Кніга жахаў Кінга, «мора ў адпачынку», дэтэктывы
Выдавец Андрэй Янушкевіч рэкамэндуе менавіта «летнія» кніжкі, якія так і «просяцца» на пляж, на адпачынак. Найперш гэта выданьні для дзяцей і падлеткаў «Мора ў горадзе», «Соня, стой», а таксама швэдзкі і беларускія дэтэктывы. Ну і, вядома ж, бэстсэлер Стывена Кінга «Зьзяньне», выдадзены нядаўна па-беларуску.
Стывен Кінг. «Зьзяньне».
Раман у жанрах жаху, псыхалягічнай драмы і гатычнай літаратуры. Пераклад з ангельскай на беларускую Насты Карнацкай.
У міжсэзоньне Джэк Торэнс з жонкай і сынам перабіраецца ў стары гатэль «Авэрлук», каб працаваць зімнім наглядчыкам. З надыходам суровага зімовага надвор’я ідылічнае месца здаецца ўсё больш далёкім ад цывілізацыі і ўсё больш злавесным. І адзіным, хто заўважае дзіўныя і жудасныя сілы, якія сабраліся вакол гатэля з доўгай і страшнай гісторыяй, становіцца Дэні Торэнс, адораны «зьзяньнем» пяцігадовы хлопчык.
Эргі Папова. «Мора ў горадзе».
Аўтарка Эргі Папова намалявала цудоўныя ілюстрацыі да кнігі, якія выклікаюць шалёнае жаданьне кінуць усё і паехаць на мора. Цэлае мора, з усімі сваімі рыбамі, мэдузамі і акуламі, залезла ў звычайнае вядро і паехала ў адпачынак. Уявіце сабе, што яно пасялілася ў ваньне ў адной з кватэр вялікага горада, а пакінутыя морам піраты выправіліся на яго пошукі.
Выдавецтва «Янушкевіч».
Саша Гук. «Соня, стой».
Аповесць-перадгісторыя ад беларускай аўтаркі пра дзяўчыну-падлетка, у жыцьці якой утварыўся вір з таленту, хваробы, каханьня і навакольных падзей. Тугі вузел эмоцый, які ўрэшце ператворыцца ў моц.
Кніга выйшла ў выдавецтве Gutenberg.
Стына Джэксан. «Срэбная дарога».
Сучасны швэдзкі дэтэктыў, які быў прызнаны ў скандынаўскіх краінах найлепшай кнігай у гэтым жанры ў 2018 годзе. Раман маладой пісьменьніцы са Швэцыі выдзяляецца віртуозным спалучэньнем крымінальнага сюжэту і злабадзённай сацыяльнай тэматыкі. Перакладчыца на беларускую — Алена Казлова.
Выдавецтва «Янушкевіч».
Каміла Цень. «Я прыду за табой у аўгусьце».
У кнігу ўвайшлі тры кароткія дэтэктыўныя аповесьці: «Я прыду за табой у аўгусьце», «Сакрэт фірмы», «Не сматры ў глаза краснаму воўку».
«Народны РБ-дэтэктыў» — так можна назваць вынайдзены аўтаркай жанр. Нуар менскіх заводзкіх ускраін, стыхія трасянкі і маленькіх чалавечых трагедый, нязьменны гумар і закручаныя сюжэты ў дэкарацыях «стабільнасьці» — у такім сьвеце жыве харызматычная кантралёрка Зінаіда Юр’еўна, якая ў сваім імкненьні да праўды разблытвае адну за адной загадкі беларускага быцьця.
Выдавецтва «Янушкевіч».
Цвайг, Вонэгут і «Мова нянавісьці»
Паэтка Сабіла Брыло лічыць, што менавіта летам трэба чытаць сур’ёзныя кнігі, вяртацца да клясыкі.
Пяцёрка Сабіны Брыло: клясыкі Стэфан Цвайг і Курт Вонэгут, «Мова Трэцяга Райху» Віктара Клемпэрэра, кніга амэрыканскага псыхіятра Томаса Саса «Міт душэўнай хваробы», тэма вайны — «Нелегалка» Марыі Яловіч-Сімон.
Стэфан Цвайг. «Учорашні сьвет. Успаміны эўрапейца».
Кніга пра вайну ў сьвеце, які лічыць сябе цывілізаваным. Аўтар апісвае час ад Першай да Другой сусьветнай — што перажываў, адчуваў і думаў, дзе шукаў надзею і паратунак. Думкі Цвайга, гуманіста і інтэлектуала, гучаць так, нібыта і не было другой паловы ХХ стагодзьдзя.
Марыя Яловіч-Сімон. «Нелегалка. Як маладая дзяўчына выжыла ў Бэрліне ў 1940–1945».
Балюча, цікава і карысна чытаць пра тое, як габрэйка намагаецца жыць у родным горадзе, дзе ўлада пазбавіла яе годнасьці і бясьпекі. Успаміны Марыі Яловіч, прафэсаркі антычнай літаратуры і культуры, запісаў яе сын (расповед расьцягнуўся на 77 касэт). Ня кожная маці змагла б расказаць такое свайму сыну.
Віктар Клемпэрэр. «Мова Трэцяга Райху».
Самая першая кніга пра «мову нянавісьці», напісаная філёлягам на падставе ўласнага дзёньніка, які ён вёў падчас вайны. Кніга пра тое, як пры дапамозе моўных сродкаў — словаў, словазлучэньняў, абрэвіятур, мэтаніміі ў людзкім успрыманьні нармалізуецца ненармальнае. Вельмі актуальна для цяперашняга часу, бо прыкметы жыцьця Трэцяга Райху праяўляюцца цяпер нават там, дзе і не чакаеш.
Томас Сас. «Міт душэўнай хваробы».
Прачытаўшы гэтую кнігу (The Myth of Mental Illness: Foundations of a Theory of Personal Conduct), напісаную ў 1961 годзе амэрыканскім псыхіятрам, атрымліваеш новы погляд на звыклыя ацэнкі асобаў і сытуацый. Гэта даволі важна ў сёньняшнім сьвеце, які вымагае барацьбы за душэўнае здароўе. Дарэчы, Томас Сас — адна з тых асобаў, дзякуючы каму быў адменены папулярны ў сярэдзіне мінулага веку спосаб лячэньня псыхічнай хваробы — лябатамія.
Курт Вонэгут. «Калыска для коткі».
Проста цытата: «І я ўспомніў чатырнаццаты том сачыненьняў Баканона — мінулай ноччу я прачытаў яго ўвесь цалкам.
Чатырнаццаты том названы так: „Ці можа разумны чалавек, улічваючы досьвед мінулых стагодзьдзяў, мець хоць якую надзею на сьветлую будучыню чалавецтва?“
Чатырнаццаты том чытаецца хутка. Ён складзены з аднаго толькі слова: „Не“».
Новы Бахарэвіч, «Слоўнік вайны» і пераклады Кульбака і Кунчынаса
Пяцёрка кніг ад Андрэя Хадановіча: новы прыгодніцкі раман Бахарэвіча; «Слоўнік вайны» ўкраінца Астапа Сьлівінскага; перакладзеныя Сяргеем Шупам Мойшэ Кульбак і Юргіс Кунчынас; дзьве кнігі Сяргея Прылуцкага.
Альгерд Бахарэвіч. «Капітан Лятучая Рыба».
Зусім нядаўняе і ўжо нашумелае выданьне, нібы падлеткавы прыгодніцкі раман з двайным дном і падводнымі камянямі. З бліскучай завязкай, дынамічным сюжэтам, цалкам сабе рэалістычнай фантастыкай (хто з нас апошнім часам не сябраваў з валізкай і палітонам, а некаторыя — нават з файкай). І «загнаная ў падтэкст» амаль тэрапэўтычная праца з нашымі самымі балючымі траўмамі, бо калі ў цябе забіраюць радзіму, табе можа нечакана адкрыцца ўвесь сьвет.
Выдавецтва «Янушкевіч»
Мойшэ Кульбак. «Зэлмэняне».
Новы (і першы непадцэнзурны) пераклад зь ідышу Сяргея Шупы менскага рамана габрэйскага (і пры гэтым такога беларускага) генія. Сацыяльная замова патрабавала, каб аўтар радасна апісаў адміраньне старога сьвету і прывітаў нараджэньне новага. Выканаў яе пісьменьнік, на шчасьце чытачоў, толькі часткова, апісаўшы сваіх герояў не без насьмешкі, але зь вялікай цеплынёй і чуласьцю. Габрэйскі Менск амаль нідзе не называецца па імені, але ажывае, зачароўвае, інтрыгуе і запамінаецца назаўсёды.
Выдавецтва Vesna.
Юргіс Кунчынас. «Туўла».
Адна з найлюбімейшых чытачамі кніга за ўсю гісторыю літоўскай літаратуры. Магічны рэалізм па-віленску, малая падарожная кніжыца па Зарэччы-Ўжупісе, шчымлівая гісторыя каханьня на фоне загніваньня саўка і першых знакаў набліжэньня свабоды, алькагольныя падарожжы па начных берагах рэчкі Віленкі і аўтаспын прасторамі імпэрыі, якая вось-вось разваліцца. Усё, як мы любім. Нават беларуская сюжэтная лінія ў кнізе ёсьць.
Пераклад зь літоўскай Сяргея Шупы. Выдавецтва Vesna.
Сяргей Прылуцкі. «Гіброіды».
Адразу дзьве новыя кнігі вершаў беларускага паэта і ўкраінскага грамадзяніна Сяргея Прылуцкага. Першая зь іх напісаная яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня, і нават падзеяў 2020 году ў ёй яшчэ няма, затое ёсьць прадчуваньне катастрофы, прыпраўленае сюррэалістычным абсурдам і чорным гумарам, такі сабе вясёлы апакаліпсіс мутантаў-гіброідаў часоў гібрыднай вайны. Другая — ужо зусім не вясёлы лірычны дзёньнік-рэпартаж з вайны рэальнай, складзеныя ў разлуцы лісты да маленькага сына, пранізьліва кранальныя і вельмі шчырыя.
«Гіброіды» выйшлі ў выдавецтве «Мяне няма». «Нічога нястрашнага» — у выдавецтве Hochroth Minsk.
Астап Сьлівінскі. «Слоўнік вайны».
Кніга-дакумэнт, які агаломшвае. Простая мова сьведак вайны, сабраная ў шматгалосы хор выдатным паэтам і ўважлівым слухачом Астапам Сьлівінскім. Словы, якія на вачах зьмянілі і штодня працягваюць зьмяняць сваю сутнасьць. Нябачныя раней сэнсы, якія выходзяць на паверхню і могуць балюча раніць, а могуць загойваць раны. Залежыць ад нашай эмпатыі і здольнасьці захоўваць чалавечнасьць у нечалавечых умовах.
Пераклад з украінскай Ірыны Герасімовіч. Кніга выйшла ў edition.fotoTAPETA і выдавецтве «Галіяфы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве кнігі пра Менск і адна пра беларуску ў Гамбургу. Бахарэвіч, Шупа і Янушкевіч пачалі эўрапейскі літаратурны тур. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня я ў літаратуры, а літаратура ўва мне». У новым рамане Бахарэвіча зьнік аўтар