выехаць зь Беларусі.
Вязень на «хатняй хіміі» павінен знайсьці працу сам. Калі гэтага не адбылося, ён абавязаны прыйсьці ў камітэт працы, занятасьці і сацыяльнай абароны. Адмовіцца ад працы, прапанаванай там, ён ня можа. Калі асуджаныя парушаюць гэтыя правілы, іх могуць вярнуць за краты.
Жыгар: «Такая мера зьвязаная зь вялікай перанаселенасьцю турмаў палітычнымі вязьнямі»
Паводле праваабаронцаў, «хатняя хімія» становіцца ўсё больш распаўсюджаным відам пакараньня. Былы супрацоўнік крымінальнага вышуку Ўладзімер Жыгар разам з калегамі па аб’яднаньні былых сілавікоў BelPol аналізавалі, чаму так адбываецца. Паводле Жыгара, тут можа быць некалькі прычынаў. Першая — каб трымаць пад жорсткім кантролем вялікую частку актыўнага грамадзтва наступныя некалькі гадоў. І другая прычына:
— Мы неяк прыводзілі ў сябе ў арганізацыі гэтую статыстыку, глядзелі, што сапраўды крыху крэн у гэты бок пайшоў. На наш погляд, такая мера зьвязаная з тым, што сапраўды вельмі вялікая перанаселенасьць турмаў палітычнымі вязьнямі, і, магчыма, у некаторых выпадках гэта робіцца для таго, каб чалавек заставаўся на свабодзе, але пры гэтым за ім ідзе пастаянны кантроль. Магчыма, праз гэтага чалавека могуць дабрацца да нейкіх іншых людзей, якіх па яго крымінальнай справе знайсьці і прывязаць не змаглі. Але ўсе ж цудоўна разумеюць, што недзе тут ты можаш перасекчыся, нехта табе можа пазваніць, нехта можа прыйсьці да цябе ў госьці. Гэта свайго роду прынада... Яны таксама разумеюць, што калі чалавек не становіць для іх вельмі вялікага інтарэсу, але ўсё роўна падпадае пад катэгорыю людзей, асуджаных за пратэсты, то яны, можа, могуць даваць магчымасьць чалавеку выехаць.
Падкаст «Архіпэляг БЕЛАГ». Дзе глядзець і слухаць
Гэта падкаст Ганны Соўсь пра тое, як Беларусь паступова ператвараюць у турму.
У сямі частках візуалізаванага падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ» мы пройдзем праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамогуць былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
Мы раскажам, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць, на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. У падкасьце вы пачуеце парады былых палітвязьняў, былых сілавікоў і праваабаронцаў, як прайсьці «Архіпэляг БЕЛАГ» з найменшымі стратамі для псыхічнага і фізычнага здароўя.
Візуалізацыю падкасту разам з намі рабілі былыя палітзьняволеныя — Марыя Каленік, Лявон Халатран, Віктар Пархімчык, Анастасія Булыбенка, Натальля Карнеева і яшчэ некалькі чалавек, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.
Новыя выпускі падкасту выходзяць кожны аўторак ад 2 красавіка на YouTube-канале Свабоды і асноўных падкаст-плятформах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал Радыё Свабода, каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.