У дзень галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах і на рэфэрэндуме аб захаваньні грамадзянства жыхары краіны працягваюць галасаваць крыху больш актыўна, чым пяць гадоў таму.
У нядзелю да 12:00 сваё волевыяўленьне ўжо выказалі 17,11% выбарнікаў, сьведчаць зьвесткі Цэнтравыбаркаму краіны. 11,59% грамадзян прагаласавалі датэрмінова.
Агулам у выбарчых сьпісах 2 385 234 грамадзяніны.
Пяць гадоў таму ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў да 12:00 прагаласавалі 16,96% выбарнікаў. Агульная яўка на выбарах 2019 году дасягнула 57,37%, у першым туры 2014 году — 52%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве пачалося датэрміновае галасаваньне на выбарах прэзыдэнтаСёлета за пасаду прэзыдэнта Літвы змагаюцца восем палітыкаў:
цяперашні прэзыдэнт, беспартыйны Гітанас Наўседа, прэтэндуе на другі тэрмін;
кіроўная Tėvynės sąjunga (Зьвяз Айчыны) — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты вылучаюць кандыдатам у прэзыдэнты прэм’ер-міністра Інгрыду Шыманіце;
Laisvės partija (Партыя Свабоды) — дэкана юрыдычнага факультэту Ўнівэрсытэту Вітаўта Вялікага Дайнюса Жалімаса;
апазыцыйная Darbo partija (Партыя працы) — свайго лідэра Андруса Мазуроніса;
Саюз дэмакратаў Vardan Lietuvos (У імя Літвы) — былога намесьніка міністра нацыянальнай абароны Гедрымаса Яглінскаса;
адвакат Ігнас Вегеле, доктар Эдуардас Вайткус і лідэр партыі «Nemunas Aušra» (Нёманская зара) Рэмігіюс Жэмайтайціс ішлі на выбары самавылучэнцамі.
Канстытуцыйны суд прызнаў за Жэмайтайцісам парушэньне прысягі і Канстытуцыі за антысэміцкія выказваньні, у выніку чаго палітык адмовіўся ад мандата дэпутата Сейму.
У той жа момант Вегеле адзначыўся сваімі выказваньнямі пра памылковасьць санкцый супраць Беларусі. Яго западозрылі ў абыходзе санкцый адносна суседняй краіны. Адвакат — найзаможнейшы з кандыдатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты-расьсьледнікі абвінавацілі самага багатага кандыдата ў прэзыдэнты Літвы ў абыходзе санкцыяў адносна БеларусіПераможцам будзе лічыцца кандыдат, які атрымае больш за 50% галасоў. У выпадку, калі ніводнаму з кандыдатаў не ўдалося дасягнуць большасьці, праз два тыдні арганізуецца другі тур, у які звычайна выходзяць два кандыдаты, якія атрымалі найбольшую колькасьць галасоў у першым. У другім туры кандыдат, які набраў большасьць галасоў, будзе прызнаны пераможцам.
Падчас першага туру прэзыдэнцкіх выбараў праводзіцца і рэфэрэндум у пытаньні двайнога грамадзянства. Зьмяніць Канстытуцыю прапануецца, выключыўшы зь яе фразу, якая цяпер не дазваляе грамадзянам Літвы атрымліваць другое грамадзянства, — што «ніхто ня можа быць грамадзянінам Літоўскай Рэспублікі і іншай дзяржавы, акрамя асобных выпадкаў, прадугледжаных законам».
Прапанаваная зьмена ў рэдакцыю Канстытуцыі: «Грамадзянства Літоўскай Рэспублікі набываецца па нараджэньні і на іншых падставах, устаноўленых законам. Парадак набыцьця і страты грамадзянства вызначаецца законам».
Каб папраўка да Канстытуцыі была прынятая, за яе павінна прагаласаваць ня менш за палову літоўцаў, якія маюць права голасу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што кандыдаты на прэзыдэнта Літвы казалі на дэбатах пра дачыненьні зь Беларусьсю