Эўразійская інтэграцыя як калідор для кантрабанды

Паседжаньне Найвышэйшай эўразійскай эканамічнай рады ў Маскве, Расея. 8 траўня 2024 году

8 траўня ў Маскве адбылося пасяджэньне Найвышэйшай эўразійскай эканамічнай рады. Гэты саміт юбілейны. Дамова аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) была падпісаная 10 гадоў таму.

Сьцісла:

  • Расея дамаглася правядзеньня гэтага саміту менавіта ў Маскве.
  • Сьвяткаваньне юбілею не прадугледжвае засяроджваньня на праблемах.
  • Вайна Расеі супраць Украіны ў некаторай ступені надала існаваньню ЭАЭС новыя сэнсы.
  • Жорсткія эканамічныя санкцыі, уведзеныя Захадам супраць Расеі, стварылі новую функцыю ЭАЭС. Іншыя краіны-чальцы гэтага Эўразійскага саюзу сталі зручнай транзытнай пляцоўкай для паставак у РФ падсанкцыйных тавараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка настойвае на стварэньні ў межах ЭАЭС адзінага рынку энэргарэсурсаў

Месца правядзеньня юбілейнага саміту стала прадметам дыскусій. Год таму на аналягічнай сустрэчы прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў прапанаваў сабрацца ў 10-ю гадавіну на казахстанскай зямлі.

«Сымбалічна было б правесьці юбілейнае пасяджэньне ў Астане, паколькі дамова аб стварэньні Эўразійскага саюзу была падпісаная менавіта ў сталіцы Казахстану», — сказаў Такаеў.

Другі момант. У 2024 годзе ў ЭАЭС старшынюе Армэнія. А паводле традыцыі саміты гэтага саюзу праводзяцца ў сталіцы той краіны, якая выконвае функцыю старшыні. Таму згодна з працэдурай сустрэча лідэраў павінна была б прайсьці ў Ерэване.

Аднак Расея дамаглася правядзеньня гэтага саміту менавіта ў Маскве. Бо тут існуе патройны сымбалізм.

Па-першае, усім вядома, што ініцыятарам і галоўным архітэктарам ЭАЭС быў Крэмль. Безь ягоных ініцыятываў, ціску, заахвочваньня эканамічна склеіць постсавецкую прастору не атрымалася б. Таму лягічна і 10-гадовы юбілей сьвяткаваць менавіта ў Маскве.

Па-другое, саміт адбыўся на другі дзень пасьля чарговай інаўгурацыі Ўладзіміра Пуціна. Гэта такі своеасаблівы падарунак расейскаму ўладару.

Па-трэцяе, саміт прызначаны на 8 траўня, напярэдадні Дня Перамогі. Гэта добрая падстава, каб лідэрам постсавецкіх краін затрымацца на дзень і 9 траўня прысутнічаць на парадзе на Краснай плошчы. Што цяпер, калі Расея апынулася ў пэўнай міжнароднай ізаляцыі, для Пуціна надзвычай важна. Для гасьцей гэтая сытуацыя трохі няёмкая і дыскамфортная. Бо гэта ж можна разглядаць як ускосную падтрымку Расеі ў вайне супраць Украіны. І каб сытуацыю зьмікшаваць, саміт ЭАЭС правялі напярэдадні. Маўляў, прыехалі ж не на парад, на эканамічны форум, а гаспадар папрасіў на суткі затрымацца, і ніякавата было адмаўляцца.

Што ўласна да саміту, то сьвяткаваньне юбілею не прадугледжвае засяроджваньня на праблемах. Хоць Лукашэнка папракаў партнэраў за «нацыянальны пратэкцыянізм» пры дзяржзакупках і абураўся, што тыя ўжо некалькі гадоў ня могуць дамагчыся прызнаньня ў ЭАЭС электроннага лічбавага подпісу. А ўвогуле шмат гаварылі пра важнасьць інтэграцыі постсавецкай прасторы, заклікалі да паглыбленьня эканамічных сувязяў. Уласна саміт (то бок сустрэча лідэраў у вузкім коле) прайшоў цягам гадзіны. Што сьведчыць пра яго фармальны характар. Потым пачалося паседжаньне ў пашыраным складзе, з удзелам гасьцей, то бок лідэраў краін-назіральнікаў (Узбэкістану і Кубы).

Вайна Расеі супраць Украіны ў некаторай ступені надала новыя сэнсы існаваньню ЭАЭС. Найперш для Расеі, якая абвясьціла гістарычны паход супраць Захаду, імкнецца ўмацаваць старыя і стварыць новыя міжнародныя арганізацыі і інстытуты, альтэрнатыўныя «англасаксонскаму сьвету», важна чапляцца за любыя структуры: ЭАЭС, АДКБ, СНД, ШАС, БРІКС і інш. Праўда, з альтэрнатывай выходзіць ня вельмі. Незаходнія інстытуцыі зусім не імкнуцца ператварацца ў антызаходнія. Але на бязрыб’і і рак (ЭАЭС) рыба.

Іншая акалічнасьць. Жорсткія эканамічныя санкцыі, уведзеныя Захадам супраць Расеі, стварылі новую функцыю ЭАЭС. Іншыя краіны-чальцы гэтага Эўразійскага саюзу сталі зручнай транзытнай пляцоўкай для паставак у РФ падсанкцыйных тавараў. Адсутнасьць паўнавартасных межаў паміж сябрамі ЭАЭС ператварыла іх у эфэктыўны калідор для кантрабанды. Хоць на афіцыйным узроўні гэтыя краіны і адмаўляюць удзел у незаконным імпарце ў Расею, аднак рост аб’ёмаў гандлю падсанкцыйнымі таварамі ў дзясяткі разоў выдае іх з галавой. І пакуль пагрозы другасных санкцый ад ЗША ня надта іх палохаюць. «It’s not personal. Itʼs just business».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване заявілі, што сустрэча ў фармаце Армэнія — ЗША — Эўразьвяз не накіраваная супраць ЭАЭС
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія адмовілася ад складак у бюджэт АДКБ