2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Васіль Быкаў» успамінаюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
Мне заўсёды здавалася, што ён загадзя бачыў надыход сёньняшяга часу, вяртаньне ў мінулае. У гэтым ён мне нагадваў майго бацьку.
Да Быкава ў нашай хаце заўсёды ставіліся зь вялікай павагай. Бацька яго лічыў чалавекам-валуном за прынцыповасьць і непахіснасьць. З Быкавым быў заўсёды выключна на «Вы». Я з маленства ведала, што толькі Быкаў і Вітка не галасавалі за выключэньне бацькі з Саюзу пісьменьнікаў. Помню, бацька казаў, што Быкава ўлады не любілі, але паважалі, нават баяліся яго аўтарытэту.
Мая асабістая памяць пра Быкава пачынаецца з канца 80-х, калі я была талакоўкай («Талака» — моладзевае гісторыка-культурнае аб’яднаньне 1985-1990 гадоў. — РС) і ўдзельніцай руху «Мартыралёг Беларусі» і БНФ. Я помню ягоныя нешматслоўныя, досыць кароткія выступы. Усе іх заўсёды чакалі.
Мне здавалася, што ён быў чалавекам вельмі глыбокай думкі і пэсымізму. Пэсымізму ня ў сэнсе дзеяў і вынікаў, а ў сэнсе часу. Ён вельмі добра адчуваў людзей і час. Шчыра скажу, што я трохі пабойвалася гэтых пэсымізму і тугі. Мне гэта не падабалася, бо хацелася хуткіх зьменаў. Мне ж тады было гадоў 18-20.
Памятаю добра паседжаньне «Мартыралёгу Беларусі» ў Чырвоным касьцёле. Быкаў прамаўляў. Усё, што казаў, было як бы ў самую кропку, цьвёрда і дакладна, але адчувалася ў ягоным голасе нейкая наканаванасьць. Як быццам ён бачыў нейкі прарочы сон. Можа, таму ён так мала выступаў публічна, бо не хацеў перадаць гэты настрой. Ня ведаю. Але маю вось такі ўспамін.
У праекце «Наш Быкаў» чытайце:
«Наш Быкаў». Тацяна Процька: «Ён ішоў да свабоды складаным шляхам гуманізму»«Наш Быкаў». Валянціна Трыгубовіч: «Ягоныя кнігі засталіся са мною. Хоць іх цяжка чытаць. Балюча»«Наш Быкаў». Сяргей Дубавец: Як Васіль Быкаў «шаблячкай махаў»«Наш Быкаў». Сяргей Навумчык: «Быкаў апярэджваў час, нібыта падаючы нейкі знак»«Наш Быкаў». Уладзімер Някляеў: «Ня кожнаму ўдавалася так завяршыць свой шлях»«Наш Быкаў». Зіна Гімпелевіч: «Усе мы — быкаўцы»«Наш Быкаў». Зянон Пазьняк: «Нацыянальнае адраджэньне і лёс Айчыны сталі зьместам ягоных думак, трывог і разважаньняў»«Наш Быкаў». Аляксандар Лукашук: «Быкаў — самы вялікі чалавек, якога я сустракаў»«Наш Быкаў». Івонка Сурвіла: «Здымак з Быкавым у мяне на сьцяне: штодня бачу яго»Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.