«Атрымаўся вялікі падарунак для рэжыму». Анатоль Котаў пра вынікі выбараў у КР

Канфэрэнцыя кандыдатаў у Каардынацыйную раду

Палітоляг, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Котаў крытычна аналізуе вынікі выбараў у КР, разважае пра тое, якімі будуць іхныя наступствы, і выказваецца пра неабходнасьць скліканьня Ўсебеларускага кангрэсу.

Сьцісла

  • 6700 чалавек — гэта значна менш, чым паасобку падпісчыкаў у лідэраў сьпісаў у розных сацыяльных сетках.
  • Ёсьць істотная розьніца паміж праглядамі ў мэдыя і рэальнай палітычнай актыўнасьцю грамадзтва.
  • Цяпер прапаганда будзе актыўна выкарыстоўваць факт нізкай актыўнасьці прыхільнікаў дэмакратычнай апазыцыі.
  • Праблема рэжыму ў тым, што ён ня можа спыніць палітычныя рэпрэсіі.

— Як бы вы ў цэлым ацанілі выбарчую кампанію ў Каардынацыйную раду, якія яе асноўныя вынікі? Чые пазыцыі яна ўзмацніла ці аслабіла?

— На жаль, рашэньні пра тое, чым ёсьць Каардынацыйная рада і як туды выбіраць людзей, прымаліся без уліку таго, што пра гэта думае грамадзкасьць ці хаця б асяродзьдзе дэмакратычных сілаў. Праца створанага Грамадзкага камітэту не была ўлічаная ўвогуле падчас прыняцьця канчатковых рашэньняў пра выбары. І гэта выключыла значную частку дэмакратычнай супольнасьці з удзелу ў гэтым выбарчым працэсе.

— Хіба гэта перашкодзіла прыняць удзел у выбарах хоць камусьці, хто выказаў такое жаданьне? Ці маюць гэтыя абставіны, якія вы апісваеце, настолькі вялікае значэньне і сэнс?

— Яны маюць сэнс. Бо працэдура выбараў павінна зьяўляцца вынікам шырокага грамадзкага кансэнсусу, а не кансэнсусу выключна пэўных структураў. Працэдура павінна была быць больш празрыстай і канкурэнтнай, стаць вынікам шырокага грамадзкага кампрамісу. Гэтага не было.

Анатоль Котаў

Але галоўнае нават не працэдура выбараў. Скажу шчыра, што я прыхільнік больш простай сыстэмы, дзе няма сьпісаў, блёкаў, дзе былі б галасы за канкрэтнага кандыдата, які можа вылучыцца сам, сабраўшы нейкую колькасьць подпісаў. Тое, што адбылося, на жаль, не было прывабным працэдурна.

І, як мне падаецца, для большасьці людзей было незразумела, куды яны выбіраюць, што робіць гэтая Каардынацыйная рада. Што яна рабіла тры гады і чаму на чацьвёрты год раптам павінна стаць больш эфэктыўнай. Усё гэта прывяло да таго, што ў галасаваньні ўзялі ўдзел менш за 7 тысяч чалавек. Гэта значна менш, чым паасобку падпісчыкаў у лідэраў сьпісаў у розных сацыяльных сетках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары Каардынацыйнай рады: высновы і ўрокі

— Можа быць, людзі не прынялі настолькі актыўнага ўдзелу ў гэтых выбарах перш за ўсё з прычыны тых лютых рэпрэсій, якія разгарнула ўлада, у тым ліку і ў дачыненьні да эмігрантаў па-за межамі Беларусі, якім таксама ёсьць што губляць?

— Рэпрэсіі — гэта важны чыньнік. Але трэба трошкі шырэй глядзець на тое, што адбываецца.

Справа ня толькі ў рэпрэсіях. Трэба бачыць сэнс, мэту і празрыстыя працэдуры. Крытыка працэсу, якая гучала цягам апошніх шасьці месяцаў, успрымалася як нейкі хэйт ці спроба замарудзіць сам працэс. Але калі б людзі слухалі больш уважліва таго самага Паўла Вусава, то, мабыць, больш актыўна прынялі б удзел у гэтым працэсе. Калі б разумелі, куды, як і навошта. Гэтыя тры пытаньні фактычна засталіся без адказу.

Нам жа толькі казалі, што «нам трэба выбраць КР» паводле сыстэмы, якая невядома кім была прыдуманая.

— Давайце ўсё ж пагаворым пра палітычныя вынікі гэтых выбараў. Што зьмянілася ў раскладзе палітычных сілаў, на што паўплываюць вынікі гэтай кампаніі?

— Галоўны вынік у тым, што ёсьць розьніца паміж праглядамі ў мэдыя і рэальнай палітычнай актыўнасьцю грамадзтва. І гэта розьніца складае дзясяткі разоў. Атрымаўся вялікі падарунак для рэжыму. Зараз прапаганда будзе вельмі гучна казаць, што, маўляў, яны казалі пра мільённую падтрымку, а маюць 6700. Гэта агульныя нэгатыўныя наступствы для ўсяго дэмакратычнага грамадзтва.

Трэба было б паглядзець на гэтыя відавочна нэгатыўныя вынікі больш цьвяроза. І, мабыць, не сьвяткаваць зараз перамогу і атрыманьне мандатаў у КР, а зладзіць больш прадстаўнічы Ўсебеларускі кангрэс, каб супольна вырашыць, што з гэтым рабіць.

— Ці маюць гэтыя выбары значэньне для пэўнага пераразьмеркаваньня роляў, павялічэньня ці зьмяншэньня ўплыву ўнутры беларускай палітычнай супольнасьці? Як гэта можа паўплываць, напрыклад, на ролю і значэньне Паўла Латушкі?

— Цяжка аналізаваць тое, што знаходзіцца па-за межамі статыстычнай пагрэшнасьці. У пэўных структурах сваю апаратную вагу Павал Латушка, несумненна, узьняў. Але калі параўнаць з тым, колькі галасоў было аддадзена за Сьвятлану Ціханоўскую ў 2020 годзе, то вынікі гэтых выбараў у КР непараўнальныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэты Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны і Беларусі аднолькавыя — розныя толькі інструмэнты», — Котаў

— Бывае, калі галасы нават некалькі дзясяткаў, сотняў чалавек на нейкім зьезьдзе, форуме важаць значна больш, чым проста галасы падчас выбараў. Вось вы самі толькі што казалі пра Ўсебеларускі кангрэс, але ў ім бы таксама ўдзельнічалі максымум некалькі сотняў чалавек. Чаму, на вашую думку, ён бы стаў больш прадстаўнічым за выбары ў КР?

— Калі б кожны дэлегат зьезду сабраў 100, 200, 500 подпісаў, то ён быў бы больш легітымным за таго, хто прыняў удзел у складзе сьпісаў у КР. Бо ў выбарах у Раду прагаласавалі 6700 чалавек, а ўдзельнічала каля 250 кандыдатаў — атрымліваецца, што кожны кандыдат набраў каля 30 галасоў выбарнікаў. Дык што будзе больш прадстаўнічым і больш простым у сэнсе арганізацыі?

— Ці зьменяцца суадносіны ў лягеры дэмакратычных сілаў у выніку гэтых выбараў? У тым ліку з улікам 2025 году, калі паўстане пытаньне пра «легітымнасьць» Сьвятланы Ціханоўскай.

— Наўрад ці нехта будзе спрабаваць праводзіць за мяжой «прэзыдэнцкія» выбары. Можна прагназаваць, што адным з галоўных пытаньняў зараз будзе стварэньне нейкай «кааліцыі» блёкаў, якая будзе кантраляваць КР.

— Чым бы вы патлумачылі такую жорсткую рэакцыю ўлады на выбары ў КР? Пры тым, што яны нібыта «ніхто» і «нікога не прадстаўляюць», супраць усіх кандыдатаў былі заведзеныя крымінальныя справы.

— Гэта вельмі лёгка тлумачыцца. Рэжым можа ня бачыць нейкай непасрэднай пагрозы для сябе ад КР. Аднак ён бачыць пагрозу ў любой праяве неляяльнасьці. Калі прапусьціць, не адрэагаваць нават на ня самую пасьпяховую палітычную кампанію, то заўтра прапусьціш яшчэ нешта. І людзі падумаюць, што «вось наступіла адліга», і паспрабуюць скарыстацца шанцам.

Праблема рэжыму ў тым, што ён ня можа спыніць рэпрэсіі, ня можа спыніцца рэагаваць на самыя малыя праявы непадпарадкаваньня. Забіваць любую актыўнасьць унутры краіны і за мяжой — гэта спроба чарговы раз даказаць, што рэжым перамог.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агучылі ўдакладненыя вынікі выбараў у Каардынацыйную раду

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
  • З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
  • Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
  • У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.