Выпадкі, калі за свавольства зь дзяржаўнымі і ідэалягічнымі сымбалямі караюць падлеткаў, здараюцца ў Беларусі пэрыядычна. У канцы траўня ў Менску затрымалі двух дзевяціклясьнікаў. Паводле Сьледчага камітэту, на плошчы Перамогі яны плявалі ў Вечны агонь, кідалі ў яго сурвэткі і жуйку. Падлеткаў знайшлі, на іх завялі крымінальную справу за «злоснае хуліганства» (ч. 2 арт. 339 КК). Згодна з часткай 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, за «хуліганства, учыненае групай асобаў», абодвум зараз пагражае тэрмін да 6 гадоў калёніі.
Гэта ня першы выпадак у Беларусі, калі свавольства ля Вечнага агню прывяло да крымінальнага перасьледу падлеткаў. У 2022 годзе ў Баранавічах 14-гадовы хлопец атрымаў год «хатняй хіміі» за тое, што кідаў з прыяцелем у Вечны агонь вянкі.
У 2022 годзе ў Горадні затрымалі падлеткаў, якія залілі напоем Вечны агонь.
Тады, у 2022 годзе рашэньне аб узяцьці падлеткаў пад варту пракуратура агучыла публічна, у прысутнасьці навучэнцаў Горадзенскага дзяржаўнага прафэсійнага ліцэя будаўнікоў № 1 і сярэдняй школы № 39. Усё адбывалася паказальна ў актавай залі школы.
Таксама публічным зрабілі перасьлед падлеткаў у Чачэрску. Адзін зь іх пашкодзіў сякерай брацкую магілу.
Дзяцей абвінавацілі ў зьдзеку з брацкай магілы і злосным хуліганстве. Крымінальную справу разглядалі паказальна — на выязным паседжаньні Чачэрскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжу. Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што абвінавачаныя раскаяліся і прызналі віну. 16-гадоваму фігуранту справы прызначылі 3 гады «хатняй хіміі», ягонаму 18-гадоваму прыяцелю — 4 гады «хіміі з накіраваньнем».
Пракурор не пагадзіўся з выракам, палічыў яго мяккім і падаў апэляцыю. Яе вынікі пакуль не вядомыя.
Павага з пачуцьця страху
У беларускі Алесі (імёны герояў публікацыі зьмененыя ў мэтах бясьпекі, — РС) сын і дачка ходзяць у сярэднія і малодшыя клясы. Алеся мяркуе, што павага ці непавага да дзяржавы і яе сымбаляў ідзе ад бацькоў. І калі бацькі такой павагі ня маюць, то дзеці таксама. Калі ж дома пазыцыя нэўтральная, то, на думку суразмоўцы, такія дзеці больш паддаюцца таму, чаму іх вучаць у школе.
«Магчыма, сапраўды вераць і паважаюць тыя сымбалі, з пачуцьця страху. Таму што дзеці вельмі ўразьлівыя, даверлівыя да думкі дарослых ва ўсіх пытаньнях, ня толькі патрыятычных. Некаторыя дзеці наіўныя ж. І яны па-дзіцячы, зь дзіцячым задавальненьнем іграюць тыя ролі, якія ім навязваюць, бо яны ж ня ведаюць, што за гэтым стаіць. Маю на ўвазе ўсе гэтыя мілітарыстычныя „гульні“ ў школах» і пераапрананьне ў вайсковую форму«, — кажа Алеся.
Яна заўважыла, што ў Гомлі каля Вечнага агню падлеткі цяпер часта стаяць у «Варце памяці». Вартавыя пэрыядычна зьмяняюцца, у іх удзельнічаюць вучні з розных школ. Часам зь імі стаяць настаўнікі, пільнуюць, каб удзельнікі варты не сваволілі.
«Я гляджу на гэтых дзяцей — іх так шмат. Дзе іхныя бацькі, чаму яны гэта ім дазваляюць? Як ім яны тлумачаць неабходнасьць вось гэтых двухгадзінных дзяжурстваў па стойцы „сьмірна“? Што гэта разьвівае ў дзіцяці? У гэты ж час можна было займацца інтэлектуальнай працай, спортам», — разважае Алеся.
Жанчына дадае, што яе старэйшы сын, які ходзіць у сярэднія клясы, шмат што разумее, але сьвядома маўчыць у школе. Ягоная настаўніца па гісторыі, па словах суразмоўцы, мае прадзяржаўныя погляды.
«Ён сьвядома маўчыць, каб не зарабіць сабе праблемаў. І ўжо спакойна да настаўніцы і яе „пропаведзяў“ ставіцца. Малодшая дачка ў малодшых клясах многаму верыць, бо пакуль што не ва ўсім разьбіраецца. Яна і мне верыць, і настаўніцы. Але мне больш», — тлумачыць маці школьнікаў.
Алеся дадае, што нядаўна ў школе быў бацькоўскі сход з удзелам міліцыянта. Сход прысьвяцілі прафіляктыцы няшчасных выпадкаў летам, але ў выніку ўсё скацілася да запалохваньня бацькоў.
«Ён (супрацоўнік праваахоўных органаў. — РС) казаў такія рэчы, якія я лічу ненармальнымі. Напрыклад, хваліўся, як лавіў падлеткаў за падпіскі на „экстрэмізм“. Потым тыя і іх бацькі рыдалі, па ягоных словах, у ягоным кабінэце. Мне было непрыемна, але ўразіла, што іншыя бацькі ці падтаквалі яму, ці сьмяяліся. Ён загадваў, каб бацькі сачылі за дзецьмі ў сацыяльных сетках, закрывалі ім старонкі. Ведаю выпадак у адной школе, як адна клясная кіраўніца зарэгістравалася пад чужым імем і здымкам і цяпер набіваецца ў „сябры“ да сваіх вучняў, каб іх кантраляваць», — падзялілася Алеся.
Спосаб ігнараваць «вось гэта ўсё»
Дачка яшчэ аднаго суразмоўцы Свабоды, Арцёма, вучыцца ў каледжы. Ён кажа, што ідэалягічная апрацоўка ў асноўным зводзіцца да актыўнасьці куратара ў бацькоўскім чаце.
«Яна там спаміць увесь час барацьбой з наркотыкамі, „расьсьледаваньнем“ ОНТ пра вэрбаваньне дзяцей украінцамі. Але мая дачка адгадавала стойкі імунітэт на вось гэта ўсё, зь сябрамі яны паміж сабой стрымана падсьцёбваюцца з асабліва адыёзных праяў і людзей, але адкрыта гэта не праяўляюць», — расказвае Арцём.
Сам ён быў падлеткам у часы СССР. Кажа, што тады ў камсамол, хоць адзінкі, але верылі. Цяпер жа ў дзяржаўную ідэалёгію, па словах суразмоўцы, ніхто ня верыць.
«Тут проста „разуменьне“, што сіла штосьці дыктуе. І сыход у сваё, падлеткавае. Мастацтва, анімэ, музыка, гульні, сяброўства. Падлеткі выпрацоўваюць спосаб ігнараваць. І са школай гэта прасьцей, чым з бацькамі», — кажа Арцём.
Прысуды непаўналетнім за ўчынкі ля Вечнага агню ці сарваны дзяржаўны сьцяг суразмоўца называе дзікунствам і жорсткасьцю дзеля запалохваньня.
Справаздачы аб «патрыятызьме»
Ганна да нядаўняга часу працавала ў школе. Мае дзьвюх дачок, якія сёлета заканчваюць 9 і 11 клясу. Жанчына кажа, што засільле чырвона-зялёных сьцягоў як праявы патрыятызму пачалося пасьля 2020 году на злосьць тым людзям, якія хадзілі па гарадах зь бел-чырвонам-белым сьцягам.
«Абсурдна бачыць цяпер сьцягі на кожным піўным бары, на кожным будынку, на краме турэцкай вопраткі. Нават у савецкі час дзёньнік школьніка быў нэўтральны, цяпер жа — чырвона-зялёны. Засільле чырвона-зялёнага выклікае раздражненьне як у дарослых, так і дзяцей, і выклікае адваротны эфэкт», — мяркуе суразмоўца.
Па яе назіраньнях, дзеці нібыта ставяць сьцяну паміж сабой і гэтай ідэалёгіяй, разумеючы, што ёсьць рэальнае жыцьцё, стасункі, а гэта ўсё — несапраўднае, наноснае.
«Патрыятызм — гэта калі чалавек разумее, што ягоная краіна — за яго, што ў ёй усё шчыра, праблемы вырашаюцца, а не замоўчваюцца. Тут жа ў нас — усё наадварот», — лічыць суразмоўца.
Яна дадала, што ў школе партрэт Лукашэнкі ёсьць у кабінэце дырэктара, у кабінэце сацыяльнага работніка, у настаўніцкай, на калідорах школы, у бібліятэцы.
Школы таксама часта маюць абавязкі правесьці «патрыятычныя» мерапрыемствы і даць справаздачу.
«Няма здымкаў — няма працы. Значыць, робім дзесяць фота ў чырвона-зялёных колерах, і вось гэта ўжо «патрыятычнае выхаваньне», — расказвае былая настаўніца.
Прысуды падлеткам за Вечны агонь і брацкую магілу яна лічыць «страшнымі».
«Ламаюць дзецям жыцьцё, дзецям, якія ў сілу ўзросту ня могуць цалкам адказваць за свае ўчынкі. Гэта запалохваньне грамадзтва праз самае дарагое — дзяцей», — лічыць Ганна.
Вывучаная бездапаможнасьць
Дзіцячы і падлеткавы псыхоляг Вольга лічыць, што мэты палюбіць і паважаць сымбалі ўлады праз пакараньне падлеткаў немагчыма дасягнуць. Яна прыводзіць прыклад: калі бацька б’е дзіця, жорстка, за кожную правіну, то яно будзе ў лепшым выпадку баяцца такога тату. У горшым — ненавідзець і спрабаваць адпомсьціць.
«Таму нельга праз жорсткае стаўленьне прымусіць некага нешта палюбіць ці паважаць. Палюбіць наогул нельга прымусіць. Гэтыя суровыя пакараньні для падлеткаў прывядуць толькі да злосьці і нянавісьці. Магчыма, да жаданьня помсьціць», — кажа Вольга.
На яе думку, такім чынам можна толькі прыгнесьці волю чалавека і нанесьці яму шкоду.
«Такія пакараньні не адпавядаюць зьдзейсьненаму. Гэта жорсткае, жахлівае перабольшваньне, якое аніякім добрым чынам не паўплывае на лёс дзіцяці. І тым больш не прымусіць паважаць сымбалі ўлады», — кажа псыхоляг.
Мэты дзеяньняў чыноўнікаў, па яе словах — запалохаць людзей, прышчапіць вывучаную бездапаможнасьць. Ганна мяркуе, што калі гэтыя інструмэнты і мэханізмы выкарыстоўваюць да падлеткаў, яны вырастуць запалоханымі людзьмі, якія выконваюць загады са страху ці злосьці, робяцца грамадзянамі, выгаднымі для дзяржавы, якім лёгка кіраваць.
Форум