Аляксандар Лукашэнка заявіў аб неабходнасьці стварэньня ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) агульнага рынку прыроднага газу і нафтапрадуктаў.
«Нам трэба дамовіцца наконт энэргетычных пытаньняў, каб былі роўныя магчымасьці ў дзяржаў. Патрэбны адзіныя рынкі газу, нафты. Агульны рынак варта ствараць. Гэтага мы ніяк не пазьбегнем. Вы бачыце, як сытуацыя складаецца вакол, і самі абставіны падштурхоўваюць нас да больш цеснай супрацы ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу, у нас у самім саюзе эканамічным існуе шэраг праблем, над якімі патрэбна сур’ёзна працаваць», — сказаў Лукашэнка ў часе сустрэчы са старшынёй калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжанам Сагінтаевым.
Аляксандар Лукашэнка даўно настойвае на стварэньні адзінага рынку энэргарэсурсаў з Расеяй, але ў Маскве яго не падтрымалі.
Апроч таго, Лукашэнка адзначыў, што ЭАЭС мае пераймаць досьвед «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.
«Мы зацікаўленыя разам з Расеяй, каб ЭАЭС больш пераймаў досьвед у саюзнай дзяржавы — тое, што прымальна для ЭАЭС», — сказаў Лукашэнка.
Краіны ЭАЭС вядуць перамовы аб стварэньні адзінага рынку энэргарэсурсаў з 2021 году. Агульны рынак газу, нафты і нафтапрадуктаў плянавалі запусьціць з 2025 году.