Расея кіраванымі авіябомбамі абстраляла мэдычную ўстанову на Харкаўшчыне. На фронце без перамен

Херсон пасьля абстрэлу расейскіх войскаў у лютым 2024

Цягам дня расейскія войскі абстралялі Харкаўскую вобласьць, Дніпро, Мікалаеў і Херсон.

Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў заявіў, што ў выніку расейскага авіяўдару па доме агульнай практыкі сямейнай мэдыцыны ў сяле Малая Данілаўка Харкаўскай вобласьці чатыры мэдыкі атрымалі раненьні.

«Тром мэдыкам надалі амбуляторную дапамогу. Мэдычную сястру шпіталізавалі з чэрапна-мазгавой траўмай», — удакладніў кіраўнік

Паводле яго, у выніку абстрэлу ў сяле зруйнаваныя інтэрнат і прыватныя будынкі.

Дзяржаўная служба Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях паведаміла пра абстрэл Мікалаева — 6 чалавек пацярпелі. Ракеты пацэлілі ў тэрыторыю станцыі тэхнічнага абслугоўваньня, пачаўся пажар на плошчы 400 квадратных мэтраў.

Абстрэл Херсону

Херсон расейскія войскі атакавалі з авіяцыі — пашкоджаныя прыватныя будынкі, адукацыйная ўстанова. Пакуль улады паведамілі пра 11 параненых, наймалодшаму пацярпеламу 15 гадоў.

Пазьней стала вядома пра новы абстрэл. У выніку ўдару па самым цэнтры Херсону ў жылых дамах па розных адрасах узьніклі два пажары, якія хутка зьліквідавалі ратавальнікі.

У адным будынку праз завалы заблякаваныя людзі.

Ратавальнікі выратавалі траіх дзяцей і жанчыну і перадалі іх мэдыкам.

У Дніпры, паводле абласных уладаў, у выніку расейскага абстрэлу два чалавекі загінулі. Ёсьць параненыя, але іх колькасьць удакладняюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: Расея пасьля Харкаўшчыны плянуе наступ з поўначы

Генштаб Украіны: войска на некаторых участках праводзіць контранаступы

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што расейцы сканцэнтравалі баявыя дзеяньні на купянскім і пакроўскім кірунках (Харкаўская вобласьць).

«Наша войска мужна трымае абарону і наносіць праціўніку страты ў жывой сіле і тэхніцы, месцамі вядзе контранаступальныя дзеяньні», — адзначаецца ў паведамленьні па стане на 13.30 15 траўня.

На харкаўскім кірунку адбыліся 3 баявыя сутыкненьні.

«Сілы абароны адбілі наступ расейскіх акупантаў у раёне Ваўчанску, часткова выціснулі варожыя сілы з населенага пункту, працягваюцца абарончыя дзеяньні ў паўночнай і паўночна-заходняй частцы», — паведамілі ў Генштабе Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея нанесла новы ўдар па Харкаве. На пашкоджаным ад абстрэлу школьным стадыёне пацярпелі дзеці

Пуцін заявіў, што расейскія войскі паляпшаюць свае пазыцыі

Уладзімір Пуцін 15 траўня правёў сустрэчу з камандуючымі войскамі ваенных акруг. Ён зноў заявіў, што «работа ідзе паводле пляну» і «вызначаныя задачы выконваюцца».

«Хачу гэта яшчэ раз сказаць, былі адбітыя ўсе контратакі праціўніка, але і пачынаючы з гэтага году нашыя войскі па ўсіх кірунках пастаянна, штодзень паляпшаюць сваё становішча», — заявіў Пуцін.

Паводле яго, Расея была вымушаная пачаць абарону «сваіх людзей» на тэрыторыі Ўкраіны пры дапамозе Ўзброеных сіл. «Чым больш эфэктыўна вы працуеце на лініі баявога судакрананьня, тым больш у нас шанцаў вырашыць гэтае пытаньне мірным шляхам. Мы да гэтага заўсёды імкнуліся, і я заўсёды пра гэта казаў», — заявіў Уладзімір Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін упершыню пракамэнтаваў зьмену міністра абароны Расеі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.