Томаш Шмыт, судзьдзя 2-га аддзяленьня ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы, 6 траўня выступіў у прэс-цэнтры беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА. На брыфінгу ён падпісаў заяву аб адстаўцы, паведаміла дзяржаўнае агенцтва. Таксама ён сказаў, што папрасіў абароны ў беларускіх уладаў, і выказаўся ў падтрымку палітыкі афіцыйнага Менску.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што заяву Томаша Шмыта «ўважліва разгледзяць у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам».
У сваім тэлеграм-канале, створаным 6 траўня, Шмыт заявіў пра матывы свайго ўчынку:
«З прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў вымушана пакінуў родную краіну і цяпер знаходжуся ў Беларусі. Зазнаў перасьлед і пагрозы за самастойную палітычную пазыцыю. Я заяўляю пра свой пратэст уладам Польшчы, якія пад уплывам ЗША і Вялікай Брытаніі вядуць краіну да вайны. Народ Польшчы выступае за мір і добрасуседзкія адносіны зь Беларусьсю і Расеяй. Менавіта таму я знаходжуся ў Менску і гатовы расказаць праўду».
Пазьней кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі пракамэнтаваў сытуацыю на прэс-брыфінгу:
«Я ў шоку. У нас ужо быў здраднік; здаецца, што гэта падобны выпадак», — заявіў Радослаў Сікорскі.
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ня ведае падрабязнасьцяў справы.
Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы паведаміла пра пачатак «праверкі аб’ёму сакрэтнай інфармацыі», да якой судзьдзя Шмыт меў доступ у сувязі са сваёй функцыяй і справамі, якія ён вёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Судзьдзя Шмыт, які зьбег у Беларусь, меў доступ да сакрэтнай інфармацыі, — польскі журналістВаяводзкі адміністрацыйны суд Варшавы ў адмысловай заяве паведаміў, што Шмыт знаходзіцца ў адпачынку з 22 красавіка па 10 траўня.
«У сувязі з паведамленьнямі ў СМІ аб судзьдзі Ваяводзкага адміністрацыйнага суда ў Варшаве Томаша Шмыта, якія зьявіліся сёньня, інфармую, што судзьдзя Томаш Шмыт з 22 красавіка па 10 траўня 2024 году знаходзіцца ў адпачынку. Да гэтага часу старшыня Ваяводзкага адміністрацыйнага суду ў Варшаве не атрымаў ад судзьдзі інфармацыі аб адстаўцы з пасады», — гаворыцца ў заяве за подпісам прэс-сакратаркі суда Малгажаты Ярэцкай.
Што вядома пра Томаша Шмыта
Томаш Шмыт раней займаў розныя пасады ў судовай сыстэме і органах юстыцыі Польшчы. Быў кіраўніком юрыдычнага аддзелу ў Нацыянальнай радзе судзьдзяў Польшчы.
Ён быў у цэнтры вялікага палітычнага скандалу ў Польшчы. Разам зь іншымі судзьдзямі, ляяльнымі папярэдняй уладзе, Шмыт арганізаваў групу, што зьбірала кампрамат на іншых судзьдзяў, якія крытыкавалі ўладу.
Былая жонка Шмыта асабіста хэйціла судзьдзяў пад ананімным нікам «Mała Emi», выкарыстоўваючы сакрэтныя матэрыялы ад тагачаснага мужа і іншых судзьдзяў. Сам Шмыт у гэтым прызнаўся і выказваў шкадаваньне.
Эмілія Шмыт была фігуранткай гучнай у Польшчы «хэйтавай афэры», у рамках якой яна прадставіла СМІ прыватную перапіску журналістаў і судзьдзяў з мэтай іх дыскрэдытацыі.
Паводле зьвестак Onet, у рамках «хэйтавай афэры» ў WhatsApp была нібыта створана закрытая група пад назвай «Каста», у якой абменьваліся думкамі пра тое, як ачарніць асобных судзьдзяў. Як паведамлялі СМІ, у яе ўвайшоў, сярод іншых, і Томаш Шмыт.
У выніку старшыня ваяводзкага адміністрацыйнага суду пастанавіў «неадкладна спыніць выкананьне службовых абавязкаў судзьдзі Шмыта». Шэраг судзьдзяў, якія фігуравалі ў афэры, у тым ліку Томаш Шмыт, заявілі, што будуць падаваць грамадзянскія пазовы і прыватныя абвінаваўчыя акты ў суды. На іх думку, рашэньне прымалася толькі на падставе паведамленьняў СМІ, а ўся справа выглядала як змова з мэтай зьнішчыць рэпутацыю Шмыта.
Празь некаторы час судзьдзю Шмыта аднавілі на пасадзе.
Расьсьледаваньнем «хэйтавай афэры» зараз будзе займацца рэгіянальная пракуратура ва Ўроцлаве, піша выданьне OKO.press са спасылкай на прэс-сакратарку ведамства. Дагэтуль сьледзтва ў гэтай справе вяла Сьвідніцкая акруговая пракуратура.
Пракуратура ў Сьвідніцы хацела завесьці крымінальную справу супраць Эміліі Шмыт. Ёй зьбіраліся выставіць абвінавачаньне 21 сакавіка 2024 году. Гэтага не адбылося, таму што матэрыялы пераняла рэгіянальная пракуратура ва Ўроцлаве, якая і прыме рашэньні. Паводле OKO.press, гэты крок мае паскорыць расьсьледаваньне «хэйтавай афэры».
Як піша Gazeta Wyborcza, Томаша Шмыта дагэтуль не дапыталі ў справе. Пасьля допыту яму павінны былі б выставіць абвінавачаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні зьявіўся праезд імя польскага дэзэртыра Чэчкі, які папрасіў у Беларусі прытулку, а потым загінуў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі свабода слова». Што вядома пра паляка, які, як Эміль Чэчка, папрасіў прытулку ў Беларусі