Больш за 22 тысячы дзяцей у Беларусі жывуць у сем’ях, якія чыноўнікі залічылі ў сьпіс тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы (СНС).
Пасьля падзей 2020 году некаторыя бацькі, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, зазналі ціск з боку органаў апекі, школы і дзіцячых садкоў. Ім пагражалі ўключэньнем у сьпіс «сацыяльна небясьпечных», што ў пэрспэктыве магло б прывесьці да новых праблем. Многія з гэтай прычыны мусілі тэрмінова пакідаць краіну.
У канцы вясны 2024 году ўступілі ў сілу зьмены, якія пашырылі магчымасьці дзяржавы ціснуць на бацькоў. У дакумэнце прапісаны такі крытэр, як «амаральны лад жыцьця». Статус СНС сям’і цяпер могуць надаць за тое, што бацькі прыцягваліся да адказнасьці, у тым ліку за «прапаганду ці публічнае дэманстраваньне нацысцкай сымболікі» (артыкул 19.10 КаАП) і «распаўсюджваньне экстрэмізму» (артыкул 19.11 КаАП). Альбо за адсутнасьць афіцыйнага працаўладкаваньня на працягу трох месяцаў.
Размытыя крытэры
Згодна з пастановаю Савету міністраў, асноўны крытэр для пастаноўкі на СНС — «бацькі не задавальняюць асноўныя патрэбы дзяцей». Далей пішацца пра тое, што гэта значыць. Напрыклад, яны «дапускаюць сыстэматычную адсутнасьць ежы», «пражываньне дзіцяці ў памяшканьнях, дзе печы, электрычныя прыборы не адпавядаюць патрабаваньням», «сыстэматычна — два разы ці больш на працягу 6 месяцаў не выконваюць рэкамэндацыі мэдычных работнікаў, што пагражае іх жыцьцю і здароўю», «бацькі перашкаджаюць атрыманьню дзіцем агульнай сярэдняй адукацыі» або «не кантралююць месцазнаходжаньне дзіцяці». Таксама адпаведны статус сям’я можа займець, калі бацькі дапускаюць «адсутнасьць ежы, абутку, адзеньня, месца для адпачынку, заняткаў і гульняў дзяцей».
Пэдагог Ларыса (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) больш за 30 гадоў працуе ў розных установах сыстэмы адукацыі. Крытэры СНС яна называе размытымі і ўдакладняе, што пад іх можа падпасьці літаральна кожны. Яна кажа, што ведае дзясяткі выпадкаў, калі дзяцей забіралі з звычайных сямей.
«На практыцы гэтая норма цяпер прымяняецца так: бацькі ня ходзяць на бацькоўскія сходы? — Пагражаюць уключэньнем у СНС. Дзіця ня хоча хадзіць у школу, бо мае там праблемы, яго крыўдзяць іншыя дзеці ці настаўніца злосная? — Ніхто ня будзе разьбірацца з прычынамі паводзінаў дзіцяці. Ім прасьцей і зручней, маю на ўвазе школу, паставіць бацькоў на СНС», — тлумачыць Ларыса.
Суразмоўца дадае, што, паводле чыноўнікаў, бацькі мусяць забясьпечыць дзіцяці месца для адпачынку і заняткаў. Але з уласнай практыкі яна ведае пра выпадкі, калі камісіі патрабавалі, каб кожнае дзіця ў шматдзетнай сям’і мела свой стол — каб рабіць урокі, і свой асобны ложак, ці нават асобны пакой. Маламаёмныя сем’і часта ня могуць забясьпечыць гэта ўсё, або такія рэчы для разьвіцьця дзіцяці, як тэлевізар.
«Яшчэ могуць дакапацца, што на вокнах няма фіранак, на лямпачках няма абажураў — гэта таксама можа быць нагода паставіць на СНС. Могуць прычапіцца, што „ў вас у хаце непрыемна пахне“, а бедная маці ім даводзіць, што смурод ідзе з падвалу, вільгаць у хаце — бо сьцяна дому гнілая, у грыбку, камунальнікі адмаўляюцца нешта зрабіць», — узгадвае Ларыса.
Суразмоўца прыводзіць прыклад сям’і, дзе ў непітушчай маці забралі дачку.
«Прычапіліся — чаму ў лядоўні няма ёгуртаў? Яна кажа, што дачка папросту ня есьць малочныя прадукты. Яны кажуць: „Ёгурт мусіць быць, інакш забяром дачку“. У яе заробак каля 300 рублёў, і яна мусіць купіць тыя нікому не патрэбныя ёгурты і паставіць для камісіі ў лядоўню», — кажа Ларыса і дадае, што няма такога заканадаўства, такіх нормаў, дзе прапісана было б — што павінна быць у лядоўні для дзяцей.
«Як і няма санітарных нормаў для прыватных жылых памяшканьняў. Чыноўнікі, калі забіраюць дзяцей, спасылацца на тое, я кажу пра канкрэтны выпадак, што „ў вас брудная падлога, значыць, вы парушаеце санітарныя нормы“. Няма ніякіх санітарных нормаў для жыхароў кватэр! Але і спрачацца з чыноўнікамі — сабе даражэй», — кажа суразмоўца.
Яна зазначае, што статус СНС для сям’і можна параўнаць з прысудам. Бацькоў, якія яго маюць, чыноўнікі часта ігнаруюць пры любых скаргах.
Па словах суразмоўцы, бываюць і адваротныя сытуацыі, калі прадстаўнікі раённых уладаў не зьвяртаюць увагі на рэальна праблемныя сем’і.
«Напрыклад, дзіця мае інваліднасьць, наведвае адмысловую ўстанову навучаньня. Настаўнікі бачаць, што маці проста алькагалічка, не глядзіць дзіця, часта ня водзіць яго на заняткі. Але дзіця ніхто не забірае, ня ставіць на СНС. Бо хто ж зь ім, з інваліднасьцю, будзе няньчыцца, скажам, у прытулку?» — кажа Ларыса.
За два гады — удвая больш
Аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol падзялілася са Свабодай дакумэнтам з пракуратуры Віцебскай вобласьці. У канцы траўня ведамства зрабіла аналіз працы чыноўнікаў зь сем’ямі, якія маюць статус СНС.
З дакумэнту вынікае, што за апошнія 5 гадоў у Віцебскай вобласьці амаль удвая павялічылася колькасьць дзяцей, якія жывуць у такіх сем’ях — з 2259 да 4293. Амаль на траціну павялічылася колькасьць дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне — з 358 да 458.
«Вынікі праверкі сьведчаць, што дзяржаўнымі органамі і ўстановамі дапускаюцца сыстэмныя парушэньні ў частцы нясвоечасовага выяўленьня прыкмет сямейнага недабрабыту, няслушнай ацэнкі ўзроўню небясьпечнага становішча дзяцей, неналежнага правядзеньня сацыяльных расьсьледаваньняў, фармальнага плянаваньня і выкананьня мерапрыемстваў па нармалізацыі сытуацыі ў семʼях», — прыйшла да высновы пракуратура вобласьці.
Пракурорамі ўстаноўлена 28 незаконных рашэньняў аб адсутнасьці крытэраў і паказчыкаў СНС. У справаздачы прыводзяцца прыклады таго, як школа ня бачыла ў сям’і крытэраў пастаноўкі на СНС. Факты неналежнага правядзеньня ўстановамі адукацыі сацыяльных расьсьледаваньняў выяўленыя ў 19 раёнах з 21.
Віцебская пракуратура таксама выявіла, што часта дзяцей зь сямей са статусам СНС забіралі ў бацькоў, але затым вярталі назад, хоць бацькі ня выканалі ніякіх патрабаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі анансавалі «жорсткі маніторынг» прыватных дзіцячых летнікаў і рэглямэнтаваньне іх дзейнасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плюнулі ў Вечны агонь, стукнулі сякерай па брацкай магіле. Як беларускіх падлеткаў караюць за непавагу да дзяржаўнай ідэалёгіі