Прадстаўнік блёку Пракоп’ева — Ягорава Андрэй Ягораў адзначыў, што ніводны палітычны блёк, які ўдзельнічаў у выбарах, не набраў абсалютнай большасьці галасоў. Ён выказаў думку, што ў найбліжэйшы час пройдуць перамовы і кансультацыі паміж рознымі блёкамі. Імаверна, яны створаць кааліцыі. Далей трэба будзе перавыбіраць новы склад кіраўніцтва КР, сьпікера, віцэ-сьпікера.
Палітоляг мяркуе, што пасьля выбараў КР мусіць пачаць перамовы з Аб’яднаным пераходным кабінэтам.
«Мне падаецца, роля КР у фармаваньні кабінэту мусіць быць падвышаная», — зазначыў Ягораў.
Да 8 чэрвеня маюць абвясьціць канчатковыя вынікі выбараў КР. Да гэтага часу можа зьявіцца і справаздача міжнародных назіральнікаў, якія працавалі на выбарах.
Андрэй Ягораў адзначыў, што яшчэ рана гаварыць пра канкрэтныя наступныя крокі органу.
«Далей будзе залежаць ад канфігурацыі палітычных сілаў унутры КР, хто стане кіроўнай кааліцыяй у КР і накіруе яе разьвіцьцё па тым шляху, як яна гэта бачыць важным», — сказаў суразмоўца.
Ён не выключае, што іхны блёк, які заняў другое месца, можа ўвайсьці ў кіроўную кааліцыю. Яны патэнцыйна могуць аб’яднацца з блёкам Паўла Латушкі.
«Гэта два самыя буйныя блёкі. Залежыць ад таго, як мы будзем дамаўляцца. У нас ёсьць пэўныя несупадзеньні ў палітычнай праграме. Мы арыентаваныя на зьмены ў Беларусі, на дэмакратызацыю Беларусі. Але мы разыходзімся ў пэўных інструмэнтах таго, што трэба рабіць далей. У нас ёсьць пэўныя разыходжаньні адносна санкцый, палітычных вязьняў», — адзначыў Ягораў.
Пазыцыя іхнага блёку — перагледзець і, магчыма, адмяніць усе санкцыі, якія наносяць шкоду беларусам, а санкцыі, якія ўскладняюць працу рэжыму, падоўжыць.
«Мы жорстка выступаем супраць любой сынхранізацыі санкцыяў у дачыненьні да Расеі і Беларусі, бо гэта хутчэй наносіць шкоду і можа няправільна інтэрпрэтавацца на мясцовым узроўні. Як мы бачым сёньня, польскія банкі ў сувязі з новымі павевамі санкцыйнай палітыкі пачынаюць абмяжоўваць рахункі беларусаў», — заўважыў Ягораў.
Наконт палітычных вязьняў яны прытрымліваюцца пазыцыі, што варта весьці перамовы і здымаць санкцыі, калі гэта патрэбна.
Ягораў таксама кажа, што яны плянуюць стварыць структуру самафінансаваньня палітычнай дзейнасьці беларусаў. Маюць прапановы адносна будучых рэформаў у Беларусі, у прыватнасьці рэформы адукацыі.
Напярэдадні завяршэньня галасаваньня аналітык Арцём Шрайбман у адным з этэраў выказаўся, што выбары ў КР могуць быць ініцыяваныя донарскімі арганізацыямі. Ягораў гэта абвяргае.
«Я магу сказаць, што гэта мой праект. Незалежна ад таго, падтрымалі б яго, не падтрымалі, ён бы адбыўся. Ён адбыўся за мінімальныя рэсурсы, якімі мы валодалі. У любым выпадку мы б гэта зрабілі, бо мы абяцалі, што будзе выбраны наступны склад КР... Донарская падтрымка ёсьць ва ўсіх беларускіх мэдыя, беларускай грамадзянскай супольнасьці, і ў беларускіх палітычных актараў таксама. Шчыра кажучы, памеры гэтай падтрымкі не такія вялікія для ўсіх нас», — расказаў Андрэй Ягораў.
Супраць жалезнай заслоны
Прадстаўніца блёку «Наша справа» Роза Турарбекава ў размове са Свабодай сказала, што яны будуць рэалізоўваць свой парадак дня праз КР. Зараз працягваюць збор подпісаў пад пэтыцыяй супраць «жалезнай заслоны», зварот да польскіх і чэскіх уладаў.
«Мы будзем прасіць нашых партнэраў, каб „жалезная заслона“ не апускалася. За адкрыцьцё памежных пераходаў, за аднаўленьне пасажырскіх чыгуначных зносін», — сказала Турарбекава.
Іх блёк выступае супраць прыняцьця новых санкцый, якія б складалі беларусаў і расейцаў у адзін кошык.
«Беларусь — гэта не Расея. Гэта павінна праходзіць праз усю нашую актыўнасьць. Мы гэтым будзем займацца. Каб беларусы не атрымалі дадатковай дыскрымінацыі як проста людзі зь беларускімі пашпартамі», — патлумачыла суразмоўца.
Таксама іх хвалюе пытаньне арганізацыі сыстэмы дапамогі добраахвотнікам і валянтэрам ва Ўкраіне.
Паводле Турарбекавай, блёк «Наша справа» мае кірунак на адукацыю. Яны хочуць працягнуць вырашаць праблемы беларусаў, якія вучацца ў ЭЗ, а таксама выкладчыкаў і настаўнікаў.
«Каб была адукацыя для беларускіх дзетак, каб ня страціць беларускую ідэнтычнасьць. Адзін з самых вялікіх праектаў, які мы падтрымліваем, гэта стварэньне Беларускага ўнівэрсытэту. Яго прэзэнтацыя будзе 29 траўня. Павал Церашковіч арганізуе дапамогу з боку эўрапейскіх інтэлектуалаў у дачыненьні да ўнівэрсытэту», — паінфармавала палітоляг.
«Наша справа» таксама абяцае вырашаць пытаньні, зьвязаныя з апастылем, які многія абітурыенты ня могуць атрымаць і прад’явіць у эўрапейскія навучальныя ўстановы.
«Мы будзем прасіць партнэраў выдзяляць як мага больш сродкаў на стыпэндыі беларускім студэнтам у эўрапейскіх унівэрсытэтах. У першую чаргу на ўзроўні бакаляўрэату. Каб праграма „Эразмус“, якая была накіраваная на беларускія ўнівэрсытэты, цяпер была накіраваная на беларусаў. Каб працягвалася падтрымка праз розныя адукацыйныя праграмы», — паведаміла яна.
Канфліктныя пытаньні
Прадстаўнік блёку «Моладзевы наступ» Іван Краўцоў расказаў, што ён не прайшоў у КР, бо ад іхнага блёку ў склад органу трапілі восем чалавек, а ён ішоў ніжэй у сьпісе.
«Я буду цяпер засяроджаны над тым, каб перадаць справы новаму складу. Сакратарыят будзе працаваць да таго, як сфармуецца новы сакратарыят. Думаю, месяц-паўтара гэта зойме», — сказаў Краўцоў.
Адно з канфліктных пытаньняў, на ягоную думку, — немагчымасьць знаходзіцца ў Кабінэце і КР адначасова. Ён думае, што яго будуць абмяркоўваць.
«Мы цяпер з моладзьдзю будзем рыхтаваць, якія камісіі для нас прыярытэтныя. Ёсьць камісія ў справах моладзі і студэнтаў. Мы плянуем, што прадстаўнік з гэтага сьпісу стане старшынём гэтай камісіі. Таксама калі КР будзе прызначаць прадстаўнікоў у Кабінэт, то, магчыма, у нас будуць прапановы па кандыдатурах, асабліва датычна моладзевай палітыкі», — сказаў Краўцоў.
Ён дадаў, што яны плянуюць некалькі месяцаў працаваць зь візавым пытаньнем. Прааналізаваць, якія пасольствы выдаюць (ці не) візы і чаму, потым абмеркаваць гэта з МЗС гэтых краін.
На пытаньне пра фінансаваньне выбараў у КР заходнімі донарамі Краўцоў адказаў, што ў афіцыйнай справаздачы КР, апублікаванай на іхным сайце, ёсьць уся неабходная інфармацыя.
«Указана, што ёсьць служба пратаколу, мэдыякаманда КР, тэхнічныя супрацоўнікі, якія адказваюць за вядзеньне камунікацыйных каналаў КР, за стварэньне кантэнту, за публікацыю кантэнту, таксама адмініструюць пошту КР, чаты, сайт і гэтак далей. І ў нас на сайце КР ёсьць інфармацыя, колькі патрачана на гэтую тэхнічную каманду. Галава сакратарыяту не атрымлівае ўзнагароджаньня і ніколі не атрымліваў. Для мяне КР заўжды была валянтэрствам. Гэтыя расходы прафінансаваныя амэрыканскімі арганізацыямі па падтрымцы грамадзянскай супольнасьці. Іх некалькі. Некалькі арганізацый, якія працуюць зь Беларусьсю, удзельнічалі ў закрыцьці расходаў на апэрацыйную працу КР. Таксама гэтыя арганізацыі ўдзельнічалі ў расходах на правядзеньне выбарчай кампаніі», — патлумачыў Краўцоў.
З пункту гледжаньня арганізацыі выбараў КР гэта арганізавана самою КР, удакладніў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агучылі ўдакладненыя вынікі выбараў у Каардынацыйную раду ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атрымаўся вялікі падарунак для рэжыму». Анатоль Котаў пра вынікі выбараў у КР ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары Каардынацыйнай рады: высновы і ўрокіШто такое Каардынацыйная рада
- Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
- Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
- 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
- На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
- ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
- Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
- Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
- Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
- З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
- Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
- У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.