2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Васіль Быкаў» успамінаюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
Ад пачатку кантактаў з замежнымі суродзічамі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя Васіль Быкаў зь вялікай павагаю і цікавасьцю ставіўся да беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму і ўладкоўваць новае жыцьцё на чужыне. Іхны патрыятызм, глыбокая нацыянальная сьвядомасьць, якую эмігранты захавалі праз усё жыцьцё, адпавядалі ягоным поглядам на нацыянальную беларускую справу. Калі ў 1990 годзе ўзьнікла ініцыятыўная група пад кіраўніцтвам Яўгена Лецкі, якая задумала стварыць «Згуртаваньне беларусаў сьвету (ЗБС) «Бацькаўшчына», Васіль Уладзімеравіч актыўна падтрымаў гэтую важную справу і ўзяў удзел ва ўстаноўчай канфэрэнцыі. Тады яго выбралі на пасаду першага прэзыдэнта арганізацыі. Сваім аўтарытэтам і рэальнай працаю Быкаў моцна падтрымліваў Згуртаваньне ў першыя гады дзейнасьці.
У канцы 1992 году кіраўніцтва ЗБС «Бацькаўшчына» прыняло адказнае рашэньне — правесьці ў Менску І зьезд беларусаў сьвету. Гэта былі, як выглядала, спрыяльныя часы для такога вялікага форуму, які павінен быў аб’яднаць у адзінае цэлае мэтраполію і эміграцыю, раней падзеленыя «жалезнай заслонаю».
Падрыхтаваць такі зьезд — адказная і складаная праца. Немагчыма было выканаць яе без супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі структурамі, з урадам Вячаслава Кебіча. Нягледзячы на тое, што Беларусь абвесьціла дзяржаўную незалежнасьць, ня быў распачаты паўнавартасны працэс дэмакратызацыі краіны. Улада заставалася ў руках савецка-партыйнай намэнклятуры. Дзяржаўныя структуры фармальна падтрымалі ідэю правядзеньня зьезду, але глядзелі на ягоныя мэты з пазыцыі сваіх інтарэсаў. Іх найперш цікавілі сувязі з замежжам праз выкарыстаньне беларускай дыяспары ў сьвеце. Нацыянальныя інтарэсы і пэрспэктывы дэмакратычнага разьвіцьця краіны іх ня надта цікавілі.
Частка дэмакратычных сілаў выступіла супраць зьезду, даводзячы, што яшчэ не прыйшоў час для такога форуму, што існуе небясьпека, што ўлады скарыстаюць зьезд у сваіх інтарэсах, а на зьезьдзе можа адбыцца перадача мандата дзяржаўнай улады Радаю БНР ураду Кебіча.
У такіх складаных супярэчлівых умовах даводзілася рыхтаваць зьезд. З боку ЗБС «Бацькаўшчына» галоўнай задачай было не дапусьціць дзяржаўныя структуры да кіраўніцтва форумам, захаваць кантроль над парадкам правядзеньня зьезду. Кіраўніцтва ЗБС цьвёрда трымалася гэтай пазыцыі. Былі прадугледжаныя усе магчымыя мэтады і спосабы, каб форум прайшоў у інтарэсах беларускай грамадзкасьці, а не паводле пляну дзяржаўных структураў.
Месцам правядзеньня зьезду быў вызначаны будынак Опэрнага тэатру, заля якога разьлічана прыкладна на паўтары тысячы прысутных. Адкрываць зьезд павінен быў прадстаўнік ЗБС «Бацькаўшчына», арганізатара зьезду, яе прэзыдэнт Васіль Быкаў.
Аднак гэтаму запярэчыў Пятро Краўчанка, тагачасны міністар замежных справаў, які прадстаўляў улады ў працэсе падрыхтоўкі зьезду. Я была ад ЗБС старшынёю працоўнай групы, і мяне спадар Краўчанка запрасіў на сустрэчу зь ім у міністэрства, каб абмеркаваць пытаньні падрыхтоўкі. Падчас абмеркаваньня Краўчанка заявіў, што ён сам будзе адкрываць зьезд. Я катэгарычна запярэчыла. З нашага боку гэта было недапушчальна, гэта азначала, што ўлады будуць кіраваць зьездам.
Мая адмова, аднак, нічога ня значыла для міністра. Вечарам, перад днём адкрыцьця, я даведалася, што Краўчанка мае цьвёрды намер адкрываць форум. Гэта была бяссонная ноч. Нешта трэба было рабіць.
І тут дапамог Васіль Уладзімеравіч. Я знайшла яго ў фае тэатру, дзе ўжо гуло людзкое мора. Мы перамовіліся, пабеглі ў опэрную залю, на сцэну, дзе былі пастаўленыя сталы і крэслы для ганаровага прэзыдыюму. Васіль Уладзімеравіч уладкаваўся каля мікрафона, а я села побач. Калі празьвінеў званок і заля пачала запаўняцца людзьмі, прыйшоў са спазьненьнем і Краўчанка. Але месца ля мікрафона і побач ужо было занятае. Адхіліць Васіля Ўладзімеравіча ад мікрафона Краўчанка не адважыўся, ды і ня змог бы ў той сытуацыі.
Васіль Быкаў урачыста адкрыў зьезд і кіраваў першымі ягонымі паседжаньнямі. Дзякуючы яму нам удалося захаваць кіраўніцтва зьездам. Там былі прынятыя важныя, канструктыўныя дакумэнты, якія адлюстроўвалі волю і жаданьні беларускага народу. І, што важна, не адбылася перадача мандатаў Рады БНР ураду Кебіча.
Першы зьезд беларусаў сьвету стаўся важнай гістарычнай падзеяй. Пазьней правесьці такі ўсенародны форум, калі б мы не адважыліся на гэта ў ліпені 1993-га, у нас ужо не было б шанцу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Наш Быкаў». Алеся Сёмуха-Грынбэрг: «Я трохі пабойвалася ягоных пэсымізму і тугі»«Наш Быкаў». Тацяна Процька: «Ён ішоў да свабоды складаным шляхам гуманізму»«Наш Быкаў». Валянціна Трыгубовіч: «Ягоныя кнігі засталіся са мною. Хоць іх цяжка чытаць. Балюча»«Наш Быкаў». Сяргей Дубавец: Як Васіль Быкаў «шаблячкай махаў»«Наш Быкаў». Сяргей Навумчык: «Быкаў апярэджваў час, нібыта падаючы нейкі знак»«Наш Быкаў». Уладзімер Някляеў: «Ня кожнаму ўдавалася так завяршыць свой шлях»Быкаў на Свабодзе. «Мы павінны назваць імёны катаў нашых ахвяр»Быкаў на Свабодзе. «За імі, тымі, хто выступае супраць, — перамога, а за намі — ісьціна»«Наш Быкаў». Зянон Пазьняк: «Нацыянальнае адраджэньне і лёс Айчыны сталі зьместам ягоных думак, трывог і разважаньняў»Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.