Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея нанесла новы ўдар па Харкаве. На пашкоджаным ад абстрэлу школьным стадыёне пацярпелі дзеці


Наступствы расейскага абстрэлу Харкава 5 траўня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы расейскага абстрэлу Харкава 5 траўня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія войскі раніцай прадоўжылі абстрэльваць памежныя і прыфрантавыя гарады Ўкраіны.

Ва Ўкраіне 8 траўня адзначаюць Дзень памяці і перамогі над нацызмам.

У Харкаве расейская ракета ўдарыла па адукацыйнай ўстанове.

«Папярэдне, пацэльваньне зафіксавалі па адкрытай мясцовасьці на тэрыторыі адукацыйнай установы. Ёсьць зьвесткі пра двух пацярпелых дзяцей – хлопчыкі 13 і 15 гадоў», – паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной васковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Мэра Харкава Ігар Церахаў удакладніў, што стан аднаго хлопчыка вельмі цяжкі.

Пазьней улады Харкаўскай вобласьці ўдакладнілі, што колькасьць пацярпелых павялічылася да 5-ці, трое дзяцей у цяжкім стане.

Ад расейскіх абстрэлаў 8 траўня церпяць Сумская, Запароская, Днепрапятроўская вобласьці.

Зяленскі: Сьвет праспаў адраджэньне нацызму 24 лютага 2022 году

Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі з нагоды адзначэньня Ўкраіны Дня памяці і перамогі над нацызмам заявіў, што сёньня ўсе, хто памятае Другую ўсясьветную вайну, адчуваюць дэжавю.

«Сьвет праспаў адраджэньне нацызму – а 5-й раніцы 24 лютага 2022 году», – заявіў ён.

«Спыніць гэта, як і ў 1945-м, здольны толькі аб’яднаны вольны сьвет. Аб’яднаны ў антыпуцінскую кааліцыю. Ня словамі, а дзеямі здольны спыніць нацыстаў Масквы, не даць новаму злу распаўсюдзіцца на ўвесь эўрапейскі кантынэнт, а з часам і на ўвесь сьвет. Давесьці адданасьць словам «Ніколі зноў!», каб «Ніколі зноў» было актуальным», – заявіў Уладзімір Зяленскі.

У Расеі заявілі, што абстрэльваюць вайсковыя аб’екты

У ноч на 8 траўня расейскія войскі выпусьцілі па Ўкраіне 55 ракет і 21 ударны дрон. У шасьці абласьцях пашкоджаны энэргааб’екты.

У Міністэрстве абароны Расеі прызналі, што атакавалі аб’екты энэргетыкі, а таксама прадпрыемствы вайскова-прамысловага комплексу Ўкраіны.

«У выніку ўдару істотна зьніжаныя магчымасьці Ўкраіны па выпуску прадукцыі вайсковага прызначэньня, а таксама перакіданьня заходняга ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі на лінію баявога судакрананьня», – заявілі ў ведамстве.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG