Двухдзённая канфэрэнцыя «Люксэмбурскія рашэньні», прысьвечаная праблемам беларусаў у выгнаньні, пачынае сваю працу 6 чэрвеня ў Люксэмбургу.
Мэта форуму, які арганізоўвае Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — праз дыялёг паспрыяць, каб парлямэнты і ўрадавыя арганізацыі краінаў Эўропы плянавалі і рабілі захады дзеля разьвязаньня праблемаў, зь якімі сутыкнуліся беларусы, што апынуліся ў выгнаньні пасьля пачатку хвалі масавых рэпрэсіяў 2020 году.
Паводле інфармацыі ПАРЭ, удзельнікі канфэрэнцыі «Люксэмбурскія рашэньні» абмяркуюць праблемы беларусаў на шасьці дыскусійных пляцоўках. Сярод іх — законны ўезд і знаходжаньне ў краінах Эўразьвязу, пагрозы свабодзе перасоўваньня і адмовы ў аказаньні консульскіх паслуг, доступ да адукацыі, працяг прафэсійнай кар’еры ў эміграцыі, захаваньне і пашырэньне культурнай адметнасьці Беларусі.
У працы панэляў возьмуць удзел сябры міжпарляменцкай ініцыятывы «Альянс за дэмакратычную Беларусь», палітыкі і экспэрты Рады Эўропы, а таксама вядомыя прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасьці — пісьменьнік Саша Філіпенка, заснавальніца Свабоднага тэатру Натальля Каляда, адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак, праваабаронца Тацяна Кавалёнак ды іншыя.
На канфэрэнцыі «Люксэмбурскія рашэньні» плянуюцца выступы віцэ-старшыні Палаты дэпутатаў Люксэмбургу Фэрнанда Этгена і міністра замежных спраў краіны Ксавіе Бэтэля, старшыні ПАРЭ Тэодараса Русопуляса, дэпутата ПАРЭ, дакладчыка аб праблемах уцекачоў зь Беларусі Поля Галя.
У канфэрэнцыі возьме ўдзел і выступіць з прамоваю лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская.
У канфэрэнцыі таксама возьмуць удзел намесьнік кіраўніцы АПК Валер Кавалеўскі, прадстаўніца ў нацыянальным адраджэньні АПК Аліна Коўшык, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі Ўладзімер Астапенка, дарадцы Офіса Сьвятланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька і Тацяна Шчытцова.
Сярод ініцыятараў канфэрэнцыі — дакладчык ПАРЭ аб праблемах беларускай эміграцыі дэпутат парлямэнту Люксэмбургу Поль Галь.
20 чэрвеня 2023 году на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу прайшло галасаваньне пра рэзалюцыю Поля Галя «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні». Дакумэнт быў ухвалены аднагалосна.
Фактычна форум зьяўляецца працягам прынятага ў чэрвені 2023 году даклада Поля Галя. Адной з мэтаў гэтага дакладу быў пачатак дыскусіі аб ролі ўлад краін – сяброў Асамблеі, у тым ліку створанага Міжнароднага парлямэнцкага Альянсу «За дэмакратычную Беларусь», у падтрымцы рэкамэндацый, якія зьмяшчаюцца ў рэзалюцыі ПАРЭ 2499 (2023).
У той рэзалюцыі ПАРЭ разгледзела праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні, і прапанавала шэраг рашэньняў, якія павінны быць рэалізаваны дзяржавамі-сябрамі Рады Эўропы.
Поль Галь: ПАРЭ паставіла пытаньне беларусаў у выгнаньні на вяршыню палітычнага парадку дня
Перад пачаткам канфэрэнцыі адзін зь яе арганізатараў дэпутат парлямэнту Люксэмбургу Поль Галь адказаў на пытаньні Свабоды.
— Спадар Галь, ці не маглі б вы ацаніць, як цягам году, які прайшоў пасьля ўхваленьня, ідзе выкананьне рэзалюцыі ПАРЭ аб праблемах беларускіх уцекачоў у краінах Рады Эўропы?
— Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы дазволіла паставіць пытаньне беларусаў у выгнаньні на вяршыню палітычнага парадку дня. Дэмакратычныя сілы Беларусі выкарыстоўвалі гэтую рэзалюцыю ў сваіх дыскусіях з нацыянальнымі ўрадамі для вырашэньня выяўленых праблем. У выніку Швэцыя, напрыклад, перастала лічыць Беларусь бясьпечнай краінай і экстрадыцыя туды цяпер немагчымыя.
Таксама новы імпульс атрымала тэма захаваньня беларускай культурнай ідэнтычнасьці, таму адной з моваў канфэрэнцыі ў Люксембургу будзе беларуская. Раней расейская мова выкарыстоўвалася па змоўчаньні.
Апрача таго, мяркую, што пашпарт Новай Беларусі цяпер ужо ня лічыцца фантастыкай, яго стварэньне абмяркоўваецца, і справаздача магла дапамагчы ў гэтым.
—Як вы думаеце, агулам сытуацыя тут палепшылася ці пагоршылася, ці ёсьць бачныя пазытыўныя ці нэгатыўныя зрухі?
— Канфэрэнцыя дапаможа ацаніць, якія праблемы застаюцца. Але справаздача, несумненна, дапамагла дзяржавам – сябрам Рады Эўропы адрозьніваць рэжым ад народу Беларусі.
Іншымі словамі, у мяне склалася ўражаньне, што сытуацыя відавочна паляпшаецца, але ёсьць яшчэ што зрабіць!
— Што вы асабіста чакаеце ад канфэрэнцыі 6-7 чэрвеня ў Люксэмбургу?
— Канфэрэнцыя закліканая ўзмацніць парлямэнцкую працу ў розных краінах і наблізіцца да канкрэтных рашэньняў. Вось чаму мы назвалі гэта «Люксэмбурскімі рашэньнямі».
— Якім будзе ваш асабісты ўдзел у гэтай канфэрэнцыі?
— Я асабіста выступлю з адной з уступных прамоў, буду мадэратарам дзьвюх панэляў і зраблю свой унёсак у заключныя заўвагі. Слова мяркуецца даваць пераважна экспэртам і парлямэнтарыям.
— Якія далейшыя крокі чакаюцца ў гэтай тэме з боку ПАРЭ?
— ПАРЭ прызначыць генэральнага дакладчыка аб Беларусі, а гэта азначае, што Беларусь і яе народ, унутры краіны ці ў выгнаньні, застануцца ў цэнтры палітычнага парадку дня. Робячы гэта, ПАРЭ ўзмоцніць нацыянальную дынаміку ў розных краінах для прадэмакратычнай эвалюцыі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная сакратарка ПАРЭ: Народ Беларусі — гэта не рэжымУдзельнік канфэрэнцыі ў Люксэмбургу Валер Кавалеўскі з нагоды пачатку гэтай канфэрэнцыі заявіў:
«Кожны беларус і беларуска ў замежжы сутыкаецца з цэлым наборам праблем: легалізацыя, праязныя дакумэнты, адукацыя па-беларуску, захаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці, прафэсійнае разьвіцьцё. Мабільнасьць грамадзян Беларусі — атрыманьне візаў, перасячэньне мяжы з кранамі Шэнгена — таксама пастаянны выклік для нас. Канфэрэнцыя ў Люксембургу дае каштоўную магчымасьць абмеркаваць зь міжнароднымі партнэрамі рашэньні гэтых праблем»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПАРЭ падтрымала рэзалюцыю аб ліквідацыі юрыдычных перашкод для беларусаў у выгнаньні. Чаму гэта важна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу аб беларускіх уцекачах расказаў, як краіны Рады Эўропы будуць выконваць рэкамэндацыі